Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўспамін Маці Божай Чэнстахоўскай (Ашмяны, 2006 г.)
Успамін Маці Божай Чэнстахоўскай

Апольскі князь Уладзіслаў пабудаваў на Яснай Гары ў Чэнстахове кляштар для айцоў паўлінаў і аддаў ім у апеку абраз Маці Божай, які ўшаноўваўся ў ягоным замку. Неўзабаве абраз праславіўся цудамі. Слава пра яго яшчэ больш павялічылася з часоў абароны Яснай Гары ад шведаў. Гэта быў вельмі складаны момант у гісторыі польскага народа і Касцёла. Здавалася, што шведам удасца захапіць краіну і пачаць распаўсюджваць у ёй пратэстанцтва. Шведская навала была падобная да патопу. У гэтай цяжкай сітуацыі людзі звярнуліся з просьбамі аб дапамозе да Маці Божай, і абарона Яснай Гары спыніла наступ шведаў.

Сёння Касцёл перажывае новы «патоп» — тое, што цяпер называюць «цывілізацыяй смерці». Слуга Божы Ян Павел ІІ так ахарактарызаваў гэтую цывілізацыю: «У наш час гісторыя ў пэўным сэнсе паўтараецца. Утылітарызм — гэта цывілізацыя вынікаў, ужывання — цывілізацыя „рэчы“, а не „асобаў“; цывілізацыя, у якой асобы становяццца прадметам ужывання, падобна як ужываюць рэчы. Такім чынам, у цывілізацыі ўжывання жанчына бывае прадметам для мужчыны. Дзеці становяцца перашкодаю для бацькоў. Сям’я становіцца інстытутам, які абмяжоўвае свабоду яго членаў» (Ліст да сем’яў, 13).

Сёння нам ізноў патрэбна дапамога Марыі, каб Яна аднавіла ў нас разуменне значэння сям’і, сужэнства і зачатага жыцця. Маці Божая, якая туліць да сябе маленькага Езуса, нагадвае нам пра неабходнасць шанаваць кожнае чалавечае жыццё.

 
Кожнае жыццё паходзіць ад Бога

Дзявоцкае зачацце Марыяй Езуса Хрыста паказвае нам праўду пра тое, што на пачатку існавання кожнага чалавека прысутны Бог. Бацькі не могуць успрымаць дзіця выключна як сваю ўласнасць. Належныя адносіны бацькоў — гэта прыманне дзіцяці, якое нараджаецца, не толькі як свайго, але таксама як дзіцяці Божага. З пункту гледжання веры ў Бога Створцу, кожнае бацькоўства, кожнае айцоўства і мацярынства бярэ свой пачатак у Богу Айцу. Папа Бэнэдыкт XVI на Кангрэсе сем’яў у Валенсіі сказаў: «Безумоўна, мы паходзім ад нашых бацькоў і з’яўляемся іх дзецьмі, але мы паходзім таксама ад Бога, які стварыў нас паводле свайго вобразу і паклікаў да таго, каб мы былі Яго дзецьмі. Менавіта таму ў пачатку кожнай чалавечай істоты ляжыць не выпадак ці непазбежнасць, а план Божае любові. Нам гэта аб’явіў Езус Хрыстус, сапраўдны Сын Божы і дасканалы чалавек. Ён ведаў, адкуль паходзіў, і адкуль паходзім усе мы: з любові Яго Айца і Айца нашага». Гэтыя праўды веры засяроджваюць увагу на годнасці і святасці кожнага жыцця.

У Божым плане збаўлення, плане, мэта якога — зрабіць шчаслівымі мужчыну і жанчыну, інстытут сужэнства прызначаны для нараджэння і выхавання патомства. Гэта — найвышэйшы вянец сужэнскай любові (пар. ККК 1652). Дзеці з’яўляюцца найкаштоўнейшым дарам сужэнства і прыносяць бацькам найвышэйшае дабро. Бог Створца і Айцец вызначыў сужэнству асаблівую ролю ў сваёй справе стварэння. Ён благаславіў мужчыну і жанчыну, кажучы: «Пладзіцеся і размнажайцеся» (Быц 1, 28). Сапраўдная пашана да сужэнскай любові і ўвесь сэнс сямейнага жыцця скіраваныя да таго, каб сужэнцы мужна супрацоўнічалі з любоўю Бога Створцы і Айца, які праз бацькоў прагне дарыць жыццё новым людзям.

