Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова біскупа Антонія Дзям'нкі падчас Жалобнай Імшы за Святога Айца
Прапануем поўны тэкст гаміліі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям'янкі, якую ён прамовіў падчас жалобнай Імшы за Папу Яна Пўла II у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Католікі нашай краіны як і ўсяго свету смуткуюць у гэтыя дні з прычыны смерці Яна Паўла ІІ, Папы Рымскага. Ён памёр у суботу ў 21.37 па еўрапейскім часе. Сёння мы сабраліся ў катэдры: духавенства, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі іншых веравызнанняў, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў нашай краіне, свецкія католікі, – каб памаліцца за святой памяці Айца Святога Яна Паўла ІІ. Няхай добры Бог, якому ён служыў і вучыў іншых служыць Усявышняму, дасць вечны супакой у Валадарстве Божым.

У нашым народзе гавораць: «Жывыя памерлым вочы закрываюць, а памерлыя жывым вочы адкрываюць». Калі закончылася зямное жыццё 264 па ліку Пантыфіка, то многія падсумоўваюць тое, што ён зрабіў у жыцці, – і як асоба свецкая, і як святар, і як біскуп, і як кардынал Караль Вайтыла. І як Пантыфік, які займаў пасаду Святога Пятра больш за 26 гадоў, як намеснік Хрыста на зямлі, як біскуп вечнага горада Рыма.

Выказваюцца аб святой памяці Яну Паўлу ІІ розныя людзі як аб чалавеку з надзвычайнымі здольнасцямі. Гавораць, што гэта быў і навуковец, і літаратар, і філосаф, і міратворац.

Мы сёння дзякуем Богу за прыклад веры, які даў гэты вярхоўны архіпастыр. Мы гаворым, што гэта быў чалавек малітвы і глыбокай веры. Як ведаем, вера для чалавека – гэта духоўны скарб. У 1991 годзе адбылося маё першае спатканне са Святым Айцом. Гэта было ў яго прыватнай капліцы ў Ватыкане. Задоўга да святой Імшы, якую цэлебраваў Святы Айцец, раніцай ён на каленях маліўся перад табэрнакулюмам. І так, па словах блізкіх асобаў, адбывалася кожны дзень. На прыкладзе Святога Айца мы бачым, які скарб захоўваецца ў малітве і якім скарбам для веруючых з’яўляецца Эўхарыстыя. Можа, менавіта таму ён і адышоў ў той час, калі сам абвясціў Год Эўхарыстыі. Які ж скарб і якая сіла знаходзіцца ў табэрнакулюмах каталіцкіх касцёлаў! А кантэмпляцыя Хрыста, як мы пераконваемся, можа вельмі глыбока паўплываць на чалавека і зрабіць яго здольным да ўзнёслых чынаў.

Папа-славянін добра разумеў нас. Мы глыбока прынялі да сэрца яго пасланні з нагоды 1000-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі і 600-годдзя хрышчэння Літвы. Гэта таксама гісторыя і нашых земляў. Сваімі пасланнямі Пантыфік звярнуў увагу свету на нас, тых, хто тады быў так званым нямым касцёлам — у тым сэнсе, што быў пазбаўлены магчымасці свабодна вызнаваць веру і праслаўляць Бога, прапаведаваць Добрую Навіну.

Гавораць аб адышоўшым да вечнасці Папе як аб тым, хто надзвычай рупліва клапаціўся аб патрабуючых, аб тых, хто не заўсёды меў права голасу. Бедныя ў асобе Яна Паўла ІІ страцілі свайго ўпаўнаважанага, каб дамагацца сваіх правоў. У многіх дакументах і пры асабістых сустрэчах ён звяртаў увагу на бедных і заклікаў ім дапамагчы. Мы таксама ў цяжкім становішчы Касцёла неаднаразова карысталіся гэтай дапамогай. Праз пасрэдніцтва «Caritas» і іншых дабрачынных арганізацый жыхары нашай краіны атрымлівалі і атрымліваюць розную дапамогу, якую заініцыяваў Ян Павел ІІ. Гэта і дапамога індывідуальная, і дапамога шпіталям апаратурай і тэхнікай, гэта і арганізацыя рознымі хрысціянскімі супольнасцямі адпачынку і лячэння для дзяцей і моладзі з чарнобыльскай зоны ў нашай краіне і за мяжой: у Аўстрыі, Італіі, Францыі і Германіі. Папа таксама клапаціўся пра тое, каб нашыя студэнты мелі магчымасць здабываць веды за мяжой, каб мелі магчымасць атрымліваць стыпендыю. Опцыя на карысць бедных — гэты прызыў для вернікаў знаходзіцца і ў дакуменце, які ўводзіць хрысціянскі свет у новае тысячагоддзе.

Як найвышэйшы пастыр святой памяці Ян Павел ІІ не абмінаў нікога і па меры магчымасці дапамагаў. Ён быў ініцыятарам сустрэч моладзі з Папам, ён распачаў кангрэсы сем’яў, дні хворых, заклікаў да дапамогі вязням.

Мы асабліва адчулі гэта падчас святкавання Юбілею 2000-годдзя хрысціянства: Провід Божы выбраў гэтага Пантыфіка, каб увесці Касцёл у новае тысячагоддзе.

Вялікія заслугі памерлага Пантыфіка і на полі экуменічнай дзейнасці. Ён імкнуўся шчыра, каб споўнілася малітва Хрыста напярэдадні Яго мукі: «Каб усе былі адно». Ён сустракаўся з Патрыярхам Усходняй Царквы, запрашаў яго да сябе, быў прыхільнікам спатканняў моладзі, арганізаваных братамі з Тэзэ, вёў паспяховыя перамовы з пратэстанцкімі Цэрквамі. Як адзначаюць, гэта быў першы Пантыфік, які ад апостальскіх часоў пераступіў парог сінагогі. Ён умеў размаўляць з вызнаўцамі Магамета і прадстаўнікамі іншых рэлігій, як сведчаць аб гэтым сустрэчы ў Асізі, горадзе святога Францішка. Дзеля спакою ў свеце не шкадаваў сваіх сіл і намаганняў гэты Пантыфік. Штогод на дзень 1 студзеня ён высылаў пасланні. Усе памятаем яго вельмі мудрае выказванне напярэдадні аднаго сусветнага канфлікту: «Праз перамовы мы нічога не губляем, але праз ваенныя канфлікты чалавецтва можа многае страціць».

Ён спазнаў небяспеку таталітарных сістэм, у якіх жыў. Яны знішчаюць індывідуальнасць чалавека. Таму так часта Ян Павел ІІ заступаўся за зняволеных і церпячых пераслед. Але адначасова ён перасцерагаў перад свавольствам і безадказнасцю. Ён вучыў: «Свабода нам не толькі дадзена, але і зададзена», яна — нашае заданне.

Ян Павел ІІ быў ініцыятарам і новага Кодэксу Кананічнага Права і новай рэдакцыі Катэхізісу Каталіцкага Касцёла. Гэта дало магчымасць католікам глыбей зразумець у зменлівым свеце сутнасць місіі веруючага чалавека.

У галіне літургіі ён здзейсніў адпаведныя і неабходныя ўдакладненні. Па яго ініцыятыве быў апрацаваны Імшал і іншыя літургічныя кнігі. Новыя літургічныя прадпісанні далі магчымасць наладзіць больш глыбокую сувязь з Тым, Хто з’яўляецца сэнсам нашага жыцця — з Богам, з Хрыстом.

Ён выступаў у абарону ненароджаных. Гаварыў, што народ, які забівае ненароджаных, не мае будучыні.

Ян Павел ІІ выкарыстаў тэрміны «цывілізацыя жыцця» і «цывілізацыя смерці». Ён заклікаў да салідарнай дапамогі тым, хто перажывае цяжкасці. Вучыў, якімі павінны быць адпаведныя адносіны ў сям’і, грамадстве і ў чалавечай супольнасці, што павінны асноўвацца на ўзаемнай павазе, ахвярнасці для другога чалавека.

Кантэмпляцыя аблічча Хрыста і бязмежны давер Божай Маці – на гэта ўказваў нам Святы Айцец.

З надзеяй і ўпэўненасцю заклікаў вернікаў крочыць па шляху зямнога пілігрымавання гэты Пантыфік. «Не бойцеся» — гэта яго словы, яго заклік да людзей, якія сумняваліся і перажывалі цяжкасці. Бог міласэрны, таму не трэба баяцца. У Яго Міласэрнасці наш ратунак і нашая надзея. Можа, таму Бог і паклікаў яго ў сваё Валадарства менавіта напярэдадні свята Божай Міласэрнасці.

Паважаныя ў Езусе Хрысце! Мы ўдзячныя Святому Айцу за тое, што ён зрабіў для Касцёла, але таксама і для нашай краіны. Падчас яго пантыфікату наступіла рэарганізацыя дыяцэзій. У 1978 г. у нашым горадзе не было ніводнага касцёла, а колькі іх цяпер...

Нашыя юнакі не маглі трапіць у духоўную семінарыю, Касцёл быў без душпастыраў. Цяпер у нас ёсць кардынал, які не толькі асабіста ведаў Святога Айца, але і з’яўляўся яго добрым сябрам. Ксёндз кардынал Казімір казаў, што ў гэтым годзе Святы Айцец, будучы цяжка хворым, з клінікі Джэмэлі выслаў тэлеграму з нагоды імянінаў нашага кардынала з асабістымі пажаданнямі. Мы, святары, добра адчувалі апеку і клопат Святога Айца, бо яшчэ ў гэтым годзе ён са шпіталя ўсім святарам выслаў на Вялікі чацвер пастырскае пасланне, заахвочваючы нас да руплівасці.

Дзякуючы Святому Айцу на тэрыторыі нашай краіны маем тры базылікі: гэта Будслаўская базыліка, базылікі меншыя ў Пінску і ў Гродне. Маем каранаваныя абразы Маці Божай: Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Лагішынскай, Маці Божай Брэсцкай, іншыя каранацыйныя ўрачыстасці таксама чакаюць свайго часу. Усё гэта — заслугі Святога Айца. Мы бачым, колькі людзей, пілігрымаў з розных куткоў свету прыбываюць на яго пахаванне. Гэтыя малітвы патрэбны яму, бо сказана ў Святым Пісанні, што каму шмат дадзена, ад таго шмат будуць патрабаваць. Няхай гэтыя малітвы будуць для яго душы дапамогай. Калі ж яму ўжо малітвы не патрэбныя, яны пойдуць для тых душаў, якія яшчэ чакаюць збаўлення.

Вечная памяць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ўсё тое, што ён зрабіў для свету, для Касцёла, за прыклад яго веры. Вечны яму адпачынак.

Адноўлена 18.07.2009 15:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі