Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на свята святых Арханёлаў (Мінск, 2006 г.)
1. Вучэнне Касцёла

Касцёл, які пілігрымуе да Нябеснага Валадарства, увесь час карыстаецца таямнічай і магутнай дапамогай Анёлаў: істотаў, якія не маюць цела, але чый інтэлект вышэйшы за розум любога чалавека.

Чалавечае жыццё з дзяцінства і аж да смерці знаходзіцца пад апекаю і заступніцтвам Анёлаў. Святы Базыль Вялікі сказаў, што «поруч з кожным вернікам знаходзіцца Анёл апякун і ахоўнік, каб весці яго да жыцця». Ужо на зямлі жыццё хрысціяніна праз веру ўдзельнічае ў благаслаўлёнай супольнасці Анёлаў і людзей, аб’яднаных у Богу.

У Святым Пісанні, а менавіта ў кнізе Тобія (Тоб 12, 15) і ў Апакаліпсісе (Ап 1, 4), гаворыцца, што сярод незлічонай колькасці нябесных духаў сем маюць прывілеяванае становішча і «становяцца перад Божаю веліччу». Гэтыя Анёлы знаходзяцца бліжэй за ўсіх да Божага трону, але іх імёны, акрамя аднаго, невядомыя. У Святым Пісанні сказана толькі, што сярод іх ёсць Анёл па імені Рафал (Тоб 12, 15). Іншых мы не ведаем. Аднак айцы Касцёла лічылі, што да гэтых сямі нябесных князёў належаць таксама Арханёлы Габрыэль і Міхал, бо толькі два гэтыя Анёлы называюць у Бібліі свае імёны, а таксама свае асаблівыя абавязкі: Рафаэль — «Бог аздаравіў» (Тоб 3, 17), Габрыэль — «Бог — моцны» (Дан 8, 16), Міхал — «хто як Бог?» (Дан 10, 13).

 
2. Арханёл Міхал

У хрысціянскай традыцыі Міхал — першы і самы галоўны сярод Анёлаў, можна сказаць, сярод анёльскіх хораў. З Сярэднявечча вядомы аповед пра тое, што калі Люцыфер паўстаў супраць Бога і падбухторыў да непадпарадкавання частку Анёлаў, ім супрацьстаяў Арханёл Міхал, які ўсклікнуў: «Хто як Бог?», абвясціўшы такім чынам вайну бунтарам. Менавіта яму было даручана сабраць вакол сябе Анёлаў, верных Богу, а пасля перамогі ён стаў праваруч Бога — на тым месцы, якое раней займаў Люцыфер.

Натхнёны Богам аўтар развівае думку, выказаную ўпершыню прарокам Захарыем, што асобы, супольнасці і народы маюць сваіх духоўных апекуноў. Першы сярод іх — Арханёл Міхал. «Аб’яўлю табе тое, што напісана ў Кнізе Праўды. Бо ніхто не можа мне паспяхова дапамагчы ў барацьбе супраць іх, акрамя вашага князя, Міхала» (Дан 12, 1). Як вынікае з кнігі Даніэля, Міхал з’яўляецца «адным з найвышэйшых князёў неба» (Дан 13, 21), а таксама «абаронцам ізраэльскага народа» (Дан 12, 1). Міхал акрамя таго праяўляе сябе як апякун выбранага народа праведных і святых — тых, чые імёны ўпісаныя ў кнігу жыцця.

Аднак найбольш вядомы тэкст пра Арханёла Міхала паходзіць з Новага Запавету, з кнігі Апакаліпсісу: «І пачалося змаганне на небе. Міхал і ягоныя Анёлы змагаліся з драконам. І выйшаў на змаганне дракон (…), але не перамог (Ап 12, 7–8). Сатане было нанесена канчатковапе паражэнне, ён страціў сваё месца ў небе і быў скінуты на зямлю. Дракон працягвае змагацца таксама і на зямлі, дзе можа карыстацца дапамогаю дзвюх бестый, з мора і з сушы: ідалапаклонніцкага валадарства (насілле) і фальшывага прарока (сімвал ідэалагічнай барацьбы і хлуслівай прапаганды). Абедзве бестыі з’яўляюцца прыладамі дракона ў змаганні з Жанчынаю — Касцёлам. Барацьба ўключае ў сябе ўсе напасці і паражэнні ад стварэння да канца свету. Каментатары лічылі, што той, хто скінуў сатану з неба, каб ён больш не быў абвінаваўцам чалавечага роду, з’яўляецца хадайнікам, гэта значыць, абаронцам народа Божага. Такім чынам, у Старым Запавеце Міхал быў абаронцам выбранага народа, а ў Новым становіцца абаронцам Касцёла.

Пасля Унебаўшэсця Пана ён цудоўным чынам прыходзіць на дапамогу верным у найцяжэйшыя хвіліны. Ужо Канстанцін Вялікі, які жыў на мяжы III i IV стагоддзяў, пасля пераможнай бітвы з язычніцтвам пабудаваў касцёл у гонар святога Міхала, у якім адбылося шмат цудоўных аздараўленняў праз заступніцтва гэтага святога Арханёла.

 
3. Арханёл Габрыэль

Арханёл Габрыэль упершыню з’яўляецца пад гэтым імем у кнізе Даніэля (Дан 8, 15–26; 9, 21–27). У першым выпадку ён тлумачыць Даніэлю значэнне таямнічага бачання барана і казла, якое сімвалізавала захоп Грэцыяй магутных дзяржаваў мідзянаў і персаў, а ў другім выпадку Арханёл Габрыэль тлумачыць прароку Даніэлю прадказанне Ераміі пра 70 тыдняў і гадоў. Імя «Габрыэль» можна перакласці таксама як «муж Божы», або «Божы змагар». У хрысціянскай традыцыі (Лк 1, 11–20. 26–31) ён прыносіць Добрую Навіну. Ён з’яўляецца Захарыі, прадказваючы яму нараджэнне сына — Яна Хрысціцеля, а таксама абвяшчае Панне Марыі, што Яна стане Маці Божага Сына.

Паводле некаторых касцёльных пісьменнікаў, Габрыэль быў Анёлам Ахоўнікам Святой Сям’і. Ён з’яўляўся ў сне Юзафу (Мц 1, 20–24; 2, 13; 2, 19–20). Ён, хутчэй за ўсё, быў тым Анёлам, які суцяшаў Езуса ў Садзе Аліўным (Лк 22, 43), а таксама абвясціў пра ўваскрасенне Пана (Мц 28, 5–6) і размаўляў са сведкамі Яго ўнебаўшэсця (Дз 1, 10). Амаль ва ўсіх абрадах, што існуюць у Касцёле, урачыстасць у гонар Арханёла Габрыэля адзначаецца або адразу перад, або адразу пасля ўрачыстасці Звеставання. Папа Пій ХІІ у 1951 г. абвясціў Арханёла Габрыэля Апекуном тэлеграфу, тэлефону, радыё і тэлебачання. Святы Габрыэль ушаноўваецца таксама як апякун дыпламатаў, філатэлістаў, пасланнікаў і паштальёнаў. У 1705 г. Людвіг Марыя Грыньён дэ Манфор заснаваў манаскую супольнасць братоў святога Габрыэля. Яны займаюцца пераважна апекаю над глухімі і сляпымі.

 
4. Арханёл Рафал

Арханёл Рафал прадставіўся ў кнізе Тобія, што ён — адзін з «сямёх Анёлаў, якія стаяць напагатове і становяцца перад веліччу Божай» (Тоб 12, 15). У гэтай кнізе Анёл з’яўляецца ў чалавечым абліччы, бярэ сабе звычайнае імя Азарыя і спадарожнічае ды дапамагае маладому Тобію ў яго падарожжы. Ён выратоўвае яго ад многіх небяспекаў, праганяе злога духа, аздараўляе аслеплага бацьку Тобія. Габрэйскае імя Рафал азначае «Бог аздаравіў».

Ужо ў VII стагоддзі ў Венецыі існаваў касцёл у гонар святога Рафала. У той жа час горад Кардоба ў Іспаніі абвясціў яго сваім апекуном. Святы Арханёл Рафал паказвае дабрыню Божага Провіду. Народная пабожнасць бачыць у ім прататып Анёла Ахоўніка. Яго ўшаноўваюць як апекуна аптэкараў, хворых, лекараў, эмігрантаў, пілігрымаў, падарожнікаў, бежанцаў, вандроўнікаў, плыўцоў.

 
5. Арханёлы ў служэнні сям’і

Анёлы прысутнічаюць з моманту стварэння свету і на працягу ўсёй гісторыі збаўлення, абвяшчаючы здалёк і зблізку гэтае збаўленне, а таксама служачы здзяйсненню Божай задумы. Мы шмат разоў можам прачытаць на старонках Святога Пісання пра тое, як яны аказваюць дапамогу сям’і. Вось некаторыя прыклады:

— Увечары два Анёлы з’явіліся ў Садоме і перасцераглі Лота, што яны пасланыя для таго, каб знішчыць горад. Яны сказалі Лоту забраць жонку і дачок, каб яны не загінулі ў вогненным дажджы.

— Калі Агар засталася ў пустыні без вады, яна паклала сваё дзіця настолькі далёка, каб не чуць плачу канаючага ад смагі дзіцяці. Бог пачуў плач хлопчыка і паслаў Анёла, каб ён адкрыў вочы Агары і каб тая змагла ўбачыць непадалёк калодзеж з вадою (Быц 21, 17–19).

— Калі Абрагам павінен быў прынесці ў ахвяру Богу свайго адзінага сына Ісака на гары Морыа, Анёл Пана ўсклікнуў з неба: «Не падымай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога кепскага» (Быц 22, 11–12). Дзякуючы ўмяшальніцтву Анёла было ўратавана жыццё Ісака.

— Калі ізраэльцянаў на працягу сарака гадоў прыгняталі філістымляне, Анёл Пана з’явіўся бясплоднай жанчыне і прадказаў ёй, што яна стане маці Самсона. Ён будзе абараняць выбраны народ ад нападаў філістымлянаў (гл. Суд 13, 1–7).

— Нарэшце, Арханёл Габрыэль абвяшчае нараджэнне Яна Хрысціцеля, а таксама прыйсце ў свет самога Езуса Хрыста (гл. Лк 1, 11. 26).

Гэтыя выбраныя прыклады дапамогі, аказанай сям’і Анёламі, тлумачаць нам, чаму бацькі з самых першых гадоў жыцця дзіцяці стараюцца навучыць яго малітве да Анёла Ахоўніка. Гэта адна з найпрыгажэйшых малітваў пары дзяцінства, якая дапамагае нам на золку нашага ўваходу ў свет дарослых адкрываць Божы Провід. У простых словах гэтая малітва вучыць нас, што Бог праз Анёлаў праяўляе сваю ўсемагутнасць, сцеражэ нашую душу і цела, каб мы маглі адкрыцца і прыняць дар збаўлення.

 
6. Арханёл Міхал — Апякун Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла

Арханёл Міхал з’яўляецца Апекуном нашага Касцёла, таму з надзеяй на яго заступніцтва мы просім у малітвах яго дапамогі, даручаючы яму ўсе справы нашага мясцовага Касцёла:

Малітва да святога Арханёла Міхала

Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа, — пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 17:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі