Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне кардынала Казіміра Свёнтка на Вялікдзень 2010 года
25.03.2010 16:06

Наша пасхальная вера

«Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў» (Ян 20, 8).

Першым сведкам змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста было цяжка паверыць у гэтую надзвычайную падзею.
Як пачулі мы ў сённяшнім Евангеллі, Марыя Магдалена, убачыўшы пустую грабніцу, адрэагавала на гэта так: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго» (Ян 20, 3). У яе нават не ўзнікла думкі, што Езус мог паўстаць з памерлых. Яна дапускала любую іншую магчымасць, акрамя змёртвыхпаўстання.

Падобнаю была рэакцыя і святога апостала Пятра, пра што апавядае евангеліст Лука: «Пётр жа ўстаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася» (Лк 24, 12).

Калі жанчыны-міраносіцы распавялі апосталам пра тое, як яны сустрэліся з Уваскрослым Хрыстом, «словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім» (Лк 24, 11).

Святы Мацвей завяршае сваё Евангелле апісаннем сустрэчы вучняў Езуса з іх Уваскрослым Настаўнікам: «І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся» (Мц 28, 17). А яшчэ адзін вучань, святы Тамаш, цэлых восем дзён сумняваўся і не жадаў верыць, пакуль не ўбачыць на руках Ягоных ранаў ад цвікоў і не дакранецца да іх (пар. Ян 20, 24–29).

У той жа час ізраэльскія першасвятары і старэйшыны падкупілі вартавых, якія сцераглі грабніцу Езуса, каб распусціць плётку пра тое, што вучні Хрыста выкралі Ягонае цела з магілы (пар. Мц 28, 11–15).

Толькі святы апостал Ян, як ён сам піша, увайшоўшы ў грабніцу, «убачыў і паверыў» (Ян 20, 8). Убачыў жа ён «палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы» (Ян 20, 6–7). Натуральна, што калі б хтосьці забраў цела Езуса, забраў бы Яго разам з палотнамі і хустаю, прынамсі не пакінуў бы іх акуратна складзенымі. Значыць, павінна было адбыцца штосьці зусім іншае.

Святы Ян, напэўна, прыгадаў словы Езуса, у якіх Ён сведчыў пра сваё змёртвыхпаўстанне. «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе» (Ян 2, 19), або: «Я — уваскрасенне і жыццё» (Ян 11, 25). На падставе відавочных фактаў, убачаных у пустой грабніцы, святы Ян упэўнена гаворыць пра сябе: «Убачыў і паверыў» (Ян 20, 8). Гэтая вера святога Яна ўмацавалася ў ім дзякуючы шматлікім сустрэчам з Уваскрослым Хрыстом. Нарэшце, у першым эпілогу свайго Евангелля святы апостал Ян кажа: «Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, верачы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20, 31). Такою была пасхальная вера ўмілаванага вучня Езуса святога Яна, апостала і евангеліста.

Дарагія мае вернікі Пінскай дыяцэзіі! Запытайма сябе, якою павінна быць наша пасхальная вера, гэта значыць, вера у Езуса Хрыста Уваскрослага. У які ўжо раз мы будзем удзельнічаць у велікодных урачыстасцях? Што сёння прывяло нас да грабніцы Пана, інсталяванай у касцёле? Ці толькі імкненне захаваць шматвяковую традыцыю нашых продкаў, якія на кожную Пасху ішлі ў касцёл да Езусавай грабніцы?

На жаль, для многіх з нас велікодныя абрады сталі проста штогадовымі цырымоніямі літургічнага касцёльнага года. Многія забыліся пра сапраўдны сэнс падзеяў, якія адбыліся 20 стагоддзяў таму назад у Ерузалеме. Шмат людзей абмяжоўваюцца толькі знешнімі рытуаламі, сярод якіх найбольш папулярнымі з’яўляюцца наведванне прыгожа аздобленай грабніцы Пана, а таксама асвячэнне фарбаваных яек і іншых страваў на багаты велікодны стол.

Але настаў ужо час вярнуцца да першапачатковага, належнага святкавання пасхальнай урачыстасці, аднавіць веру ў Змёртвыхпаўстанне Пана — факт, пацверджаны між іншым сведчаннем святога апостала Яна, які ў пустой грабніцы Езуса кажа: «Убачыў і паверыў» (Ян 20, 8).

Не дазволім жа падмануць сябе тым, хто хацеў бы спавіць Хрыста нябожчыцкаю плашчаніцаю і назаўжды пахаваць Яго ў магіле. Самае асноўнае, каб мы не змарнавалі сапраўднай пасхальнай радасці, якая сыходзіць з праўдзівага змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.

Насамрэч, факт уваскрасення Езуса не можа быць спасцігнуты нашым розумам, але ён даступны веры, угрунтаванай на фактах трохдзённага знаходжання Хрыста ў грабніцы, перамогі над смерцю і паўстання з магілы. Змёртвыхпаўстанне Езуса ўмацоўвае нашу хрысціянскую веру, якую нярэдка крытыкуюць тыя, хто жыве далёка ад Бога. У розных цяжкасцях, перашкодах, цярпеннях апораю нашай веры з’яўляецца Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Праўда пра ўваскрасенне Езуса Хрыста пацвярджае праўдзівасць Хрыстовага вучэння, Ягонага Дабравесця і вызначае мэту ўсяго пасланніцтва Касцёла.

Кожны, хто жадае паглыбіць сваю веру, павінен у думках выходзіць з пустой грабніцы Езуса і нанава перажываць сустрэчу з Хрыстом Уваскрослым. Умацаванне веры — гэта няспынны пошук Уваскрослага Хрыста, гэта жаданне сустрэцца з Ім.

Уваскрослы Хрыстус перамяняе зямное жыццё чалавека ў вечнае жыццё пасля смерці. Змёртвыхпаўстанне Богачалавека Хрыста стала пачаткам несмяротнасці ўсіх людзей. Велікоднае святло стала світаннем бясконцага, вечнага жыцця чалавека. Пасля змёртвыхпаўстання Хрыста чалавек можа быць упэўнены ў тым, што пасля смерці будзе жыць вечна.

Велікоднаю раніцай званы склікаюць нас у святыні, каб мы належным чынам ушанавалі Уваскрослага Езуса Хрыста. Можа і добра, што так гучна яны звоняць, каб абудзіць ад сну нашыя сумленні, каб мы нарэшце пачалі жыць па-хрысціянску ў эру Змёртвыхпаўсталага Хрыста.

У гэтыя радасныя Велікодныя святы жадаю скіраваць усім вернікам Пінскай дыяцэзіі мае самыя сардэчныя пажаданні разам з пастырскім благаслаўленнем, каб атрымалі шчодрыя ласкі ад Таго, хто сваім змёртвыхпаўстаннем умацоўвае нашую надзею на ўваскрашэнне да вечнага жыцця збаўленых у Валадарстве Нябесным. Аллелюя.

+ Кардынал Казімір Свёнтэк
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Адноўлена 25.03.2010 16:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі