Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Апостальскага Нунцыя Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Марціна Відавіча падчас Імшы пасхальнай вігіліі ў Паставах 2006 г.

1. «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» (Мк 16, 3). Гэтае пытанне хвалявала Марыю Магдалену, Марыю Якубаву і Саламею, якія ў першы дзень пасля суботы, раніцай, на світанні, прыйшлі да магілы Езуса (пар. Мк 16, 1–3). Гэтае пытанне стаяла перад усім чалавецтвам, прыгнечаным смерцю, якая з’яўляецца наступствам граху: граху чалавека супраць Бога.

Толькі што мы пачулі пра вялікія Божыя справы. Мы бачым, што Бог, які стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, — паводле Божага вобразу стварыў яго (Быц 1, 27) — ніколі не адступаўся ад чалавека і не пакідаў яго аднаго. Больш за тое, Бог заўсёды побач з чалавекам і заўсёды першы ідзе яго шукаць, як было і тады, пасля грэхападзення (пар. Быц 1, 8–13).

Бог робіць так, бо Ён ёсць любоў (пар. Ян 4, 16). Ён пажадаў у Хрысце падзяліць лёс чалавека, каб вызваліць яго са зла, у якім чалавек, падмануты д’яблам, апынуўся праз грэх непаслухмянасці (пар. Быц 3). З любові Бог стварыў чалавека і з любові выратаваў яго ад вечнай смерці.

2. Мы святкуем жывую і дзейсную прысутнасць Бога ў гісторыі чалавецтва. Мы ўзгадваем Яго адкупленчую справу, здзейсненую на працягу гісторыі збаўлення.

Мы святкуем урачыстасць «Яго збавеннай мукі і слаўнага змёртвыхпаўстання, (…) ушаноўваем перамогу Хрыста над адвечным ворагам і ўспамінаем таямніцу нашага адкуплення» (Рымскі Імшал, ІІ Прэфацыя пра муку Пана). Мы святкуем Вігілію благаслаўлёнай начы, «бо толькі яна была годнаю ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых» (Рымскі Імшал, Абвяшчэнне Пасхі).

Мы цэлебруем Літургію, што з’яўляецца пачаткам вялікай урачыстасці Уваскрослага Пана, які абяцаў сваім абраннікам даць «сілу звыш» (Лк 24, 49), гарантуючы ім здзяйсненне «абяцання Айца» (Лк 24, 49) — гэта значыць, дар Святога Духа (пар. Дз 2, 33).

Гэтая Літургія з’яўляецца пачаткам вялікага свята, якое будзе працягвацца цэлых пяцьдзесят дзён і завершыцца Пяцідзесятніцай — святкаваннем спаслання Святога Духа на збаўленае чалавецтва, што стала як быццам пячаткаю, якою сам Бог змацаваў справу стварэння чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства (пар. Быц 1, 27).

3. Чалавеку ўжо больш не трэба хавацца ад Бога, як гэта рабілі Адам і Ева пасля грэхападзення. Цяпер у чалавека ёсць сваё трывалае месца перад Богам, бо ён стаў сынам Божым праз веру ў Езуса Хрыста (пар. Гал 3, 26), уваскрасенне якога мы святкуем. Замест страчанага зямнога раю (пар. Быц 3, 23–24), Бог цяпер даў чалавеку само неба (пар. Лк 23, 43), каб ён заўсёды быў з Богам.

Разам з Марыяй Магдаленай, Марыяй Якубавай і Саламеяй, якія ў першы дзень пасля суботы, раніцай, на світанні, прыйшлі да магілы Езуса, усё чалавецтва са здзіўленнем і бязмежнаю радасцю слухае словы Анёла: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма. Вось месца, дзе паклалі Яго» (Mк 16, 6).

У сувязі з гэтым, апостал Павел гаворыць: «Цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. — І дадае, — Першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага» (1 Кар 15, 20. 23).

Сам Бог у Езусе Хрысце адсунуў камень з магілы чалавека (Мк 16, 3–4). Уваскрослы Пан, першынец з уваскрослых, пераконвае нас сёння, што смерць больш не павінна нас палохаць, бо Ён перамог яе назаўсёды.

4. Таксама і мы, удзельнікі сённяшняй Пасхальнай вігіліі ў Святую ноч, з найбольшаю ўвагаю і поўныя радасці пачулі гэтае слова.

Калі мы слухалі слова Божае, то ўзгадалі, што праз сакрамэнт хросту кожны з нас памёр і быў пахаваны разам з Хрыстом, а таксама разам з Ім уваскрос да новага жыцця (пар. Рым 6, 3–5).

Мы ўзгадалі пра неабходнасць усё больш аддана жыць паводле Евангелля і верна служыць Богу ў Яго Касцёле — адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім.

Мы ўзгадалі нашую каталіцкую веру, якую самі асабіста, або вуснамі нашых бацькоў і хросных, вызналі падчас уласнага хросту. Узгадалі мы і пра абяцанні, якія далі з такой урачыстай нагоды. У гэтай самай веры мы атрымалі таксама іншыя сакрамэнты, збаўчая моц якіх паходзіць менавіта з Пасхальнай таямніцы Хрыста.

5. Тую самую веру вызнавалі цэлыя пакаленні, якія жылі да нас, пачынаючы з апостальскіх часоў. Тое самае вызнанне веры будзе паўторана таксама і сёння ўвечары тут і ва ўсім свеце — паўсюль, дзе каталіцкія супольнасці збіраюцца разам на Пасхальную вігілію.

Мы вызнаем нашу веру менавіта і выключна як касцёльная супольнасць.

Тое самае зробяць таксама бацькі і хросныя дзіцяці, якое неўзабаве прыме сакрамэнт хросту, каб увайсці ў Божую сям’ю — Касцёл — і стаць спадкаемцам Бога і суспадкаемцам Хрыста (Рым 8, 17).

6.Такім чынам, гэтыя разважанні прыводзяць нас да высновы, што з уваскрасеннем Езуса Хрыста з’явілася сонца новага дня, такога жаданага людзьмі і абяцанага Богам (Быц 3, 14–15).

З гэтай нагоды, з моцнаю вераю, у якой мы былі ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, абвесцім жа адзін аднаму, што Хрыстус уваскрос, і пажадаем узаемна «Вясёлых святаў Вялікадня»!

З гэтай нагоды, з такою ж моцнаю вераю таксама і я жадаю кожнаму: вясёлых святаў Вялікадня вам і вашым сем’ям! Вясёлых святаў Вялікадня ўсім жыхарам гэтага горада і гэтага раёна! Вясёлых святаў Вялікадня ўсім жыхарам Беларусі, нашага еўрапейскага кантынента і ўсяго свету!

Хрыстус сапраўды ўваскрос, прыйдзем жа, каб пакланіцца Яму, аллелюя!

Яму, разам з Айцом і Духам Святым, няхай будзе хвала і праслаўленне цяпер і навекі.

Адноўлена 18.07.2009 16:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі