Святы Пасад скіруе пасланне да кансэкраваных асобаў |
Рымская курыя |
11.10.2016 12:52 |
Узначаліць прэзентацыю кардынал Жуан Брас дзі Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, якая і з’яўляецца аўтарам ліста. У спецыяльным паведамленні дыкастэрыі гаворыцца, што «Annunciate» завяршае серыю дакументаў, у якіх гучаць разважанні над рэчаіснасцю манаскага паклікання і жыцця. Папярэднія тры называліся: «Rallegratevi» («Радуйцеся»), «Scrutate» («Вывучайце»), «Contemplate» («Сузірайце»). Іх агульным лейтматывам стала запрашэнне да разумення чаканняў, памкненняў і жаданняў сучаснага чалавека, патрэбаў яго сэрца, а таксама страхаў і прычын недаверу і абыякавасці. Трэба нагадаць, што ў Касцёле нядаўна завяршыўся Год кансэкраванага жыцця, які доўжыўся з 30 лістапада 2014 г. да 2 лютага 2016 г. Святы Айцец Францішак прыняў рашэнне аб яго правядзенні з нагоды 50-годдзя абвяшчэння саборнага дэкрэта «Perfecta caritatis». Тады і з’явілася ініцыятыва выдання чатырох спецыяльных пасланняў, адрасаваных манахам і манахіням. Ва ўсім свеце налічваецца каля 950 тыс. кансэкраваных асобаў — законных айцоў, братоў і сясцёр і тых, хто належыць да свецкіх інстытутаў і індывідуальных форм кансэкраванага жыцця. |