Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння пра адносіны з Папам
Рымская курыя
02.03.2016 12:15

«Казкамі» назваў кардынал Герхард Людвіг Мюлер меркаванні, што ў яго няма добрых адносін з Папам. У інтэрв’ю нямецкай газеце «Kölner Stadt-Anzeiger» прэфект Кангрэгацыі Веравучэння сказаў, што Папа Францішак не з’яўляецца прадстаўніком тэaлогіі вызвалення; Пантыфік, перш за ўсё, пастыр.

Гаворачы аб праграме ватыканскіх рэформ адзін з кіраўнікоў Рымскай курыі адзначыў, што гэта не нейкая рэвалюцыйная навінка, але працяг лініі папярэднікаў Папы Францішка.

«Асаблівай з’яўляецца яго харызма, з якой ён здольны ламаць блакады і цвёрдыя пазіцыі», — адзначыў кардынал і дадаў: «Гэта проста геніяльна». Сваю ролю побач з Пантыфікам іерарх акрэсліў як «тэалагічную карэкцыю харызматычных парываў Папы».

Кардынал Мюлер выключыў магчымасць допуску разведзеных, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, да святой Камуніі. Прэфект кангрэгацыі падкрэсліў, што гэтага не дазваляюць словы самога Езуса і іх каталіцкая інтэрпрэтацыя, што не дапускае прызнання другога сужэнства або другога партнёра ў сітуацыі, калі сужэнец яшчэ жывы.

Ватыканскі іерарх выказаў разуменне заклапочанасці Папы адносна людзей, якія жывуць ва ўмовах неўрэгуляваных сужэнскіх адносін і па гэтай прычыне могуць аддаліцца ад Касцёла. Кардынал заклікаў гэтых асобаў знайсці «іншыя тэалагічна каштоўныя і згодныя з правам формы ўдзелу ў касцёльным жыцці». «Камунія з Богам і Касцёлам існуе не толькі праз фізічнае прыняцце святой Камуніі», — падкрэсліў прэфект кангрэгацыі.

Каментуючы меркаванне, што пры пэўных умовах можа існаваць магчымасць допуску разведзеных, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, да святой Камуніі, іерарх сказаў: «Цяпер гэта магчыма толькі тады, калі пара жыве разам, як брат і сястра, і жыве ў сексуальнай абстыненцыі. Дзякуючы Божай ласцы гэта магчыма».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.