Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох
хацеў бы паглыблення дыялогу з лютэранамі ў сувязі з розным пунктам
гледжання ў пытаннях біяэтыкi. Сярод тэм, у якіх выявіліся «новыя адрозненні», іерарх згадаў абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама сям’ю, сужэнства і сексуальнасць, у першую чаргу ў кантэксце дыскусіі аб гендэрнай ідэалогіі.
«Калі хрысціянскія Цэрквы Еўропы не могуць гаварыць адным голасам у цэнтральных пытаннях жыцця, гэта робіць хрысціянскі голас больш і больш слабым», — сказаў кардынал Кох у інтэрв’ю для сеткі аўстрыйскіх дыяцэзіяльных газет.
У апошнія гады пытанні веры былі больш паглыблены ў экуменічным дыялогу, але ў галіне этыкі з’явіліся новыя адрозненні, адзначыў ватыканскі іерарх. Па словах кардынала, у тэалогіі, вядома, да гэтага часу застаюцца «будаўнічыя пляцоўкі», такія, як канцэпцыя Касцёла або Эўхарыстыя. На думку старшыні Папскай рады, тут была б патрэбна сумесная дэкларацыя, аналагічная падпісанай у 1999 г. на тэму вучэння аб апраўданні.
Ва ўсіх абмеркаваннях, адзначыў іерарх, трэба асцерагацца, каб «тэалагічны дыялог не прыняў форму, калі ўзнікае пачуццё акадэмічнай сафістыкі». Тут ужо ёсць станоўчыя змены, але ўсё ж недастатковыя, сказаў кардынал Кох і дадаў, што тэалагічная сумяшчальнасць будзе плённай толькі тады, калі будзе прынята і касцёльнымі ўладамі, і вернікамі, таму што менавіта гэтага патрабуе кожны кансенсус у экуменізме.
Акрамя таго, іерарх развеяў спекуляцыі аб магчымасці візіту Папы ў Германію з нагоды юбілею Рэфармацыі ў 2017 г. і нагадаў, што згодна з Сусветнай лютэранскай федэрацыяй было прынята рашэнне аб падарожжы Пантыфіка ў канцы кастрычніка на юбілейныя мерапрыемствы ў Швецыю.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|