Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працэс уключэння лефебрыстаў у структуры Касцёла ідзе наперад
Рымская курыя
11.08.2016 16:27

Працэс уключэння Святарскага Брацтва св. Пія X у структуры Каталіцкага Касцёла ідзе наперад, і Папа Францішак прапануе яму статус персанальнай прэлатуры, як у выпадку «Opus Dei». Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку «Die Zeit» арцыбіскуп Гвідо Поцца, сакратар Папскай камісіі «Ecclesia Dei», якая вядзе дыялог з лефебрыстамі.

Іерарх патлумачыў, што поўная інтэграцыя Брацтва магчыма без папярэдняга прыняцця імі навучання, змешчанага ў некаторых дакументах Другога Ватыканскага Сабору, якія яны ставяць пад пытанне: дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra Aetate», дэкрэту пра экуменізм «Unitatis redintegratio», дэкларацыі пра рэлігійную свабоду «Dignitatis Humanae» і іншых тэкстаў пра ўзаемасувязь паміж хрысціянствам і сучасным светам.

Арцыбіскуп Гвідо Поцца заўважыў, што Сабор быў не «пастырскім супердагматам», а «часткай паўнаты традыцыі і бесперапыннага настаўніцкага навучання» Касцёла. Іерарх дадаў, што некаторыя з саборных тэкстаў не носяць дактрынальнага характару і, такім чынам, не з’яўляюцца абавязковымі ў сумленні.

Сакратар Папскай камісіі падкрэсліў, што абавязковым для прыняцця з’яўляецца «пацвярджэнне вызнання веры, сакрамэнты і прызнанне папскага прымату». Кажучы пра вучэнне Другога Ватыканскага Сабору, арцыбіскуп адзначыў, што некаторыя яго элементы з’яўляюцца абавязковымі ў сумленні, напрыклад, таямніца біскупства і прызнанне яго як паўнаты сакрамэнту пасвячэння, прымат Папы і калегіі біскупаў з Папам у якасці галавы і г.д. Усё гэта з’яўляецца асновай дактрынальнай дэкларацыі, якая была прапанавана для падпісання Брацтву св. Пія X. Іерарх нагадаў, што для кожнага католіка гэта «ўмовы поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам».

Арцыбіскуп лічыць, што далейшыя абмеркаванні з Брацтвам павінны сканцэнтравацца вакол герменеўтыкі саборных дакументаў на фоне бесперапыннасці Традыцыі. Іерарх дадаў, аднак, што Традыцыя не з’яўляецца ні нечым мёртвым, ні нечым, што павінна быць адаптавана да ўсіх аспектаў сучаснай культуры.

«У гэты цяжкі момант замяшання і дэзарыентацыі, што мы перажываем сёння, задачай тых, хто жадае заставацца вернымі традыцыі Касцёла, з’яўляецца ўмацаванне хрысціянскай веры і місіі. Я спадзяюся, што Святарскае Брацтва св. Пія X пасля поўнай інтэграцыі будзе мець магчымасць унесці свой уклад у гэтае місійнае апостальства і ўмацаванне каталіцкай веры ў нашых грамадствах і ў свеце», — сказаў арцыбіскуп Гвідо Поцца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.