Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад на форуме па мікрафінансаванню
Рымская курыя
20.10.2016 11:00

Мікрафінансаванне і мікракрэдытаванне стымулююць не толькі эканоміку, але таксама сацыяльную і культурную сферы, нагадаў кардынал Пітэр Тарксан. Ватыканскі іерарх прымае ўдзел у ІІІ Еўрапейскім мікрафінансавым форуме, які праходзіць 19-21 кастрычніка ў Рыме і прысвечаны пытанням сацыяльнай рынкавай эканомікі, доступу да крэдытаў і барацьбе з беднасцю.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, адзначыў важнасць гэтай тэмы ў канктэсце існавання «культуры адчужэння і эканомікі, якая забівае». Гэтая сістэма, па словах іерарха, дзейнічае на падставе спекулятыўнай логікі, ставячы адзінай мэтай для сябе максімізацыю прыбытку ў кароткі тэрмін, не звяртаючы ўвагі на магчымыя негатыўныя наступствы для чалавека і асяроддзя.

Паводле старшыні Папскай рады «Iustitia et pax», гаворка ідзе пра эканоміку, для якой лічбы важнейшыя за людзей. Яе прычына — антрапалагічны крызіс, які перажывае свет: «адмаўленне першаснасці чалавечай асобы». Гэты крызіс нашмат больш глыбокі, чым эканамічны, перакананы кардынал.

На думку іерарха, неабходны пошук новых, больш інклюзіўных і роўнасных эканамічных мадэляў, скіраваных не на службу выбраным, але на карысць усіх людзей і грамадства. І гэта патрабуе пераходу да сацыяльнай рынкавай эканомікі, як альтэрнатывы капіталізму, пазбаўленаму правілаў і этычнасці.

Гаворка ідзе пра эканоміку, якая інвестуе ў людзей, ствараючы працоўныя месцы і спрыяючы павышэнню кваліфікацыі работнікаў. Для яе неабходна «нарматыўная палітыка» — правілы, якія ўнутры свабоднага рынку будуць гарантаваць здаровыя кампетэнцыі эканамічным актарам, а таксама паставяць межы для тых, хто валодае больш вялікімі рэсурсамі і фінансавай уладай, каб эканоміка была арыентавана на супольнае дабро.

Па словах кардынала, патрэбна сучасная сацыяльная палітыка, накіраваная на прадастаўленне ўсім магчымасцяў для ўдзелу ў эканамічным і вытворчым жыцці, і перш за ўсё тым, хто выкінуты на ўзбочыну.

Для перамогі над галоўнымі сучаснымі праблемамі беспрацоўя, няроўнасці і занядбання навакольнага асяроддзя прылады мікрафінансавання і мікракрэдытавання маюць важнейшае значэнне, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду. Іерарх адзначыў, што мікракрэдыт — гэта перш за ўсё давер да таго, каго банкі разглядаюць у якасці «неплацежаздольнага суб’екту», давер да маргіналізаваных, адрынутых грамадствам; давер да бедных і іх здольнасці арганізавацца і рабіць змены для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў.

Мікрафінансаванне і мікракрэдыты стымулююць развіццё культуры салідарнасці і субсідыярнасці, падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан. Бедныя, якія звяртаюцца да іх, атрымліваючы давер і дэманструючы здольнасць выканаць узятыя на сябе абавязкі, атрымліваюць пачуццё годнасці, нароўні з усімі іншымі грамадзянамі, дадаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.