Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2006 года
Мінск,
Архікатэдральны касцёл
Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

13 красавіка 2006 г.

Сёння, у Вялікі Чацвер, Касцёл адзначае вялікі дзень – устанаўленне Сакрамэнту Святарства. Святарства мае непасрэдную лучнасць з асобай Езуса Хрыста. Жыццё кожнага святара – з моманту пасвячэння – неразлучна звязана з асобаю Езуса Хрыста, незалежна ад таго, якую святар мае пасаду, якія мае абавязкі. Усіх святароў з усяго свету, розных рас і народаў, можна сказаць, лучыць адно: роднасць крыві з Езусам Хрыстом, Вечным Святаром. Усе святары становяцца адной сям’ёй, у якой цэнтральнай асобай з’яўляецца Хрыстус. Гэтае адзінства лепш за ўсё паказвае канцэлебраваная Святая Імша. Галоўны цэлебрант у ёй Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар, – як і тады, калі святар адзін стаіць перад алтаром. З крыжа праз Святую Імшу няспынна выплывае Найсвяцейшая Кроў Хрыста.

Уся моц і дзейснасць таго, што робіць святар, вынікае з яго лучнасці з Езусам Хрыстом. Чым больш ён паяднаны з Хрыстом, тым больш плённая яго дзейнасць, а дзейнасць святара – гэта, перш за ўсё, праца для ратавання душ.

“Служыць Укрыжаванаму ў людскіх душах”, – сказаў Святы Павел ад Крыжа, а Ян Павлел ІІ у адгартацыі “Pastores dabo vobis” напісаў: “кожны святар пакліканы, каб у сваім духоўным жыцці рэалізаваць любоў Езуса Абранніка да Касцёла Абранніцы. Святар павінен адзначацца пастырскай любоўю…Пастырская любоў, – працягвае Вялікі Папа, - акрэслівае наш спосаб мыслення і дзеяння, нашыя адносіны да людзей, а для нас з’яўляецца тою любоўю, якая ставіць асаблівыя вымаганні. Яна з’яўляецца перш за ўсё дарам з сябе, дарам з сябе дарэшты дзеля Касцёла, па вобразу Хрыста і пры супрацоўніцтве з Ім.

Святар наследуе Хрыста ў Яго дары з Сябе і ў Яго службе”. Святар - гэта чалавек ахвяры, чалавек, які перастаў існаваць для сябе. Святар не жыве для сябе, ён поўнасцю належыць тым, каго на яго жыццёвым шляху паставіў Божы Провід. Ён гатовы заўсёды, удзень і ўначы, служыць людзям. Нават ноччу святар не павінен выключаць тэлефон. Сапраўднага святара лёгка знайсці ў канфесіянале, ён цярплівае чакае на пэнітэнта. І вернікі ведаюць аб гэтым.

Святар – гэта слуга Эўхарыстыі. Праўда, удзельнікам Святой Імшы з’яўляецца ўвесь Божы люд, які дзякуючы хросту з’яўляецца святарскім людам, людам асвечаным і святым. Аднак, каб літургічная супольнасць магла скласці Найсвяцейшую Ахвяру, на чале яе павінен быць пасвечаны біскупам святар, які ў пэўным моманце Святой Імшы скажа: “Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, …Бярыце і піце з яго ўсе, бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй”.

Кожны можа арганізаваць супольнасць, кожны можа вучыць катэхізісу, кожны можа, пры неабходнасці, ахрысціць, але дзеля гэтых 30 хвілін, якія вечныя, Бог патрабуе святара, бо толькі ён можа справаваць Святую Імшу. Сапраўды, без святара, які становіцца пры алтары “in persona Chrіsto”, каб здзейсніць перамену хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, не было б Святой Імшы.

Святар - як сцвярджае агульны ўвод да Рымскага імшалу – прадстаўляе Хрыста, “выконвае тое самае, што ўчыніў Пан і загадаў чыніць на сваю памятку”, а Эўхарыстыя “так у яго паслузе, як і ў яго духоўным жыцці займае цэнтральнае месца, таму што ў ёй заключана ўсё духоўнае дабро Касцёла, а менавіта сам Хрыстус, наша Пасха і жывы Хлеб, які праз сваё ажыўленае Цела, якое ажыўляецца Святым Духам, дае жыццё людзям, запрашаючы іх і такім чынам даводзячы да ахвяравання разам з Ім саміх сябе, свае працы і ўсе створаныя рэчы.

Святар, становячыся пры алтары, выконвае найбольш святое дзеянне. “Святое, – гаворыць Папа, - таму што ў ім прысутнічае і дзейнічае Хрыстус, Святы Бог, намашчаны Святым Духам, асвечаны Айцом, каб дабравольна аддаў і знайшоў сваё жыццё, Архіпастыр новага прымірэння”. (Ліст Папы да біскупаў “Аб Эўхарыстыі” 1980 г.)

Вельмі важным у духоўным жыцці з’яўляецца тое, як святар выконвае свае дзеянні пры алтары, як бярэ ў рукі хлеб і віно, якія ў пэўны момант перамяняюцца ў Цела і Кроў нашага Бога і Пана; важна, як святар удзяляе Святую Камунію, выконвае пурыфікацыю.

Пасля святарскіх пасвячэнняў адзін малады святар напісаў:

“Дзве рэчы дазволілі мне найбольш пераканаўча сцвердзіць, што я стаў новым чалавекам і ніколі не буду тым, кім быў перад гэтым, – улада кансэкравання Гостыі і ўлада прабачэння грахоў”.

Для святара ўмовай плённай лучнасці з Хрыстом з’яўляецца цішыня і канцэнтрацыя. Без іх святарскія дзеянні становяцца бясплённымі. Малітва святара мае асаблівае значэнне для Касцёла. ІІ Ватыканскі Сабор падкрэслівае: “Калі святар, а таксама іншыя вызначаныя Касцёлам асобы альбо вернікі разам са святаром моляцца, … выконваюць належным чынам дзівосную песню хвалы, тады гэта сапраўдны голас Абранніцы, якая прамаўляе да Умілаванага. Акрамя таго, гэта малітва, у якой Хрыстус са сваім містычным Целам – Касцёлам – звяртаецца да Айца. Усе, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконваюць заданне Касцёла і адначасова ўдзельнічаюць у найвышэйшай прывілеі Абранніцы Хрыста, таму што, аддаючы хвалу Богу, становяцца перад Божым тронам ад імя Маці Касцёла”.

Святар з’яўляецца міністрам Сакрамэнту Пакаяння. Гэтым Сакрамэнтам карыстаецца таксама і ён сам.

У Адгартацыі “Reconciliacio et paenitencia” Папа Ян Павел ІІ адзначаў: “Духоўнае і апостальскае жыццё святара, таксама як і яго свецкіх баратоў і законнікаў, узровень гэтага жыцця і яго руплівасць залежыць ад трывалага і сумленнага асабістага карыстання з Сакрамэнту Пакаяння, справавання Эўхарыстыі, і ўдзяленні іншых Сакрамэнтаў. Душпастырскі запал, адносіны да вернікаў, сяброўства з братамі, адзінства са святарамі, супрацоўніцтва з біскупам, малітоўнае жыццё, адным словам – усё святарскае жыццё церпіць, калі ў ім, з прычыны нядбайнасці недастаткова сапраўднай веры і пабожнасці, карыстання з Сакрамэнту Пакаяння”.

Канфесіянал для святароў, якія спавядаюць, з’яўляецца найлепшай школай любові. Сакрамэнт Пакаяння гаворыць ім аб тым, як Бог палюбіў кожнага чалавека, якую вялікую вартасць у Божых вачах мае кожная душа. Кожны - брат і сястра, таму што ў Сакрамэнце Пакаяння прабачаюцца яму грахі і ахвяруецца бясконцая міласэрнасць. Езус чыніць гэта не дзеля заслуг таго, хто спавядаецца, не дзеля яго дасканаласці, але з-за яго ўбогасці і слабасці.

Сакрамэнт Пакаяння, які Езус устанавіў, адкрыты і існуе для ўсіх. Тэолагі навучаюць, што кожная абсалюцыя святара дае асаблівую ласку (сакрамэнтальную ласку), якая дазваляе вытрываць у добрым, дапамагае пераадолець розныя спакусы.

У Дэкрэце ІІ Ватыканскага Сабору пра паслугу і жыццё святароў сказана: “Пастырская любоў абавязвае прасвітараў, каб, працуючы ў супольнасці, праз паслухмянасць аддавалі службе Богу і братам сваю волю, ахвотна прымаючы і выконваючы ў духу веры загады і рэкамендацыі Папы і ўласнага біскупа, а таксама іншых кіраўнікоў, аддаючы саміх сябе пры выкананні кожнага задання, якое ім даручана, нават вельмі сціплага і нязначнага” (DK 15).

Святы Аўгустын у каментарыі да слоў малітвы Панскай перасцерагае, каб свядома альбо несвядома не спрабавалі павучаць Бога, альбо схіляць Яго выканаць нашую волю. Дае параду, каб горача маліцца і прасіць Бога аб ласцы пакорнасці.

Калі гаворым “будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі”, просім Бога аб пакорнасці і аб тым, каб выконваць Яго волю так, як яе выконваюць анёлы ў небе”.

“Будзь паслухмяная, – пісаў Святы Францішак Сальскі ў “Філатэі”,- у справах цяжкіх, непрыемных і цвёрдых. Такая паслухмянасць будзе дасканалай. Перш за ўсё будзь паслухмяная і ахвотная ў любові да Бога, які з любові да нас быў паслухмяны аж да смерці на крыжы (Фп 2, 8) і які, згодна са словамі Святога Бернарда, хутчэй бы страціў жыццё, чым ухіліўся ад паслухмянасці”.

Святары сваю службу Богу і людзям выконваюць у цэлібаце. “Сярод евангельскіх парад, – зазначае ІІ Ватыканскі Сабор, – адрозніваецца асабліва каштоўны дар Божай ласкі, дадзены Богам Айцом некаторым людзям, каб менавіта ў дзявіцтве альбо ў цэлібаце непадзельным сэрцам прысвяцілі сябе толькі Богу”.

Pastores dabe vobis зазначае: “Такое поўнае значэнне дзявіцтва, якое – адмаўляючыся ад сужэнства, – паказвае рэальны сэнс з’яднання цела праз камунію і адданне сябе Езусу Хрысту і Яго Касцёлу, якое папярэджвае і абвяшчае дасканалую і канчатковую камунію і лучнасць у небе”.

У гэты дзень, які кожны святар перажывае асаблівым чынам і адчувае сябе блізка Хрыста, хачу выказаць вам усім пажаданні, узгадваючы словы Божага Слугі Яна Паўла ІІ: “Жадаю вам усім, каб, дзякуючы ласцы, маглі кожны дзень аднаўляць Божы дар, атрыманы ў абрадзе накладання рук (пар. 2 Цм 1,6), знаходзіць суцяшэнне ў глыбокім сяброўстве, якое звязвае вас з Хрыстом і злучае паміж сабою, каб маглі адчуваць радасць ад таго, што паства Хрыста ўсё больш узрастае у любові да Яго і да кожнага чалавека, адчуваць радаснае перакананне, “што Той, Хто распачаў у вас добрую справу завершыць яе да дня Езуса Хрыста”.

Адноўлена 18.07.2009 16:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі