Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад заклікае аб’яднаць патэнцыял веры і спорту
Рымская курыя
14.07.2016 17:33

Вывучэнне спосабаў спалучэння веры і спорту для паляпшэння чалавечага жыцця стане галоўнай мэтай першай міжнароднай міжрэлігійнай канферэнцыі, ініцыятарам якой выступіла Папская рада па культуры.

Форум пройдзе 5-7 кастрычніка ў Ватыкане.

«Кінь выклік гульні жыцця, як гэта робіцца ў спартыўнай гульні» — так гучыць тэма канферэнцыі, натхнёная словамі Папы Францішка. Плануецца, што ўдзел у сустрэчы прымуць каля 150 чалавек — рэлігійныя і спартыўныя лідары з розных краін.

«Гэта будзе першае ў Ватыкане пасяджэнне на вышэйшым узроўні на тэму спорту і веры. Аднак гаворка не ідзе аб ізаляванай падзеі, бо ідэя заключаецца ў стварэнні глабальнага руху, які злучыць усіх, незалежна ад веравызнання, культуры ці геаграфіі», — патлумачыў намеснік сакратара Папскай рады па культуры кс. прэлат Мельхор Санчас-дэ-Тока-і-Аламеда.

Уключэнне, далучэнне, натхненне — гэтыя паняцці, па словах прадстаўніка Ватыкана, будуць вызначаць тэматычныя сферы канферэнцыі. «Мы паспрабуем зразумець, як вера і спорт могуць разам спрыяць будаўніцтву інклюзіўнага грамадства, абуджаць у людзях грамадзянскую свядомасць і жаданне працаваць на карысць грамадства, рабіць жыццё больш здаровым, цэласным і дасканалым, каб тым самым супрацьстаяць вялікім выклікам чалавецтва», — дадаў кс. Аламеда.

Сумежнай тэмай канферэнцыі стане асоба трэнера, які для спартсменаў з’яўляецца сапраўдным настаўнікам. Асобная ўвага будзе ўдзелена годнаму выхаванню маладога пакалення. Намеснік сакратара Папскай рады па культуры выказаў меркаванне, што і рэлігія, і спорт з’яўляюцца рухавікамі грамадства і здольныя вучыць станоўчым каштоўнасцям.

Адным з партнёраў канферэнцыі выступае найбуйнейшая нямецкая страхавая карпарацыя «Allianz». Яе прадстаўнік Олівер Баэтэ назваў вялікім гонарам магчымасць супрацоўнічаць са Святым Пасадам, тым больш, што ідэя мерапрыемства адпавядае жаданню карпарацыі «падтрымліваць тых, хто выбірае адважнае жыццё». «Канферэнцыя стане вуглавым камнем міжнароднага руху па будаўніцтве мастоў паміж людзьмі», — дадаў Олівер Баэтэ.

Чакаецца, што ўдзел у адкрыцці форума прымуць Папа Францішак, Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.