Кардынал Паралін: упершыню католікі і лютэране разам успамінаюць 500-годдзе Рэфармацыі |
Рымская курыя |
31.10.2016 12:58 |
Па словах кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, візіт Папы ў Швецыю — гістарычная і важная падзея, якая з’яўляецца плёнам дыялогу, што развіваўся на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў, абапіраючыся на патрабаванні Другога Ватыканскага Сабору. Мэта гэтага дыялогу, на думку кардынала П'етро Параліна, заключаецца ў пераадоленні цяжкасцяў, стварэнні даверу паміж бакамі і выяўленні, у першую чаргу, таго, што аб’ядноўвае католікаў і лютэран, а не дзеліць іх. Кардынал адзначыў, што прымірэнне, якога шукаюць бакі, павінна пайсці на карысць супольнаму сведчанню перад светам, перамяніцца ў сустрэчу, спагадлівую любоў да шматлікіх асобаў, якія ў свеце пакутуюць ад розных прычын. Гэта пасланне скіравана, у першую чаргу, да маладых вызнаўцаў абедзвюх канфесій, падкрэсліў іерарх. Сведчанне католікаў і лютэран, як сказаў Дзяржсакратар, павінна быць накіравана супраць матэрыялізму, закрытасці ў гарызонце зямных каштоўнасцяў, пазбаўленай адкрытасці на трансцэндэнтнасць, на Бога. «Католікі і лютэране пакліканы разам сведчыць — у імя супольнай веры ў Езуса Збаўцы — пра ўсю прыгажосць і радасць веры, якую маюць», — дадаў іерарх. У інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру кардынал назваў візіт Святога Айца ў Швецыю з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі гістарычнай падзеяй. Папа Францішак наведае гэту скандынаўскую краіну 31 кастрычніка – 1 лістапада. Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што раней кожнае стагоддзе Рэфармацыі адзначалася ў духу палемікі, супрацьстаяння і нават варожасці, а сёлета гэта не так. «Упершыню католікі, праз прысутнасць Папы, і лютэране разам успамінаюць 500-годдзе Рэфармацыі. Я думаю, што сапраўды можна казаць пра гістарычны момант, вяху на шляху прымірэння і супольнага пошуку адзінства паміж Цэрквамі і царкоўнымі супольнасцямі», — сказаў іерарх. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |