Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана 2004 г.
«Мужы Галілейскія! Чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба?»
(гл. Дзеі Апосталаў 1, 11).

«Яны ж пайшлі і прапаведвалі Евангелле ўсюды»
(гл. Евангелле паводле Марка 16, 20)


Унебаўшэсце Пана павялічвае нашу веру.

Як у часе Велікодных святаў Уваскрэсенне Пана было для нас прычынаю для радасці, так Яго ўшэсце на неба з’яўляецца для нас новаю прычынаю для яе. Таму што мы ўшаноўваем памятку таго дня, у які Хрыстус узняў нашую слабую чалавечую натуру на трон Айца, па-над усе нябесныя войскі, па-над усе анёльскія хоры і ўсе сілы нябесныя. Такім укладам спраў Божых мы ўмацаваны і ўзмоцнены, каб яшчэ цудоўней праявілася Божая ласка, якая ўчыніла, што вера нашая не аслабла, не пахіснулася надзея і не астыла любоў, калі на нашых вачах адышоў Той, які слушна абуджаў нашую пашану.

Так, сапраўды, вялікая гэта сіла духа і прычына вялікага святла ў душах вернікаў, калі яны непахісна вераць у тое, чаго не бачылі на ўласныя вочы і іх жаданні скіраваныя да таго, чаго нельга ўбачыць. Ці маглі б зьявіцца падобныя пачуцці ў нашых сэрцах, і ці магла б вера нам прынесці апраўданне, калі б нашае збаўленне грунтавалася толькі на тым, што застаецца ў полі нашага зроку? У сакрамэнтах цяпер знаходзіцца тое, што было бачным у нашым Збавіцелі.

Наша вера становіцца больш дасканалай і моцнай, бо навучанне заняло месца бачання, а Яго аўтарытэт з таго часу прымаюць сэрцы вернікаў, асвечаныя святлом з неба. Гэтую веру, яшчэ больш павялічаную ўнебаўшэсцем Пана і ўмацаваную дарамі Духа Святога, не здолелі спалохаць ні кайданы, ні турмы, ні выгнанне, ні голад, ні агонь, ні дзікія звяры, ні таксама розныя вычурныя катаванні, якія выкарыстоўвалі жорсткія пераследвальнікі. Аж да праліцця крыві абаранялі яе па ўсім свеце не толькі мужчыны, але і жанчыны, юнакі і кволыя дзяўчаты. Гэтая вера выганяла злых духаў, аздараўляла з хваробаў, уваскрашала памерлых.

Святыя Апосталы, хоць і былі ўмацаваныя столькімі цудамі і навучаныя столькімі настаўленнямі Езуса, спалохаліся, ўбачыўшы страшэнную муку Пана, але пасля ваганняў яны прынялі праўду аб уваскрэсенні. Апосталы, аднак атрымалі карысць ад унебаўшэсця Пана, бо яны, баязлівыя да гэтага, былі напоўнены вялікай радасцю, паколькі ўглядаліся вачыма душы ў боства Хрыста, які сядзеў праваруч Айца. Яны ўжо не засяроджвалі ўвагі на чалавечым целе Хрыста, але духам зразумелі, што Той, Хто ўзышоў на неба, не пакінуў сваіх вучняў. Таму цяпер Сын Чалавечы дазволіў пазнаць Сябе больш дасканала і больш святым чынам, як Сын Божы, калі вярнуўся да хвалы велічы Айца. І таксама тады невымоўным чынам стаў нам больш блізкі як Бог, калі аддаліўся ад нас як чалавек.

З таго часу вера, больш асвечаная, пачала лепш пазнаваць роўнасць сутнасці Айца і Сына, і ўжо не патрабавала датыкання ў Хрысце таго, што цялеснае, што Яго рабіла ніжэй Айца.

Гэта цела, цяпер праслаўленае, надалей захоўвае сваю натуру, але цяпер цела Адзінароднага Сына Божага, роўнага Айцу, спасцігаецца не цялесным дотыкам рукі, як у святога Тамаша, але духоўным разуменнем веры.

У Дзеях Апосталаў напісана: «І, сказаўшы гэтае, Ён узнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх. Калі ж яны пільна ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось двое мужоў сталі перад імі ў белых вопратках і сказалі: Мужы Галілейскія! Чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як бачылі вы Яго ўзыходзячым на неба» (гл. Дз 1, 9-11).

«Чаму стаіце? – стоячы, не дасягнеце неба!» Святы Марк Евангеліст піша: «Яны ж пайшлі...». Трэба ісці, каб дайсці да неба. А ісці – гэта значыць абвяшчаць Евангелле, укараняць у сваё жыццё, у свае паводзіны сутнасць Евангелля: веру, надзею, любоў. Нагамі ступаць па зямлі, а галавою імкнуцца да неба – такая пастава чалавека па сваёй прыродзе, такой таксама павінна быць духоўная пастава чалавека па веры ў Бога.

Прыслухаемся да слоў Апостала, які гаворыць: «Шукайце Таго, што ў небе, дзе прабывае Хрыстус, які сядзіць праваруч Бога. Імкніцеся да таго, што ў небе, а не да таго, што на зямлі». Так жывучы, так паступаючы, мы дойдзем да неба, дзе зможам весяліцца і радавацца вечнаму прабыванню з Богам.

Мінск, 20 мая 2004
Адноўлена 18.07.2009 14:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі