Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на гадавіну смерці ксяндза Ежы Росяка |
1. Гісторыя жыцця ксяндза Ежы Росяка Сёлета спаўняецца дваццаць гадоў з дня смерці ксяндза Ежы Росяка, незвычайнага святара, якога ўсё жыццё не пакідалі розныя цярпенні. Ужо ў семінарысцкія гады яму давялося сустрэцца з крыжам Хрыста. Яго навучанне ў пінскай духоўнай семінарыі перапынілася пасля першага курса, таму што горад быў заняты войскамі. Тады семінарыст Ежы накіраваўся ў Вільню, каб працягнуць падрыхтоўку да святарства. Аднак і там яго спаткала цярпенне: выкладчыкаў віленскай семінарыі арыштавалі, а семінарыю зачынілі. Пасля гэтага Ежы разам з калегамі вярнуўся ў Пінск. Наступным этапам на ягоным шляху да святарства быў Луцк. Туды ён трапіў тады, калі на Украіне абвастрыліся міжнацыянальныя адносіны. Даведаўшыся пра прыбыццё клерыка, які жадае стаць святаром, мясцовы біскуп сказаў: «Вось яшчэ адна ахвяра на алтар Пана». Стаўшы святаром, Ежы Росяк працаваў у Брэсце, дзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Арышт стаў пачаткам новага этапу фізічных і маральных пакутаў. Каб скампраметаваць ксяндза, яго вопратку пакінулі на беразе рэчкі, распусціўшы плёткі, што ён, нібыта, уцёк у Польшчу. У вязніцы з ксяндзом Ежы абыходзіліся вельмі жорстка. Больш за паўгады яго трымалі ў сырым падвале, амаль кожную ноч выводзячы на шматгадзінныя допыты, што мардавалі чалавека фізічна і псіхічна. Аднойчы святар прызнаўся іншым вязням, што не можа больш зносіць здзекаў. Яму параілі падпісаць сфабрыкаваныя НКВДзістамі абвінавачванні, і тады нязносныя допыты скончацца. А прыдуманае абвінавачанне заключалася ў тым, што святар… спяваў частушкі супраць калгаснай сістэмы. За гэта яму быў вынесены смяротны прысуд, які пазней замянілі 25-ю гадамі лагераў. У выніку ксёндз Ежы правёў 10 гадоў у лагеры ў Нарыльску. Пасля гэтага яму было адмоўлена ў рэгістрацыі, з-за чаго яшчэ каля года ён быў пазбаўлены магчымасці здзяйсняць святарскае служэнне. Усё жыццё ксёндз Ежы пражыў у невялічкай сціплай кватэрцы, якая была месцам адпачынку пасля самаахвярнай душпастырскай працы. Гэты знакаміты святар працаваў у многіх парафіях: у Паланэчцы, Ішкалдзі, Баранавічах, Новай Мышы, Навагрудку. Шматлікія выезды ў розныя месцы былі звязаныя з вялікімі цяжкасцямі. Здаралася і так, што, выязджаючы на ўрачыстасць у пэўную парафію, яны з калегам мелі толькі адзін ровар на дваіх. Тады частку дарогі адзін святар ехаў, а другі ішоў пешкі, пасля чаго яны мяняліся. Нягледзячы на такую актыўную працу, ксёндз Ежы знаходзіў час на паглыбленне тэалагічных ведаў. Пра ксяндза Ежы Росяка можна сказаць, што ён без рэшты згараў у імя абвяшчэння Божага слова. Гэтаму служэнню не маглі перашкодзіць нават моцныя болі, якія ён зносіў, ні вялікі мароз, ад якога нямелі далоні. На прыкладзе жыцця ксяндза Росяка мы можам паразважаць, што такое святарства і якія заданні Бог дае святарам. Ксёндз Ежы прысвячаў свой час і сілы таму, каб з паслугаю Божага слова і з сакрамэнтамі прыходзіць да як мага большай колькасці людзей. Ён меў выдатную душпастырскую харызму, якая была асаблівым наследаваннем, прыпадабненнем да Хрыста — Добрага Пастыра. Гэта — асаблівае заданне святароў, хоць клопат пра збаўленне душаў рознымі спосабамі павінен праяўляць кожны член вялікай супольнасці Божага народа. Аднак ад святароў Хрыстус чакае такога клопату і прысвячэння сябе больш, чым ад людзей свецкіх, таму што ўдзел духавенства ў святарстве Езуса Хрыста істотна адрозніваецца ад удзелу ў ім людзей свецкіх. Святарства Езуса Хрыста — гэта першакрыніца і прыклад клопату пра збаўленне душаў, які дазваляе нам глядзець на Яго як на Добрага Пастыра. Словы з Евангелля «добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11) найбольш поўна адносяцца да крыжовай ахвяры — найважнейшага чыну, у якім выяўляецца святарскае служэнне Хрыста. Гэтыя словы наказваюць усім пакліканым на шлях святарства клапаціцца пра збаўленне душаў вернікаў. Гэты клопат з’яўляецца асноваю, найважнейшаю ўласцівасцю святарскага жыцця, шляхам да святасці і дасканаласці святара. Ксёндз Росяк кожны дзень жыў клопатам пра збаўленне душаў, і ў рэалізацыі гэтай найважнейшай уласцівасці святарскага жыцця мы можам адшукаць тлумачэнне таму, што Бог ахоўваў яго жыццё, хоць яно шмат разоў было ў смяротнай небяспецы. Жыццё ксяндза Ежы становіцца зразумелым у святле словаў самога Боскага Настаўніка: «Хто хоча жыццё сваё зберагчы, згубіць яго, а хто згубіць жыццё сваё дзеля Мяне і дзеля Евангелля, зберажэ яго». Гэтыя неспасцігальныя словы могуць здавацца прадаксальнымі, аднак яны перастаюць быць парадоксам, калі святар перамяняе іх у жыццё. Можна сказаць, што ксёндз Ежы не быў наймітам, а прыкладам добрага пастыра. Ён поўнасцю рэалізаваў словы, сказаныя Слугою Божым Янам Паўлам ІІ у лісце да святароў: «Нікому з нас [святароў] нельга заслужыць назву „найміт“, якому „не належаць авечкі“, які „кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх“. Найміт жа ўцякае, „бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак“. А добры пастыр клапоціцца, каб яны „мелі жыццё і мелі яго ўдосталь“, каб ніхто з іх не загінуў, але меў жыццё вечнае. Трэба, каб гэты клопат глыбока прасякнуў нашыя [святарскія] душы, каб мы жылі ім, каб ён надаваў асаблівы выраз нашай індывідуальнасці, каб быў асноваю нашага святарскага самаўсведамлення» (8 красавіка 1979 г., № 7). Клопат пра збаўленне душаў, пра праўду, любоў і святасць усяго народа Божага святар можа рэалізаваць рознымі шляхамі. Слуга Божы Ян Павел ІІ так пісаў пра рэалізацыю святарскага паклікання: «Адны — у звычайным парафіяльным душпастырстве, другія — на місіях, іншыя — у коле асаблівых заданняў, звязаных з навучаннем, адукацыяй і выхаваннем моладзі, дапамагаючы розным асяродкам і арганізацыям, беручы ўдзел у заданнях, звязаных з развіццём грамадскага або культурнага жыцця, яшчэ хтосьці — побач з церпячымі, хворымі, пакінутымі, а часам і сам прыкутыя да ложка хваробаю. Існуюць розныя шляхі, і іх цяжка тут нават дакладна і падрабязна апісаць. Іх і павінна быць шмат, і трэба, каб яны былі рознымі, бо так пабудавана чалавечае жыццё, такая структура сацыяльных працэсаў, гістарычных традыцый і спадчыны розных культур і цывілізацый. Аднак пры ўсіх адрозненнях, што існуюць паміж вамі, вы заўсёды і ўсюды з’яўляецеся носьбітамі свайго асаблівага паклікання: ласкі Хрыста Спрадвечнага Святара і харызмы Добрага Пастыра. Пра гэта вы не павінны ніколі забывацца. (…) „Мастацтвам з мастацтваў з’яўляецца кіраванне душамі“, — напісаў святы Грыгорый Вялікі» (Ліст да святароў ад 8 красавіка 1979 г., № 6). Ксёндз Ежы Росяк адкрыў свой шлях служэння Божаму народу, будучы ахвярным пробашчам, які ніколі не адмаўляўся ад цэлебрацыі Эўхарыстыі і ўдзялення сакрамэнтаў, нягледзячы на свае хваробы, вялікія адлегласці і складаныя ўмовы працы. Можна сказаць, што ён належаў да шэрагу сапраўды вялікіх душпастыраў, якія заўсёды былі ў гісторыі Касцёла. Кожны з іх быў па-свойму іншы, быў дзіцем свайго часу і быў «прыстасаваны» да сваёй эпохі. Але гэтае «прыстасаванне» у кожнага з іх было арыгінальным, сугучным свайму часу і патрэбным яму адказам святасці і адданасці. Пра ксяндза Ежы Росяка можна сказаць, што сваёй святарскай індывідуальнасцю ён быў для іншых выразным і ясным знакам і паказальнікам. Такі падыход з’яўляецца першаю ўмоваю пастырскага служэння святара. Нашаму часу, калі ў свеце пашыраецца неапаганства, патрэбныя святары, якія ўсведамляюць сваё святарскае пакліканне, гэта значыць такія, якія маюць глыбокую веру і адважна яе вызнаюць, якія горача моляцца, упэўнена навучаюць, служаць, імкнуцца жыць паводле васьмі Хрыстовых благаслаўленняў, умеюць бескарысліва любіць, якія блізкія да ўсіх, а асабліва да самых патрабуючых. |
Адноўлена 18.07.2009 16:51 |