Новыя дадзеныя абвяргаюць «чорную легенду» пра Пія ХІІ |
Рымская курыя |
08.03.2017 14:04 |
Каля дзвюх трацін з дзесяці тысяч рымскіх яўрэяў былі выратаваны дзякуючы непасрэднаму або ўскоснаму ўдзелу Пія ХІІ і Каталіцкага Касцёла. Такія дадзеныя былі агучаны падчас канферэнцыі на тэму «Пій ХІІ: канец “чорнай легенды”». Форум прайшоў у Рыме з нагоды 100-годдзя біскупскай сакры Пантыфіка, якому было вызначана кіраваць Касцёлам у гады Другой сусветнай вайны. Паводле новых навуковых даследаванняў, каля 4 тысяч рымскіх яўрэяў укрываліся ў 235 кляштарах італьянскай сталіцы, 160 — у Ватыкане і структурах з экстратэрытарыяльным статусам, а яшчэ 1,6 тысяч чалавек збавіліся дзякуючы Дэлегацыі дапамогі яўрэйскім мігрантам (DELASEM), якая таемна фінансавалася Каталіцкім Касцёлам. Падчас дэпартацыі яўрэяў рымскага гета, якая пачалася 16 кастрычніка 1943 г., 245 чалавек з 1700 былі выратаваны дзякуючы прамому ўмяшальніцтву Пія ХІІ. Да гэтага ён дапамог амаль семістам асобам пакінуць свае дамы і знайсці прытулак у каталіцкіх кляштарах. Пантыфік 198 разоў звяртаўся ў пасольства Германіі і непасрэдна да кіраўніка гестапа ў Рыме Херберта Каплера, у выніку чаго былі вызвалены 60 чалавек, адзначалася падчас канферэнцыі. Дадзеныя аб дзейнасці Пія ХІІ падчас Другой сусветнай вайны пастаянна абнаўляюцца. Усе яны абвяргаюць створаны савецкай прапагандай міф пра тое, што Пантыфік нібыта маўчаў перад абліччам нацызму і нават патураў гітлераўскаму рэжыму, нягледзячы на ўсе яго заклікі супраць гэтай ідэалогіі і ў абарону міру. Сапраўдная постаць папы Пія ХІІ вельмі адрозніваецца ад той, якую прапагандавала «чорная легенда», падкрэсліў прысутны на форуме кардынал Дамінік Мамбэрці, прэфект Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры. |