Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкі Касцёл дапамагае перамагчы смертаносныя эпідэміі
Рымская курыя
15.12.2016 08:46

У Рыме завяршылася двухдзённая канферэнцыя, прысвечаная аналізу магчымасцяў Святога Пасаду ў барацьбе з эпідэміяй Эбола ў Заходняй Афрыцы і пандэміяй вірусу Зіка.

У ходзе форуму была вызначана прыярытэтная мэта: узмоцніць прысутнасць каталіцкіх медыцынскіх, сацыяльных, адукацыйных і пастырскіх структур у пацярпелых краінах з намерам паменшыць трагічае ўздзеянне эпідэмій на сем’і і супольнасці. Пра гэта паведаміў кардынал Пітэр Тарксан, які каардынаваў дзейнасць па распрацоўцы плана аказання дапамогі краінам, ахопленым эпідэміяй.

Распрацаваная праграма прадугледжвае тры напрамкі дзейнасці, умоўна акрэсленыя як «Ахова здароўя», «Рэакцыя супольнасці» і «Душпастырская рэакцыя».

Па словах кардынала Тарксана, Святы Пасад вырашыў не канцэнтравацца на дапамозе выключна пацярпелым ад эпідэміі Эбола, але накіроўваць сродкі на аказанне медыцынскай дапамогі ўсім, хто яе патрабуе, тым самым прадухіляючы далейшае распраўсюджванне смяротнага захворвання. Набыццё неабходных лекаў і вакцын, паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў у медыцынскіх установах, павелічэнне колькасці медыцынскіх супрацоўнікаў сталі асноўнымі накірункамі дзейнасці каталіцкіх структур у зонах высокай рызыкі.

Вялікую ролю ў барацьбе з эпідэміяй Апостальская Сталіца надае мясцовым парафіям і супольнасцям — месцам, дзе, па словах кардынала Тарксана, вернікі могуць атрымаць праўдзівую інфармацыю пра стан спраў. Таму праграма прадугледжвае фінансаванне адукацыйных праграм, якія б знаёмілі мясцовых вернікаў з санітарнымі правіламі паводзін ва ўмовах эпідэміі, а таксама набыццё здаровых прадуктаў харчавання для сем’яў, якія праходзяць адпаведнае абследаванне або лячэнне, і неабходную падтрымку дзяцей-сірот і членаў малазабяспечаных сем’яў.

Распрацаваная Святым Пасадам праграма ўключае таксама фінансавую падтрымку мясцовых дыяцэзій, манаскіх кангрэгацый і каталіцкіх арганізацый для арганізацыі адпаведнай падрыхтоўкі душпастырскіх работнікаў і духавенства, каб умелі духоўна суправаджаць сем’і, ахопленыя няшчасцем смяротнай хваробы.

Кардынал Тарксан падзякаваў Святому Айцу і шэрагу міжнародных дабрачынных каталіцкіх арганізацый, сярод якіх «Catholic Relief Services» і «Caritas Internationalis», за дапамогу ў рэалізацыі гэтай праграмы. Дзякуючы ёй Святы Пасад ужо ажыццявіў 5 праектаў у Гвінеі, 7 — у Сьера-Леонэ і 10 — у Ліберыі.

Канферэнцыя па абмеркаванні шляхоў дапамогі Каталіцкага Касцёла ў барацьбе з эпідэміяй Эбола і пандэміяй вірусу Зіка праходзіла ўпершыню. Яе арганізатарамі выступалі Пасольства ЗША пры Святым Пасадзе, Папская рада справядлівасці і супакою і Caritas Internationalis. У форуме прымалі ўдзел супрацоўнікі ватыканскіх структур, прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый і дыпмісій, члены каталіцкіх структур, медыцынскія работнікі.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.