Кардынал Паралін пра прычыны міграцыі |
Рымская курыя |
21.09.2016 15:28 |
«Хрысціяне — самая вялікая ў свеце рэлігійная група, якая церпіць пераслед», — адзначыў на форуме ААН ватыканскі дзяржаўны сакратар. Кардынал П’етро Паралін выступіў 20 верасня ў нью-ёркскай сядзібе ААН на сустрэчы, прысвечанай бежанцам і мігрантам. Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што галоўнай прычынай крызісу бежанцаў і мігрантаў з’яўляюцца войны і канфлікты. «Апостальская Сталіца, — адзначыў кардынал, — заахвочвае да супольнага ўдзелу ўрадаў і ўсёй міжнароднай супольнасці ў справе спынення ўсялякіх змаганняў, нянавісці і насілля, а таксама да міру і паяднання». Іерарх выказаў перакананне, што шляхам вырашэння адкрытых пытанняў, як часта падкрэслівае Папа Францішак, заўсёды павінны быць дыпламатыя і дыялог. Таксама кардынал звярнуў увагу, што ўсё часцей прычынай міграцыі становяцца пераследы на рэлігійнай глебе. Іх ахвярамі становяцца вызнаўцы розных рэлігій, аднак найчасцей гэта хрысціяне, што кажа пра «рэлігійна-этнічны чысцец», які Пантыфік назваў «формай генацыду». Выступаючы ў сядзібе ААН, ватыканскі дзяржсакратар указаў на недастатковы кантроль у сферы вытворчасці і гандлю зброяй. Акрамя гэтага, іерарх выказаўся за абарону правоў тых, хто эмігруе з прычыны беднасці і дэградацыі асяроддзя. Як падкрэсліў кардынал, такія людзі не маюць статусу бежанцаў, але таксама вельмі церпяць і часта становяцца ахвярамі гандлю людзьмі. |