Бог Створца і Айцец з любові кліча чалавека да існавання. Кожная новая істота мае права нарадзіцца ў асяроддзі любові, якім з’яўляецца сям’я. З гэтага пункту гледжання любыя тэхналогіі, якія вядуць да аддзялення бацькоўства ад сужэнства, з’яўляюцца глыбока амаральнымі. Гэтыя штучныя тэхналогіі парушаюць права дзіцяці на нараджэнне ад бацькі і маці. Дзіця мае права ведаць сваіх бацькоў, злучаных сужэнскаю повяззю. Менавіта кантакт з бацькамі, злучанымі повяззю сужэнства, сведчыць дзіцяці пра тое, што яно было зачатае з любові, што яно — жаданае і чаканае. Штучныя тэхналогіі апладнення супярэчаць выключнаму праву сужэнцаў «стаць бацькам і маці толькі дзякуючы самім сабе» (Donum Vitae II, 1).

Штучныя тэхналогіі апладнення вядуць да аддзялення палавога акту ад дзетароднага акту. Акт, які дае пачатак жыццю дзіцяці, перасатае быць актам, у якім дзве асобы з любові аддаюць саміх сябе адно аднаму. Гэтыя метады ўводзяць вяршэнства тэхналогіі над паходжаннем чалавечай асобы, зацяняюць асноватворную праўду пра крыніцу жыцця, якою з’яўляецца Бог Створца і Айцец і сужэнцы ў супрацоўніцтве з Ім. Штучная перадача жыцця з маральнага пункту гледжання пазбаўлена належнай дасканаласці, калі з’яўляецца непажаданай як плод сужэнскага акту.

Выкарыстанне гэтых тэхналогій з’яўляецца вынікам ментальнасці, якая пастулюе, што дзіця належыць сужэнцам. Гэта — забыццё пра тое, што крыніцаю жыцця з’яўляецца Бог Створца, а дзіця — дарам. Дзіця нельга разглядаць як прадмет уласнасці; як штосьці, што было б гарантавана так званым «правам на дзіця». Гэта, хутчэй, дзіця мае сапраўднае права на тое, каб быць плодам адпаведнага акту сужэнскай любові бацькоў. Таксама як асоба з моманту зачацця яно мае права на пашану (пар. Donum Vitae II, 8). Гэтая пашана да дзіцяці выяўляецца ў прыйсці на свет у сям’і. Папа Бэнэдыкт XVI сказаў пра значэнне месца прыйсця дзіцяці на свет: «Сям’я, заснаваная на непарыўным сужэнстве мужчыны і жанчыны (…), з’яўляецца тым асяродкам, у якім чалавек можа з годнасцю нарадзіцца, а таксама расці і ўсебакова развівацца» (Кангрэс семя’ў у Валенсіі).

Евангелле паказвае сужэнцам, што фізічная бясплоднасць не з’яўляецца абсалютным злом. Сужэнцы, якія пасля таго, як паспрабавалі ўсе дазволеныя медыцынскія сродкі, пакутуюць ад бясплоднасці, павінны паяднаць свой лёс з крыжам Пана — крыніцаю ўсялякай духоўнай плоднасці. Яны могуць даць доказ сваёй велікадушнасці, усынаўляючы пакінутых дзяцей або здзяйсняючы сур’ёзнае служэнне на карысць бліжнім.

 
Сям’я як месца выхавання

Асноўным заданнем сужэнства і сям’і з’яўляецца служэнне жыццю, якое здзяйсняецца праз адказнае выхаванне. Плоднасць сужэнскай любові выяўляецца ў клопаце пра фармаванне ў дзіцяці маральнага, духоўнага і звышнатуральнага жыцця (пар. ККК 1653). Варта адзначыць, што сям’я з’яўляецца першым і галоўным месцам выхавання дзіцяці. Радасць, прасякнутая любоўю, з якою бацькі прымаюць дзяцей і суправаджаюць іх першыя крокі ў гэтым свеце, — як быццам знак і сакрамэнтальны працяг зычлівай любові Бога, ад якога паходзіць усялякае жыццё. Адчуванне дзіцем таго, што бацькі яго прымаюць і любяць, з’яўляецца асноваю развіцця чалавека. Любоў бацькоў і Бога дапамагае дзіцяці ісці наперад па шляху да праўды і любові, дапамагае пакінуць самога сябе і адкрыцца для людзей і для Бога. Папа Бэнэдыкт XVI на Кангрэсе сем’яў у Валенсіі падкрэсліў значэнне прыйсця дзіцяці на свет у сям’і: «Калі нараджаецца дзіця, праз адносіны са сваімі бацькамі яно пачынае належаць да сямейнай традыцыі, якая мае яшчэ больш даўнія карані. Разам з дарам жыцця яно атрымлівае ўсю спадчыну вопыту. У сувязі з гэтым бацькі маюць права і непазбежны абавязак перадаваць яго дзецям: выхоўваць іх так, каб яны маглі знайсці сябе, увайсці ў грамадскае жыццё, навучыцца карыстацца сваёй маральнай сабодаю і здольнасцю любіць праз адчуванне таго, што іх таксама любяць, а асабліва ў сустрэчы з Богам».

Родны дом, сям’я, з’яўляецца адпаведным месцам фармавання маральных цнотаў, месцам выхавання навыкаў правільна выкарыстоўваць розум і волю. Такое выхаванне патрабуе навучыцца самаадрачэнню, здароваму меркаванню, валоданню сабой, што з’яўляецца асноваю любой сапраўднай свабоды. Бацькі павінны навучыць дзяцей падпарадкоўваць «матэрыяльныя і інстынктыўныя сферы (…) сферам унутраным і духоўным» (Ян Павел ІІ, Centesimus annus 36). На бацькоў ускладзена сур’ёзная адказнасць за тое, каб даваць добры прыклад сваім дзецям. Калі яны здолеюць прызнаць перад імі свае памылкі, тады змогуць лепш кіраваць дзецьмі і выпраўляць іх.

Правільнае развіццё дзіцяці да паўнаты чалавечнасці патрабуе таго, каб з самага ранняга ўзросту фармавалася яго сумленнне. Лягчэй за ўсё дзіця прымае патрабавальныя нормы ўнутранага закону, калі іх прывіваюць яму бацькі. Найбольшае значэнне мае прыклад жыцця саміх бацькоў паводле ўнутранага закону. Выхаванне сумлення, у якое разважліва ўключаюцца бацькі, вызваляе дзяцей ад страху, эгаізму і пыхі. Яно абараняе ад фальшывага пачуцця віны і схільнасці да самалюбавання, што ўзнікае з чалавечай слабасці і памылак.

Таксама выхаванне ў веры патрабуе фармацыі дзіцяці ўжо з маленства. Яно пачынаецца ўжо тады, калі члены сям’і дапамагаюць адзін аднаму ўзрастаць у веры сведчаннем хрысціянскага жыцця згодна з Евангеллем. Сямейная катэхізацыя папярэднічае ўсім астатнім формам навучання веры, узбагачае іх і спадарожнічае ім. Заданне бацькоў — навучыць сваіх дзяцей малітве, а таксама дапамагчы ім адкрыць сваё пакліканне як дзяцей Божых (пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Lumen gentium 11).

Аўтарытэт, сталасць і жыццё ў сямейным саюзе з’яўляюцца для дзіцяці асноваю выхавання для жыцця ў грамадстве. Сям’я з’яўляецца натуральнаю супольнасцю, у якой мужчына і жанчына пакліканыя да таго, каб прынесці ў дар адно аднаму саміх сябе. Менавіта тут дзіця вучыцца братэрству, якое з’яўляецца асноваю сацыяльных сувязяў. Сям’я — гэта натуральны асяродак, у якім дзеці вучацца салідарнасці і грамадскай адказнасці. Бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей пазбягаць фальшывых кампрамісаў і самапрыніжэння, што з’яўляюцца небяспечнымі для кожнай чалавечай супольнасці. Сувязі ўнутры сям’і ствараюць блізкасць успрымання, пачуццяў і памкненняў, якія вынікаюць перадусім з узаемнай павагі асобаў. Сям’я з’яўляецца для дзіцяці школаю прабачэння, якое неабходна пры знявагах, спрэчках, несправядлівасці і занядбаннях.

Дзякуючы ўзаемапавазе, члены сям’і з’яўляюцца вестунамі цывілізацыі любові. Слуга Божы Ян Павел ІІ так апісвае значэнне сям’і: «Цывілізацыя любові азначае радасць — радасць, між іншым, ад таго, што сужэнцы становяцца бацькамі. Цывілізацыя любові — гэта значыць „радавацца праўдзе“ (пар. 1 Кар 13, 6)» (Ліст да сем’яў, 13).

Адноўлена 18.07.2009 16:52
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі