Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Івана Юркавіча з Вігілійнай літургіі 2004 г.
Шаноўныя сабраты ў святарстве,
шаноўныя тэлегледачы,
шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!

Божая любоў сабрала нас сёння вечарам на ўрачыстае цэлебраванне вігілійнай літургіі перад Уваскрэсеннем Езуса Хрыста. Літургія складзена такім чынам, каб паказаць сэнс нашага шляху хрысцінскай веры. Сапраўды, яна з’яўляецца сімвалічным сведчаннем жыцця чалавека: яго пераходу з рабства да свабоды, з смерці да жыцця, з удзелу ў справах зямных да спраў нябесных. Напярэдадні Пасхі мы як бы праходзім дарогу нашага жыцця і хочам зноў убачыць яе ў святле веры, прагнучы зрабіць кожны новы дзень лепшым і паўнейшым.

Я асабліва ўдзячны Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку за атрыманую магчымасць служыць гэтую Святую Імшу, якая транслюецца на ўсю Беларусь. Для мяне, прадстаўніка Папы пры Каталіцкім Касцёле і ўрадзе Беларусі, гэта найлепшая магчымасць выступіць перад усёй краінай, каб выказаць усім маю асабістую гатоўнасць паглыбляць узаемаразуменне паміж усімі хрысціянамі і ўсімі народамі зямлі. Як вам, напэўна, вядома, у гэтыя дні кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 65-ю гадавіну святарскага пасвячэння. Ад імя ўсіх вас, тут прысутных, усіх католікаў Беларусі віншую яго яшчэ раз з гэтым значным юбілеем і ад імя Апостальскай Сталіцы хачу выказаць яму самую шчырую падзяку за яго хрысціянскае сведчанне і высакароднае святарскае служэнне.

Шаноўныя браты і сёстры ў Пану Богу!

Сённяшняя вячэрняя Літургія пачнецца з благаславення агню і праслаўлення святла. Гаворка ідзе аб вельмі простай і вельмі значнай перадпасхальнай сімволіцы. Што можа быць страшней, чым знаходзіцца ў цемры, не ведаючы, дзе мы ёсць і куды трэба ісці, згубіцца ў прасторы і ў часе, не разумеючы, чым ёсць наша сапраўднае чалавечае пакліканне і які наш лёс. Аднак з іншага боку святло нясе чалавечай душы спакой, радасць і аптымізм.

І ўсё ж гісторыя чалавечага роду, на жаль, вельмі часта пазначана перыядамі, якія можна дакладана вызначыць словамі: цемра, ноч. Дастаткова паглядзець на гісторыю ХХ стагоддзя, якое, магчыма, стала эпохай самай вялікай чалавечай роспачы. Ніколі ў гісторыі чалавецтва не было плана знішчэння веры, знішчэння духоўнай праўды, як у нядаўнія часы, якія многія з вас памятаюць. Дзякуючы Богу, сёння мы жывём у грамадстве, якое дае ўсім свабоду працягваць асабістыя пошукі і ўслаўляць Бога па асабістых перакананнях. Пра гэтую свабоду сведчыць гэтая невялікая капліца ў Серабранцы, якая з’яўляецца часовым Домам Божым у чаканні будаўніцтва сапраўданага храма, дзе годна зможа сабрацца ваша парафіяльная супольнасць. Ад імя Апостальскай Сталіцы я хацеў бы падзякаваць айцу Ігару, дабрачынцам, а таксама дзяржаўным уладам, усім, хто спрычыніўся да ўзвядзення гэтай святыні. Мы, католікі Беларусі, добра ведаем, што з’яўляемся канфесійнай меншасцю, але мы таксама ведаем, што ў Мінску ёсць яшчэ шмат нашых сабратоў, якія пакуль што не вярнуліся ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, ад якога адаліліся. Мы верым і молімся таксама за іх і спадзяемся, што зможам прапанаваць ім касцёлы і парафіі, дзе яны змогуць маліцца Богу і паклапаціцца аб сваім духоўным жыцці. Мы ўсведамляем нашу адказнасць перад імі, бо Беларусь застаецца краінай узаемаразумення і сустрэчы розных духоўных культур Еўрапейскага кантынента.

Пасха – гэта фундамент нашай веры. Уваскрэсенне Хрыстова, разам з яго ўвасабленнем і ўкрыжаваннем, з’яўляецца асновай нашай веры. Маецца на ўвазе таямнічая падзея, але рэальная, пацверджаная ў гісторыі. Езус сапраўды памёр, быў пахаваны і ўваскрос. Мы, хрысціяне, павінны прайсці той жа шлях нашага Настаўніка, таму нашае жыццё застаецца назаўсёды асвечанай верай ва Уваскрасенне.

Вядома, патрэбна вера, вера ў нябачныя рэчы, якія нейкім чынам пераўзыходзяць нашы пазнавальныя чалавечыя здольнасці. Але гэта не азначае, што яны менш сапраўдныя, чым тыя, да якіх мы можам дакрануцца сваімі рукамі. Больш таго, менавіта ў праўдах веры змешчана ўсё чалавечае. Шмат вяртаючы, мы самі здольныя аддаць жыццё за сведчанне іх праўдзівасці. І гэта ўнутраная моц веры ёсць асновай, на якую абапіраюцца нашы душы, на якую ўздзейнічае культура супольнасцяў і цэлых народаў. Сёння шмат гавораць пра спецыфічныя асаблівасці хрысціянскіх каштоўнасцяў Еўрапейскага кантынента. Гэта датычыць фундаментальных праўдаў хрысціянскага паслання, якое прынесла ў нашыя грамадствы свабоду і верацярпімасць. Многія гавораць, што гэтыя каштоўнасці былі прапанаваныя таксама і іншымі асобамі, іншых перакананняў, часта нават нерэлігійных. Ніхто не сумняваецца ў тым факце, што нашыя грамадствы сталі намнога больш складанымі і больш наладжанымі, чым у мінулым, і мы, хрысціяне, з павагай прызнаем пазітыўныя ўклады, зробленыя іншымі.

Але калі гаворыць пра вартасць каштоўнасцяў, то трэба прызнаць, што яны паходзяць з евангельскай дактрыны, з таго, што чалавек – гэта істота, якая яднае ў сябе матэрыяльны свет з духоўнай сферай, створаная па вобразе Божым, і праз гэты пошук Божага аблічча можна наблізіць сябе самога і ўсё грамадства, у якім мы жывем, да вечных праўдаў і да Бога. Пасха адкрывае кожнаму чалавеку вымярэнне вечнасці, жыццё ў святле Уваскрослага Хрыста.

Трэба добра ўсведамляць гэта і не баяцца адказваць усім, хто патрабуе доказаў нашай веры. У цяперашнім тэхналагічным грамадстве магчыма некаторыя страцілі мужнасць сведчыць аб веры. Мы не павінны баяцца! А людзям, якія хочуць пераканаць нас у тым, што чалавечае жыццё звязана толькі з матэрыяльнай сферай, мы павінны даць рашучы адказ, бо гэта абавязак усіх ахрышчаных, пакліканых сведчыць пра смерць і ўваскрэсенне Езуса «да таго часу, пакуль не прыйдзе ў славе». Недахоп гэтай духоўнай мужнасці мае вельмі адмоўныя наступствы для жыцця новых пакаленняў, якія шукаюць вечную праўду, і ў гэтым пошуку іх не падтрымліваем мы, дарослыя, і часам, яны губляюць смеласць у барацьбе супраць зла і ў выбары каштоўнасцяў.

Хрыстос Уваскрос, Бог жывы і жыццядайны, і ад яго мы чэрпаем сілы. Ён – крыніца, і ўсе мы жывем з гэтай крыніцы жыцця, ад якой жывіцца ўсё наша чалавечае існаванне. Знакам гэтай звышнатуральнай жыццёвай сілы з’яўляецца поўная прысутнасць жыццёвай энергіі, якая пераважае астатні свет. Толькі тыя, хто чэрпае з гэтых крыніцаў жыцця, маюць дастатковую энергію для новага выбару, альтэрнатыўнага таму, што прапаноў агульная культура. Яны здольныя ісці супраць звычайных накірункаў і прымаць новыя рашэнні, здольныя перамяніць свет і адкрыць яго для Бога, для вечнасці. Гэтую думку можна тлумачыць наступным чынам: час і гісторыя подобныя да рэчкі, што няспынна цячэ па сваім рэчышчы. Здаецца, што ўсё падпарадкавана яе жаданню і нішто не зможа яе затрымаць. Але, калі мы прыгледзімся, то заўважым ўнутры ракі жывых істотаў, здольных рухацца і плыць супраць цячэння. Яны лёгка рухаюцца, плывуць і выбіраюць шлях па сваім жаданні. Мы таксама, калі будзем поўныя духоўнай энергіі і веры, зможам быць сапраўднымі гаспадарамі гісторыі і культурных накірункаў. Зможам практычна змяніць правілы гульні і ісці да вытокаў ракі, да пачатку гісторыі. А як толькі мы стомімся, адразу згубім веру і рэлігійны светапогляд, станем у гістарычным цячэнні безжыццёвымі трэскамі.

Дарагія браты і сёстры! Вось вобраз пасхальнай ласкі! Вось вобраз сілы нашай веры. Таму пасхальная вігілія пачынаецца менавіта з Літургіі святла, каб паказаць паўнату святла і духоўнай жывучасці, якая зыходзіць ад Уваскрослага Пана. Пасхальная свечка будзе стаяць у касцёле напрацягу 40 дзён, каб сведчыць, што Уваскрослы Хрыстос – гэта сапраўднае святло, якое асвячае кожнага чалавека, які ёсць «учора, сёння і заўтра», пачатак і канец, Альфа і Амега чалавечай гісторыі і канчатковая будучыня ўсяго створанага.

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, на заканчэнне зноў паўторым словы пасхальнай песні: «О, сапраўды благаслаўлёная ноч, у якую злучаецца зямное з нябесным, а справы Божыя з людскімі. У гэтую ноч, поўную ласкі, прымі, святы Ойча, вечаровую ахвяру праслаўлення, якую Табе складае святы Касцёл, урачыста ахвяруючы рукамі сваіх слугаў гэтую свечку...

Няхай жа яна палымнее аж да світання, пакуль не ўзыдзе сапраўднае Сонца: Езус Хрыстус, Твой Сын Змёртвыхпаўсталы, які асвяціў род людскі сваёю яснасцю і з Табой жыве і валадарыць на векі вечныя».

Шаноўныя браты і сёстры ва Уваскрослым Пане, шаноўныя тэлегледачы! Такімі разважаннямі хачу шчыра павіншаваць усіх вас і пажадаць, каб ласка гэтай Пасхі змяніла вашае жыццё і напоўніла вашыя сэрцы радасцю. Мы, хрысціяне, пакліканыя сведчыць аб трыумфе жыцця і радасці ўваскрэсення. Гэта вынікае з абавязка, які мы атрымалі ад сённяшняга свята і які свет апраўдана чакае ад нас.

Прымем гэтае даручэнне з энтузіязмам і зробім усё, каб ласка Уваскрослага Пана магла прыйсці да ўсіх нашых сабратоў, асабліва да тых, хто пакуль застаецца ў цемры фізічнай пакуты і духоўнай роспачы.

Вышэйшай сіле было заўгодна, каб супала каталіцкае і праваслаўнае святкаванне Пасхі. Гэта азначае, што сёння ўвесь хрысціянскі народ Беларусі святкуе Уваскрэсенне Хрыстова. Гэтая шчаслівая нагода дапаможа лепш абдумаць наш абавязак у працы дзеля разумення паміж Цэрквамі-сёстрамі, дзеля адзінства ўсяго народа.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Няхай Пан Бог благаславіць усіх вас!

Адноўлена 18.07.2009 14:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі