Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на распачацце катэхетычнага года ксяндза Аляксандра Яшэўскага SDB, Катэхетычнага рэферэнта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
«Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана» (Лк 4,18–19).

Скончыўся час адпачынку, і мы распачынаем новы этап выхаваўчай працы: новы навучальны і катэхетычны год. Таму ўсе мы — катэхеты — сабраліся сёння ў нашай катэдры, каб на новы перыяд рэлігійнага выхавання даверыць Богу Айцу ўсемагутнаму нашу працу.

Катэхізацыя — гэта найважнейшая задача Хрыстовага Касцёла, асабліва у нашай краіне, дзе яго служэнне на працягу дзесяцігоддзяў было абмежавана ўладамі да мінімума. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI у сваёй прамове 5 жніўня гэтага года казаў пра тое, што сёння шмат маладых людзей блукае і ім неабходна дапамагчы знайсці шлях да сапраўднага шчасця. «Мы ўсе павінны знайсці шляхі, каб сустрэцца адно з адным у сем’ях, паміж пакаленнямі, а затым — паміж культурамі і народамі (...). Трэба знайсці шляхі, якія вядуць у будучыню».

У працэсе шукання саміх сябе і шляхоў, якія вядуць да лепшай будучыні, асаблівае заданне ўскладаецца на выхавацеляў маладога пакалення. У першую чаргу гэта датычыць тых, хто займаецца рэлігійным навучаннем. Сённяшняя моладзь гатовая адкрыцца на дабро, на рэлігійныя каштоўнасці. Заданне катэхета — дапамагчы юнакам і дзяўчатам глыбей зразумець веру, пазнаць яе і навучыць іх жыць ёю кожны дзень.

Маладыя шукаюць праўды ў рэлігіі. Іх вера патрабуе сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Таму ў нашых парафіях, законных супольнасцях і малітоўных групах мы павінны даць ім магчымасць паглыбляць сваю веру. Дзеці і моладзь — гэта наш найкаштоўнейшы скарб, які трэба не толькі берагчы, але і развіваць яго духоўны патэнцыял.

Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць. Ён любіў дзяцей і нікому не дазваляў пагарджаць імі. Кожны чалавек жадае любові. Святы Ян Боско часта паўтараў выхавацелям: «Не кажыце маладым, што вы іх любіце, а рабіце ўсё магчымае, каб яны без словаў адчувалі, што іх сапраўды любяць». Няма сапраўднай любові без радасці. Евангелле — гэта радасная вестка пра збаўленне, падараванае Богам. Выклікае жаль такі «катэхет», які імкнецца перадаць гэтую радасную вестку, пачынаючы са слова «нельга»: «Нельга ўжываць алкаголь, наркотыкі, нельга курыць». «А што тады можна?» — пытаюцца маладыя людзі. І менавіта мы, катэхеты, павінны даць ім адказ — адказ не свой, а Божы — на пытанні, што іх хвалююць.

У Евангеллі паводле св. Лукі чытаем: «Дух Пана на мне» (Лк 4, 18). Гэтыя словы прагучалі ў Назарэце — горадзе, дзе Езус вырас. У святы дзень, у суботу, Ён прыходзіць у сінагогу і там перад усімі сабранымі вернікамі чытае радкі з кнігі прарока Ісаі, што сталі тэмаю нашага разважання. Евангеліст падкрэслівае, што, калі Езус чытаў словы прарока, «вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы, якія вы чулі» (Лк. 4, 20–22). Усе адчувалі, што Хрыстус абвяшчаў штосьці вельмі важнае, таму што гэтыя словы са Святога Пісання прадказвалі прыйсце і місію Месіі, якога так чакаў ізраэльскі народ. Нездарма Езус выбраў для чытання менавіта іх, бо з гэтага ўрыўку прысутныя маглі зразумець, што чаканы Месія — перад імі.

Місія Езуса не мае нічога агульнага са звычайнай філантропіяй, ані з чалавечай мудрасцю ці ўдалай палітычнай праграмай. Яна з’яўляецца плёнам дзеяння Святога Духа: «Дух Пана на Мне» (Лк 4, 18). Гэтым самым Духам, які ў дзень Пяцідзесятніцы сышоў на апосталаў і спачывае на ўсіх хрысціянах, павінны быць напоўнены мы, катэхеты, каб кіравацца ў сваім служэнні выключна Яго натхненнем.

Абвяшчаючы людзям Евангелле, Езус Хрыстус адначасова выхоўваў іх. Катэхізацыя — гэта не толькі навучанне, але і выхаванне. Калі заданне школы, акрамя перадачы ведаў, заключаецца ў выхаванні сумленных і адказных грамадзянаў, то праз катэхізацыю і рэлігійную практыку мы павінны прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, а таксама ўдасканальваць яго духоўнае і маральнае жыццё.

У школе выкладаюцца розныя прадметы, і, безумоўна, усе яны важныя. Катэхізацыя па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, а, магчыма, нават з’яўляецца больш важнай за ўсе школьныя прадметы, разам узятыя, таму што навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную мудрасць.

Служэнне катэхета патрабуе ад нас мужнасці, вернасці і пакоры, і ў гэтым найлепшым прыкладам для нас з’яўляецца святы Ян Хрысціцель. Богу не патрэбныя красамоўныя аратары, ані пустыя балбатуны: Богу патрэбныя сапраўдныя сведкі. Ён выкарыстоўвае для незвычайных рэчаў звычайных людзей, такіх, як кожны з нас, каб аб’яўляць моц Евангелля, якая перамяняе ўсё. Кожны з нас павінен маліцца за сваіх выхаванцаў, каб Бог адчыніў іхнія сэрцы для прыняцця ласкі веры. Кожны з нас таксама павінен сведчыць пра Езуса з прастатою і даверам, каб з дапамогаю Збаўцы дасягнуць сэрцаў давераных нам вучняў і данесці да іх евангельскую вестку. Катэхет павінен памятаць, што вочы вучняў скіраваныя на яго. Моладзі патрэбна не галаслоўнае павучанне, а добры прыклад, які будзе для яе ўзорам паводзінаў у штодзённым жыцці. Маладыя таксама чакаюць адказаў на шматлікія, вельмі важныя для іх пытанні, якія хвалююць іх розум і сэрца. Каб мець з імі кантакт, каб дапамагчы ім закласці трывалы жыццёвы фундамент, трэба стаць іх сябрамі. Дабро маладога пакалення няхай стане асноўным клопатам усёй катэхетычнай і выхаваўчай працы.

Будзем жа захоўваць вернасць сваёй місіі несці ўсім святло Хрыста Збаўцы. Не забывайма, што нашае пакліканне ў тым, каб выплыць на глыбіню Божай праўды, любові і мудрасці, на глыбіню годнасці чалавека, а таксама на глыбіню адказнасці за Касцёл, айчыну і ўвесь свет.

Адноўлена 18.07.2009 16:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі