Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўзросце 100 гадоў памёр кардынал Капавіла — былы сакратар Папы Яна ХХІІІ
Рымская курыя
27.05.2016 14:14

26 мая адышоў у вечнасць кардынал Лорыс Франчэско Капавіла — адзін з найстарэйшых каталіцкіх іерархаў у свеце і былы асабісты сакратар Папы Яна XXIII.

Іерарх памёр у клініцы імя бл. Луіджы Палацола ў Бергама ва ўзросце 100 гадоў.

У спачувальнай тэлеграме Папа Францішак падкрэсліў, што «на працягу доўгага і плённага зямнога жыцця» кардынал Капавіла «з радасцю абвяшчаў Евангелле і пакорліва служыў Каталіцкаму Касцёлу», быў пастырам, які клапаціўся пра святароў і ўсіх вернікаў.

Франчэско Капавіла нарадзіўся 14 кастрычніка 1915 г. на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1940 г. Здзяйсняў капеланскае служэнне ў выпраўленчых структурах для непаўналетніх. У час Другой сусветнай вайны нёс служэнне ў вайсковай авіяцыі.

Меў блізкія стасункі са светам каталіцкай камунікацыі: быў прапаведнікам на «Radio Venezia», кіраўніком дыяцэзіяльнага штотыднёвіка «La Voce di San Marco» і рэдактарам венецыянскай старонкі газеты «Avvenire d’Italia».


На працягу дзесяці гадоў з’яўляўся асабістым сакратаром Папы Яна ХХІІІ, пачаўшы гэтае служэнне, калі кардынал Анджэло Джузэпэ Ранкалі быў яшчэ Патрыярхам Венецыі.

У 1967 г. прыняў біскупскую сакру з рук Паўла VI. Быў арцыбіскупам дыяцэзіі Кьеці-Васта і Папскім дэлегатам ў санктуарыі Маці Божай Ларэтанскай.

З 1988 г. іерарх знаходзіўся на пенсіі і займаўся публіцыстычнай дзейнасцю. Напісаў некалькі кніг пра св. Яна ХХІІІ. 22 лютага 2014 г. з рук Папы Францішка атрымаў кардынальскую годнасць.

Пасля смерці італьянскага іерарха Калегія кардыналаў складаецца з 213 кардыналаў, з якіх 114 маюць права голасу на магчымым канклаве.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.