Кардынал Кох: адзінства Цэркваў — гэта не уніфікацыя формы, а салідарнасць |
Рымская курыя |
20.09.2016 16:30 |
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству мае надзею, што каталіцка-праваслаўны дыялог будзе ісці наперад. Кардынал Курт Кох выказвае сваё задавальненне першымі днямі пасяджэння 14-й пленарнай сесіі Міжнароднай змешанай камісіі па справах тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Пасяджэнне праходзіць у К'еці (Італія) 15-22 верасня. На думку ватыканскага іерарха, дакумент, які будзе падпісаны падчас бягучай сесіі, «можа мець вырашальнае значэнне для абедзвюх Цэркваў». Кардынал нагадаў, што ў К'еці вядзецца «вялікі дыялог» паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а яго мэта — вяртанне да адзінства. Камісія прадставіла праект дакумента пад назвай «На шляху да супольнага разумення сінадальнасці і першынства ў служэнні адзінству Касцёла». Першапачатковы тэкст з’яўвіўся падчас 13-га генеральнага сходу ў Амане (Іярданія) і дапрацоўваўся ў 2015 г. каардынацыйным камітэтам камісіі. «Вельмі важна, каб мы выпрацавалі супольнае пасланне, і я веру, што ў нас гэта атрымаецца», — дадаў кардынал Кох. «Сёння мы дыскутуем пра спосаб, якім можам дасягнуць будучага адзінства нашых Цэркваў — не на шляху ўніфікавання формы, а на шляху салідарнасці, а значыць адзінства, у якім розніцы ў супольнасці будуць чымсьці каштоўным і якое прызнае асаблівую ролю Біскупа Рыма ў служэнні ўсіх Цэркваў», — адзначыў арцыбіскуп дыяцэзіі К’еці Бруна Фортэ. У гэтай «пентархіі» патрыярхаў усіх старых Цэркваў (Рыма, Александрыі, Ерузалема, Антыёхіі і Канстанцінопаля) Рым займаў першае месца паводле важнасці, што прыняў таксама праваслаўны Усход. «Гэта пракладвае шлях не толькі для ўзаемнага прызнання духоўнага багацця абедзвюх Цэркваў, але таксама для служэння, якое зможа несці Біскуп Рыма на карысць усяго будучага аб’яднанага Касцёла і хрысціянскай супольнасці ўвогуле», — падкрэсліў арцыбіскуп Фортэ. |