Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць Мацi Божай Шкаплернай у Мядзелі 2006 г.
1. Гісторыя ордэна кармэлітаў і шкаплера

У дзень аб’яўлення Маці Божай Шкаплернай мы сабраліся, каб праславіць Бога і паразважаць над тым, як мы павінны прыняць гэтыя аб’яўленні ў нашым асабістым жыцці. Пачатак гэтых аб’яўленняў звязаны з ордэнам кармэлітаў. Калыскай кармэлітаў з’яўляецца Гара Кармэль у Святой зямлі, дзе жыў біблейскі прарок Ілія. Ён перамог 450 ілжывых прарокаў, якія адышлі ад веры ў Адзінага Бога. Перамога прыйшла ў той момант, калі здавалася, што ілжывыя прарокі і цар, які іх падрымліваў, прывядуць абраны народ да адлучэння ад Бога. Тады Ілія, дзякуючы цудоўнаму ўмяшальніцтву Бога, перамог ілжывых прарокаў і дапамог абранаму народу вярнуцца да Адзінага Бога. Гэта яго сведчанне веры дало пачатак кармэліцкай супольнасці.

Незвычайная сувязь яднае Ілію (які жыў каля 1000 г. да нараджэння Хрыста) з Маці Божай. Калі прарок чакаў знаку ад Бога, які б пацвердзіў, што скончыцца засуш, ён убачыў невялікую хмарку. Кармэліты прызналі, што тая хмарка сімвалізавала Марыю, якая прынесла людзям крыніцу жыцця — Божага Сына. Ілія ў месцы з’яўлення хмары паставіў капліцу, якая захавалася да часоў Хрыста. Пасля Унебаўзяцця Маці Божай гэтую святыню старанна аднавілі, захаваўшы яе першапачатковы выгляд. Разбураная язычнікамі ў XIII стагоддзі, яна амаль 500 гадоў чакала адбудовы і сёння з’яўляецца самым старажытным у свеце касцёлам у гонар Багародзіцы. Першыя кармэліты пасяліліся тут у XII стагоддзі ў перыяд крыжовых войнаў у Даліне эрэмітаў на гары Кармэль, і супольнасць сваю яны аддалі ў апеку Маці Божай. Манаскі статут наказваў ім яднацца з Богам на нястомнай малітве, абмяжоўваць размовы да мінімуму, пазбягаць бяздзейнасці і адрачыся ад матэрыяльных дабротаў. Пасля захопу сарацынамі гэтых тэрыторый у 1291 г. кляштар быў спалены, частцы манахаў удалося ўцячы ў Еўропу, астатнія ж былі забіты.

Пасля адыходу са Святой зямлі, ордэн перажываў глыбокі крызіс, яму пагражаў заняпад. Тады, у ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 г., у Айлесфордзе (Англія) Маці Божая аб’явілася генеральнаму настаяцелю ордэна кармэлітаў св. Шымону Стоку, калі ён прасіў Яе аб апецы над ордэнам. Найсвяцейшая Маці паказала заклапочанаму генералу ордэна карычневае покрыва, кажучы: «Прымі, найдаражэйшы Мой сын, шкаплер твайго ордэна як знак Майго братэрства, прывілей для цябе і ўсіх кармэлітаў. Той, хто ў ім памрэ, не спазнае пякельнага агню. Вось знак збаўлення, паратунак у небяспецы, запавет супакою і вечнага абяцання».

Праз 71 год Маці Божая аб’явілася тагачаснаму Папу Яну XXII, перадаючы яму чарговае важнае пасланне. Гэта было «суботняе» абяцанне, у якім гаварылася, што асобы, якія пабожна носяць шкаплер і спаўняюць агульныя патрабаванні маральнасці, ужо ў першую суботу пасля смерці будуць забраныя з чыстца і дачакаюцца збаўлення, што пацвердзіў Папа так званай Суботняй булай. У пазнейшыя стагоддзі яшчэ некалькі Папаў (апошнім быў Пій XI у 1922 г.) пацвярджалі гэтыя прывілеі, распаўсюдзіўшы іх за межамі кармэліцкай супольнасці і ўчыніўшы ўласнасцю ўсяго Касцёла.

На заканчэнне аб’яўленняў у Фаціме, 13 кастрычніка 1917 г., Марыя аб’явілася Франсішку, Жасінце і Люсіі ў кармэліцкім хабіце, а Дзіцятка Езус, якое сядзела ў Яе на каленях, трымала ў руцэ шкаплер. Праз шмат гадоў, калі ў сястры Люсіі, ужо кармэліткі, пыталіся пра прычыны аб’яўлення Марыі са шкаплерам, яна адказала, што «Маці Божая жадае, каб мы ўсе насілі шкаплеры». Апошняе аб’яўленне ў Люрдзе адбылося таксама ў свята Маці Божай Шкаплернай, 16 ліпеня 1858 г.

 
2. Значэнне шкаплера

Слова «шкаплер» паходзіць ад лацінскага «scapulae», што азначае рукі, плечы. Шкаплер — гэта покрыва, якое складаецца з двух адрэзаў тканіны з проймай для галавы. Калі яго апранаеш, то адна частка тканіны спадае на грудзі, другая — на спіну. Шкаплер — гэта частка манаскага адзення, якая носіцца паверх хабіта, таксама і ў іншых ордэнах. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, цыстэрцыянцы, дамінікане, паўліны, бэнэдыктынцы, фэліцыянкі. Частка, якая спадае на спіну, сімвалізуе, што «цяжкасці, выпрабаванні і крыжы мы павінны насіць пад апекаю Марыі, падпарадкоўваючыся Божай волі так, як Яна гэта рабіла». Пярэдняя частка шкаплера, якая спадае на грудзі, нагадвае пра тое, што сэрца, утоенае там, павінна «біцца для Бога і бліжніх, з любові адрываючыся ад зямных прывязанасцяў і праз заступніцтва Марыі злучацца з вечнымі дабротамі».

Слуга Божы Ян Павел ІІ часта заахвочваў вернікаў практыкаваць шкаплернае набажэнства. Падчас адной з генеральных аўдыенцый ён звяртаўся да моладзі з такімі словамі: «Праз некалькі дзён мы будзем адзначаць свята Маці Божай Шкаплернай. Гэтае свята здаецца асабліва актульным. (...) Колькі ж існуе заклікаў і тытулаў Найсвяцейшай Маці! А вакол кожнага з іх канцэнтруецца ўся традыцыя, духоўнасць, літургія, можна было б сказаць — уся акрэсленая культура, акрэслены спосаб перажывання хрысціянства. Існуе столькі аспектаў, у якіх мы можам ушаноўваць Марыю. А вы, дарагая моладзь, ці вы ўжо выбралі для сябе якую-небудзь канкрэтную форму марыйнага набажэнства? Шукайце яе, калі яшчэ яе не маеце, і потым, калі адкрыеце яе, застаньцеся ёй вернымі».

Трэба сказаць, што на Беларусі ў нас ёсць сведка, жыццё якога расказвае нам пра плёны выбару пэўнай формы марыйнага набажэнства. Гэта кардынал Казімір Свёнтэк, Сведка веры. Ён належаў да Марыянскай садаліцыі. Гэта была форма яго асабістага набажэнства да Маці Божай. У адным з інтэрв’ю кардынал сказаў, што дзякуючы моцнай веры і заступніцтву Маці Божай ён змог вытрымаць тое, што з чалавечага пункту гледжання здавалася немагчымым. Асабліва ён узгадваў пераходны лагер у Оршы, дзе малітва да Маці Божай і Хрыста дапамагла яму перажыць безнадзейную сітуацыю ў выніку заражэння дызентэрыяй. Можна сказаць, што Маці Божая дапамагала яму несці «цяжкасці, выпрабаванні і крыжы пад апекаю Марыі, падпарадкоўваючыся Божай волі так, як Яна гэта рабіла». Сваю ўдзячнасць Марыі наш Сведка веры выказаў каранацыяй абразоў Маці Божай у Брэсце, Лагішыне, Будславе і Мінску. Ён жадаў, каб мы ў кожнай частцы Беларусі маглі прыходзіць да Марыі, і каб Яна дапамагала нам зносіць цяжкасці, выпрабаванні і крыжы.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у прамове перад малітвай «Анёл Панскі», калі ў кантэксце Марыйнага года ён духоўна пілігрымаваў у сусветна вядомыя марыйныя санктуарыі, у тым ліку на Гару Кармэль, сказаў, што «шкаплер з’яўляецца правадыром чулай і сыноўняй марыйнай пабожнасці, праз які ўшанавальнікі Марыі (...) выказваюць жаданне будаваць сваё жыццё па Яе прыкладзе — Маці, Апякункі, Сястры, Найчысцейшай Дзевы, — прымаючы з чыстым сэрцам Божае Слова і прысвячаючы сябе служэнню братам».

 
3. Прыклад Марыі як Маці і Апякункі павінен фармаваць сям’ю

Прыклад Марыі як Маці, Апякункі і Сястры скіроўвае нашыя думкі да сям’і. Гэта перадусім у сям’і набажэнства да Маці Божай Шкаплернай павінна даваць свае плады. Праблеме сям’і быў прысвечаны кангрэс у Валенсіі, на які прыбыў Папа Бэнэдыкт ХVІ.

Папа нагадаў, што непарыўнае сужэнства мужчыны і жанчыны з’яўляецца адзіным асяроддзем, у якім чалавек можа нарадзіцца з годнасцю. Толькі ў такой сям’і ён можа узрастаць і ўсебакова развівацца. Дзяцей трэба трактаваць як асаблівы Божы дар, бо нараджэнне кожнай чалавечай істоты гэта не выпадак або непазбежнасць, але план Божай любові.

Наша асабістае набажэнства да Маці Божай можа нам дапамагчы перадаваць веру ў сям’і. Папа нагадаў у Валенсіі пра гэта найважнейшае заданне сям’і. Ён скіраваў да сабраных такія словы: «Хрысціянская сям’я перадае веру, калі бацькі вучаць дзяцей маліцца і моляцца разам з імі (пар. Familiaris consortio, 60); калі набліжаюць іх да сакрамэнтаў і ўводзяць іх у жыццё Касцёла; калі ўсе збіраюцца, каб чытаць Біблію, асвячаючы сямейнае жыццё святлом веры і праслаўляючы Бога як Айца».

Малітва ў сям’і дапамагае дзецям і самім бацькам адкрываць знакі Божай любові ва ўсіх падзеях іх жыцця як у хвіліны шчасця, так і ў моманты крызісу. Вопыт прыняцця бацькамі і адкрыцця любові да Бога дазваляе дзецям увайсці ў камунію з іншымі людзьмі і ў Богу адкрываць мэту свайго жыцця.

Трэба выразна сказаць, што нашы намаганні па стварэнні святой сям’і, у апоры на заступніцтва і наследаванне Маці Божай, служаць сапраўднаму развіццю людзей і грамадстваў. Сям’я, абапёртая на веру, з’яўляецца «найлепшай гарантыяй запэўнівання годнасці, раўнавагі і сапраўднай свабоды чалавечай асобы», — сказаў Папа Бэнэдыкт ХVI.

 
4. Шкаплер — абавязак наследавання Маці Божай

Вернемся цяпер да нашых разважанняў, звязаных з сённяшнім святам. Давайце зададзім сабе пытанне: што з’яўляецца мэтаю шкаплернага набажэнства? Сэнс і цэнтр шкаплернага набажэнства — гэта наследаванне Маці Езуса. Не інтэнцыі, не словы, не запэўніванне і не заявы, але жыццёвая пазіцыя чалавека мае вялікае значэнне ў належным перажыванні набажэнства. Павучаючы сваіх вучняў, Езус тлумачыў ім, што не той, хто кліча «Пане, Пане!», але той, хто выконвае волю Айца, будзе мець збаўленне (пар. Лк 13, 25–29). Знойдуцца таксама і такія людзі, якія ўзгадаюць: «Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты» (13, 26). Аднак Пан ім адкажа: «Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць» (13, 27).

У нашых суадносінах з Марыяй могуць таксама ўзнікнуць сітуацыі, калі мы вымаўляем Яе імя, клічам Яе, калі Яна нам патрэбна, калі кажам, што вельмі любім Яе. Аднак калі мы больш уважліва прыгледзімся да жыцця, то нам цяжка заўважыць, што наша штодзённасць хаця б часткова адлюстроўвае той высокі стыль, у якім Яна перажывала сваё зямное жыццё.

Наследаванне Марыі ў знаку шкаплера — гэта перадусім Яе дар. Праз яго Марыя выказвае запрашэнне да ўсё больш дасканалага аддання Яе матчынаму сэрцу. Гэтае наследаванне распачынаецца з аддання сябе, паколькі ўласнымі сіламі мы нічога не можам зрабіць. Ісці ўслед за Богам, спадзеючыся толькі на ўласныя сілы, гэта значыць не атрымаць вялікага плёну. Затое адданне сябе Маці Божай адкрывае перад намі магчымасць хуткага і дзейснага руху на шляху духоўнага развіцця. У знаку шкаплера Марыя, як Маці, прыносіць незразумелую нам ласку і дапамагае дзякуючы ёй дасягнуць вялікага духоўнага дабра. Не сам факт нашэння шкаплера, але прыпадабненне да Маці Езуса ў стылі Яе паводзінаў дае чалавеку ўнутраную ўпэўненасць у шчаслівым пераходзе праз мяжу вечнасці. Успрыманне шкаплера як магічнага знаку, дзякуючы якому мы аўтаматычна гарантуем сабе збаўленне, не мае нічога агульнага з сапраўдным набажэнствам, але з’яўляецца праяваю шкодных забабонаў.

 
5. Канкрэтныя справы, у якіх мы павінны наследаваць Маці Божую

Катэхізіс Касцёла вучыць нас, што Маці Хрыста «была Тою, якая першая і выключным спосабам скарыстала з перамогі, атрыманай Хрыстом над грахом» (411). Яна была захаваная ад вялікай заганы першароднага граху, а падчас усяго зямнога жыцця, дзякуючы спецыяльнай Божай ласцы, Яна не ўчыніла ніводнага граху. Дух Святы падрыхтаваў Марыю праз сваю ласку, робячы Яе найпакорнейшаю з усіх стварэнняў, а праз гэта найбольш здольнаю прыняць невымоўны Дар Усемагутнага (пар. ККК 722).

«Марыя займае першае месца сярод пакорных і ўбогіх Пана, якія з даверам чакаюць ад Яго збаўлення і атрымліваюць яго. Разам з Ёю (...), узнёслаю Гарою Сыёна, пасля доўгага чакання спаўнення абяцання, надыходзіць паўната часу і настае новы план збаўлення» (ККК 489).

Значыць, выкарыстанне перамогі Хрыста адбылося дзякуючы ўнутранай пазіцыі духоўнага ўбоства і пакоры.

Духоўнае ўбоства азначае тое, што чалавек разлічвае на дапамогу Бога больш, чым на свае ўласныя сілы, на сілу сваёй волі або здольнасці свайго розуму. Ён будзе больш шукаць Божай волі і будзе падпарадкоўвацца Божым планам, а не сваім уласна выдуманым вырашэнням усіх праблем.

Пакора ж азначае адкрыццё чалавечага сэрца на тое, што без Хрыста мы нічога не можам зрабіць (ККК 2732). Пакорны чалавек, адкрываючы ў Богу крыніцу дабра, не здзіўляецца сваёй беднасці, якая праяўляецца на кожным кроку яго жыцця (пар. ККК 2733). Святы Хрызастом навучаў сваіх вучняў: «Паразважайце над тым, як Езус Хрыстус вучыць нас пакоры, паказваючы нам, што нашыя цноты залежаць не толькі ад нашага намагання, але і ад Божай ласкі» (ККК 2825).

Прыняцце Марыі як узору любові да Бога і да чалавека канкрэтна значыць, што ў кожнай жыццёвай сітуацыі мы павінны разлічваць на Божую дапамогу і толькі Яму прыпісваць усялякае дабро ў нашым жыцці. Толькі тады ўсе ласкі, якія Бог хоча удзяліць нам праз розныя набажэнствы да Божай Маці, дадуць бачны плён у нашым жыцці.

 
6. Значэнне рэлігійных знакаў

Для многіх людзей бачны шкаплер стаў знакам, які запрашае іх да больш глыбокай лучнасці з Богам праз Марыю. Таму мы павінны клапаціцца пра ўсе знешнія знакі, якія нагадваюць нам пра Божую прысутнасць. Гэта могуць быць прыдарожныя крыжы і каплічкі, гэта можа быць рэлігійны абраз у нашым доме. Гэта можа быць знак крыжа перад ежаю або супольная сямейная малітва.

Знакі займаюць важнае месца ў жыцці чалавека. Чалавек як істота цялесная, так і духоўная, выказвае і разумее духоўную рэчаіснасць праз пасрэдніцтва знакаў і матэрыяльных сімвалаў. Як грамадскай істоце чалавеку патрэбны знакі і сімвалы, каб кантактаваць з іншымі праз пасрэдніцтва мовы, жэстаў і дзейнасці. Тое ж адбываецца ў яго адносінах з Богам (пар. ККК 1146).

Таму клопат пра знешнія знакі нашай веры можа дапамагчы многім людзям на іх шляху да Бога, гэтак, як у выпадку са знакам шкаплера. Спачатку гэты знак быў уласнасцю ордэна кармэлітаў, але дзякуючы іх клопату і сведчанню асобаў, якія носяць шкаплер, ён стаў адметным знакам для ўсяго Касцёла.

Адноўлена 18.07.2009 16:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі