Арцыбіскуп Фізікелла на заканчэнне Юбілейнага Года: міласэрнасць нанова ў цэнтры жыцця Касцёла |
Рымская курыя |
21.11.2016 09:30 |
«У цэнтр жыцця Касцёла нанова была пастаўлена міласэрнасць», — так арцыбіскуп Рына Фізікелла ахарактарызаваў Год Міласэрнасці, які ў Паўсюдным Касцёле завяршыўся 20 лістапада. Як старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Фізікелла быў адказны за розныя падзеі ў кантэксце надзвычанага Юбілейнага Года, абвешчанага Папам Францішкам. «Гэты год, на маю думку, пакідае нам вялікую радасць, выкліканую тым, што нанова ў цэнтр жыцця Касцёла была пастаўлена міласэрнасць. Міласэрнасць перш за ўсё з’яўляецца крыніцай радасці. У сітуацыі такой вялікай няпэўнасці, недахопу стабільнасці, дэфіцыту ведаў пра будучыню, спакой, які сыходзіць з хрысціянскай надзеі, (...) яшчэ доўгі час будзе заставацца ў сэрцах людзей», — адзначыў арцыбіскуп Фізікелла. Найбольш значнай падзеяй Юбілейнага Года старшыня ватыканскага ведамства назваў «пятніцы міласэрнасці». У іх межах «Папа Францішак пакінуў знакі, якімі дакрануўся да новых форм убоства», — сказаў іерарх, узгадваючы, між іншым, сустрэчы Пантыфіка з хворымі ў вегетатыўным стане, з пацыентамі хоспіса. Святы Айцец, як падкрэсліў арцыбіскуп Фізікелла, сустракаўся з гэтымі людзьмі «ў культуры, якая не думае пра смерць». Гэтыя жэсты, як дадаў іерарх, «ускалыхваюць абыякавыя і прахалодныя сумленні, а з іншага боку з’яўляюцца вялікім выклікам, які датычыць кожнага з нас». |