Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскія дыпламаты прабываюць з візітамі ў Афрыцы і Азіі
Рымская курыя
30.01.2017 09:25

Два галоўныя ватыканскія дыпламаты, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы і сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі адправіліся ў падарожжы па Афрыцы і Азіі.

Кардынал Пьетра Паралін пачаў свой візіт на Чорны кантынент, які працягнецца да 4 лютага, з Мадагаскару. У гэтыя дні краіна адзначае 50-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін са Святым Пасадам. Мэта візіту кардынала Дзяржсакратара ў Рэспубліку Конга — падпісанне рамачнага пагаднення аб адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай. 11-дзённая паездка прадугледжвае таксама кароткія прыпынкі ў Найробі і Кеніі.

У сваю чаргу арцыбіскуп Пол Рычард Галахер знаходзіцца ў гэтыя дні ў Японіі. Яго 7-дзённы візіт, які працягнецца да 3 лютага, прадугледжвае сярод іншага наведанне Хірасімы. Перад сваім падарожжам сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі сказаў, што гэтае месца з’яўляецца «сімвалам вялікага канфлікту і, без сумнення, рэальнасцю, адносна якой усе мы, як чалавечыя істоты, павінны абсалютным чынам прыкласці намаганні, каб гэта больш не паўтарылася».

Іерарх выказаў надзею на плённае супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Краінай Узыходзячага Сонца ў справе пашырэння міру і раззбраення ядзерных арсеналаў. Ужо ў сакавіку 2016 г., калі міністр замежных спраў Японіі Фуміа Кішыда быў з візітам у Ватыкане, арцыбіскуп Галахер гаварыў з ім пра ўзмацненне сумесных намаганняў у гэтай галіне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.