Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад нагадаў пра важнасць прафесіі марака
Рымская курыя
04.07.2016 15:11

У другую нядзелю ліпеня Каталіцкі Касцёл адзначае так званую Марскую нядзелю. Папская рада пастырства мігрантаў і падарожнікаў штогод публікуе да гэтага дня спецыяльнае пасланне.

Сёлета ў ім у чарговы раз падкрэсліваецца, што Касцёл памятае пра «людзей мора» і змагаецца за іх правы.

«Седзячы зручна на канапе ў нашай гасцёўні, цяжка зразумець, наколькі наша штодзённае жыццё залежыць ад марской прамысловасці і мора», — гэтымі словамі пачынаецца пасланне ватыканскай дыкастэрыі. Аўтары просяць не забывацца, што большая частка рэчаў і прадуктаў, якімі людзі карыстаюцца, была перавезена на судах. «Без марскога гандлю імпарт і экспарт тавараў і гатовай прадукцыі не быў бы магчымым», як і адпачынак сучаснага чалавека, гаворыцца ў дакуменце.

У пасланні нагадваецца, што амаль 1 200 000 маракоў усіх нацыянальнасцяў на борце 50 000 гандлёвых судоў перавозяць амаль 90% усіх відаў грузаў. Адзначаецца, што пад пастаяннай пагрозай знаходзіцца жыццё гэтых людзей: тут і сілы прыроды, і пірацтва; іх псіхалагічнаму дабрабыту пагражае доўгае знаходжанне па-за берагам; іх сямейнае жыццё знаходзіцца ў небяспецы, паколькі яны не бачацца са сваімі роднымі на працягу многіх месяцаў і часта некалькіх гадоў; годнасць маракоў знаходзіцца пад пагрозай, калі яны працуюць больш прызначаных гадзін, а іх заработная плата затрымліваецца на працягу месяцаў.

Папская рада заклікала капеланаў і валанцёраў апостальства мора быць голасам тых работнікаў марской сферы, якія жывуць далёка ад сваіх блізкіх і сутыкаюцца з небяспечнымі і цяжкімі сітуацыямі. Дыкастэрыя заклікала таксама ўрады краін і марскія ўлады забяспечыць маракам доступ да берагавых сродкаў і паслуг для захавання здароўя і дабрабыту.

Аўтары паслання нагадалі ўсім хрысціянскім супольнасцям пра важнасць прафесіі марака і суднаходнай галіны для жыцця. Яны заклікалі біскупаў «марскіх дыяцэзій» да стварэння і падтрымкі апостальства мора.

Марское душпастырства было арганізавана невялікай групай людзей у Глазга ў Вялікабрытаніі 3 кастрычніка 1920 г., каб духоўна і матэрыяльна дапамагчы католікам, якія працуюць на моры. Марская нядзеля святкуецца з 1975 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.