Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад: разарваць заслону адчужэння ў адносінах да людзей з рэдкімі захворваннямі
Рымская курыя
27.02.2016 15:50

Разарваць заслону маўчання і адчужэння ў адносінах да людзей, якія пакутуюць ад рэдкіх захворванняў, і больш інтэграваць іх у грамадства заклікаў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. 29 лютага ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень рэдкіх хвароб. З гэтай нагоды іерарх скіраваў адмысловае пасланне.

Арцыбіскуп нагадаў, што Сусветны дзень рэдкіх хвароб накіраваны на інфармаванне аб такіх хваробах і іх наступствах для саміх хворых, іх сем’яў і грамадства. Гэтыя асобы не могуць ігнаравацца толькі таму, што іх хвароба выступае ў свеце вельмі рэдка; тут патрэбны адпаведныя меры ў галіне даследаванняў і лячэння, адзначыў іерарх.

Гаворка ідзе, з аднаго боку, пра большую грамадскую і прафесійную актыўнасць такіх людзей, а з другога – пра павышэнне ўвагі кампетэнтных органаў, спецыялістаў у галіне аховы здароўя, даследчыкаў, прадстаўнікоў фармацэўтычнай прамысловасці да людзей з рэдкімі захворваннямі, адзначыў арцыбіскуп.

Старшыня Папскай рады спаслаўся на пазіцыю Папы Францішка адносна хворых. Пантыфік пастаянна заклікае да салідарнасці з пакутамі гэтых людзей і да эфектыўных мер іх падтрымкі. Прычым этыка салідарнасці не можа быць зведзена толькі да неабходных функцый сацыяльных інстытутаў. Любоў, якая зыходзіць ад унутранага стаўлення спагады, што перакладаецца на канкрэтныя жэсты і выразы блізкасці і клопату, можа даць паўнату жыцця ў адносінах з іншымі людзьмі, напісаў іерарх.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што, калі гаворка ідзе пра рэдкія хваробы, тут чалавецтва мае справу са складанымі пытаннямі, якія павінны разглядацца ў больш шырокім кантэксце з удзелам асобных устаноў і спецыялістаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.