Выдадзена ватыканская інструкцыя адносна крэмацыі і захавання праху |
Рымская курыя |
25.10.2016 13:35 |
Кангрэгацыя Веравучэння 25 кастрычніка выдала спецыяльную інструкцыю «Ad resurgendum cum Christo», якая датычыць пахавання памерлых і захавання праху ў выпадку крэмацыі. «Для таго, каб уваскрэснуць з Хрыстом, трэба памерці з Хрыстом, трэба “пакінуць цела і пасяліцца ў Пану” (2 Кар 5, 8)», — гэтай спасылкай на Першае пасланне св. Паўла да Карынцянаў пачынаецца ватыканскі дакумент. Тут узгадваецца інструкцыя «Piam et constantem» з 1963 г., у якой падкрэсліваецца, што крэмацыя сама па сабе не супярэчыць хрысціянскай рэлігіі, таму не варта адмаўляць у сакрамэнтах і пахавальных урачыстасцях тым, хто прасіў аб крэмацыі пасля смерці, пры ўмове, што гэты выбар не быў прадыктаваны воляй адмаўлення ад хрысціянскіх дагматаў, сектанцкім духам або быў зроблены пад уплывам нянавісці да каталіцкай рэлігіі і Касцёла. Гэта змена касцёльнай дысцыпліны пазней была ўведзена ў Кодэкс кананічнага права і Кодэкс канонаў Усходніх Цэркваў. Кангрэгацыя адзначае, аднак, што разам з распаўсюджваннем практыкі крэмацыі ўзніклі і новыя ідэі, які супярэчаць веры Касцёла. Менавіта таму дыкастэрыя палічыла мэтазгодным апублікаваць новую інструкцыю, каб пацвердзіць дактрынальныя і душпастырскія прычыны пераважнасці пахавання цела, а таксама выдаваць нормы для захоўвання праху ў выпадку крэмацыі. Аўтары дакумента шырока тлумачаць старажытную хрысціянскую традыцыю пахавання і нагадваюць, што Касцёл шчыра рэкамендуе, каб целы памерлых хавалі на могілках або ў святым месцы, у памяць пра смерць, пахаванне і ўваскрасенне Хрыста, у святле таямніцы, якая раскрывае хрысціянскі сэнс смерці. Таму ён не можа дазволіць няправільнае стаўленне адносна смерці, успрыманай як канчатковае знікненне асобы або яе зліццё з маці-прыродай ці сусветам, як этап у працэсе рэінкарнацыі або як канчатковае вызваленне з «турмы» цела. У выпадку, калі прычыны гігіенічнага, эканамічнага або сацыяльнага характару прыводзяць да выбару крэмацыі і гэты выбар не супярэчыць выразна выяўленай волі нябожчыка, Касцёл не бачыць дактрынальных перашкод для забароны гэтай практыкі, паколькі крэмацыя не закранае душу і не замінае Боскай усемагутнасці адносна ўваскрашэння цела. Крэмацыя не забаронена, калі яна не была абрана па прычынах, якія супярэчаць хрысціянскаму вучэнню. Пасля крэмацыі прах памерлага павінен захоўвацца ў святым месцы, гэта значыць, на могілках, у храме або ў месцы, адведзеным для гэтай мэты адпаведнымі касцёльнымі ўладамі, што дазваляе пазбегнуць магчымай сітуацыі забыцця або адсутнасці павагі, неадэкватных ці забабонных практык. Захоўванне праху ў месцы пражывання не дапускаецца. Толькі ў выпадку важных і выключных абставінаў, залежных ад мясцовых умоў культурнага або звычаёвага характару, ардынарый, у кансультацыі з Канферэнцыяй Біскупаў або Архірэйскім Сінодам Усходніх Цэркваў, можа дазволіць захоўванне праху ў месцы жыхарства. Прах, аднак, не можа быць размеркаваны паміж рознымі сямейнымі асяродкамі. Для таго, каб пазбегнуць любога роду двухсэнсоўнасці пантэістычнай, натуралістычнай або нігілістычнай прыроды, не трэба дазваляць развейваць прах у паветры, на сушы або ў вадзе, або любым іншым чынам, ці таксама выкарыстоўваць крэміраваны прах для вырабу сувеніраў, біжутэрыі ці іншых прадметаў, гаворыцца ў новай інструкцыі. Кангрэгацыя Веравучэння падкрэслівае, што калі памерлы неаднаразова патрабаваў крэмацыі і рассейвання свайго праху ў прыродзе па прычынах, якія супярэчаць хрысціянскай веры, трэба, згодна з Правам, адмовіць у правядзенні пахавання. Святы Айцец Францішак 18 сакавіка падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння кардынала Герхарда Людвіга Мюлера ўхваліў Інструкцыю, якая была прынята на чарговай сесіі кангрэгацыі 2 сакавіка 2016 г. і абавязвае з дня публікацыі. |