Кардынал Тарксан на сусветны дзень барацьбы з праказай: падтрымлівайце хворых і дапамагайце аздароўленым |
Рымская курыя |
30.01.2017 09:59 |
Старшыня ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды сусветнага дня барацьбы з праказай, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня.
У пасланні ватыканскі іерарх піша пра падтрымку тых, каго кранула гэтая хвароба, і пра дапамогу асобам, аздароўленым ад праказы. Кардынал падкрэслівае, што праказа выклікае не толькі праблемы са здароўем, але і вядзе да сацыяльнай дыскрымінацыі, нават тых, хто ўжо вылечыўся ад хваробы. У гэтым кантэксце аўтар паслання заклікаў прадстаўнікоў усіх рэлігій паспрыяць спыненню стыгматызацыі церпячых на праказу. Кардынал заклікаў таксама ўрады дзяржаў да павелічэння намаганняў у справе пошуку новых лякарстваў і медыцынскіх устаноў, якія маглі б дапамагчы ў лячэнні. «З іншага боку, трэба зрабіць усё, каб забяспечыць вяртанне да нармальнага сямейнага, сацыяльнага і прафесійнага жыцця хворым пасля аздараўлення», — сцвердзіў кардынал Пітэр Тарксан. У гэтым кантэксце іерарх прывёў евангельскую гісторыю пракажонага, якога Езус не толькі аздаравіў фізічна, але і наказаў яму паказацца святарам, каб чалавек гэты цалкам вярнуўся да штодзённага жыцця ў соцыуме. «Для людзей, якія сталі ахвярамі праказы, а перш за ўсё разам з такімі асобамі, мы павінны зрабіць усё, каб яны маглі сустрэць прыняцце, салідарнасць і справядлівасць у сваіх супольнасцях», — заключыў старшыня ватыканскай дыкастэрыі. Каталіцкі Касцёл мае вельмі працяглую традыцыю ў лячэнні і суправаджэнні хворых на праказу. На сёння ў свеце існуе 612 цэнтраў дапамогі такім асобам. Найбольш іх у Азіі і Афрыцы — 313 і 174 адпаведна. Сярод вялікіх постацяў, якія працавалі ў гэтай сферы, варта ўзгадаць св. Ёзафа Даміяна дэ Вёстра і св. Тэрэзу з Калькуты. КАІ (VGr) |