Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 2007 г.
1. Гісторыя свята Трох Каралёў

Паклон мудрацоў з Усходу Дзіцяці Езусу, які апісваецца ў Евангеллі святым Мацвеем (Мц 2, 1–12), сімвалізуе паклон свету язычнікаў, усіх людзей, якія кленчаць перад Уцелаўлёным Богам. Гэта адно з самых старажытных святаў у Касцёле. Тры Каралі, магчыма, былі астролагамі, якія ўбачылі зорку — знак нараджэння Караля. Аднак застанецца таямніцай, як яна стала для іх выразным знакам, які вывеў іх у далёкае і небяспечнае падарожжа ў Ерузалем.

Ірад, прымаючы каралёў, даведваецца пра мэту іх падарожжа. Ён падазрае, што нарадзіўся сапернік. На падставе прароцтва ў кнізе Міхея (Міх 5, 1) месцам нараджэння Месіі святары называюць Бэтлеем. Туды накіроўваюцца мудрацы. Знайшоўшы Дзіця Езуса, яны ахвяруюць Яму свае дары. Атрымаўшы ў сне загад не вяртацца да Ірада, адыходзяць у свае краіны іншым шляхам.

У трох магах першапачатковы Касцёл бачыць сябе, язычніцкі свет, усю чалавечую сям’ю, сярод якой з’явіўся Хрыстус і якая праз сваіх прадстаўнікоў здалёк прыходзіць пакланіцца Яму. Для таго, каб падкрэсліць універсальнасць збаўчай місіі Хрыста Пана, хрысціянская традыцыя змяшчае сярод магаў таксама негра. Універсальнасць збаўлення акцэнтуе і сама назва свята, яго высокі ранг і ўсе тэксты літургіі сённяшняга дня.

Святы Мацвей краіну магаў называе агульным словам «Усход». У часы Хрыста пад Усходам разумелася ўся прастора ад ракі Ярдан, а значыць — Арабія, Бабілёнія, Персія. Легенда пра тое, што адзін з магаў быў жыхаром негрыцянскай Афрыкі, паходзіць, напэўна, з прароцтва 71-га псальма: «Каралі Тарсісу і астравоў даніну Яму панясуць; каралі Арабіі і Сабы прынясуць Яму дары. І ўсе каралі паклоняцца Яму (...). І будзе Ён жыць, і даваць Яму будуць з Арабіі золата» (Пс 72, 10-11.15). Пад каралеўствам Сабы разумелася Абісінія. На падставе гэтага тэксту традыцыйна прынята лічыць, што магі былі каралямі. Менавіта так яны паўсюдна прадстаўлены і ў іканаграфіі. Прарок Ісая не піша проста пра каралёў, якія прыбудуць да Месіі, але пералічвае дары, якія яны павінны Яму прынесці: «Закрые цябе мноства вярблюдаў, маладых вярблюдаў з Мадыяну і з Эфы. Усе яны прыйдуць з Сабы, прынясуць золата і кадзіла» (Іс 60, 6).

Толькі ў VIII стагоддзі з’яўляюцца імёны трох каралёў: Каспер, Мельхіёр і Бальтазар. Згодна з традыцыяй, яны прынеслі Езусу свае дары: кадзіла, золата і мірру, якія сімвалізуюць боскасць, каралеўскую годнасць і месіянскую смерць Езуса. Аднак перадусім у асобах Трох Каралёў Касцёл у першыя стагоддзі бачыў сябе, язычніцкі свет і ўсю чалавечую сям’ю, сярод якой з’явіўся Хрыстус.

 
2. Тры Каралі ўказваюць на адарацыю Бога

Аб’яўленне — па-грэцку epifania — азначае з’яўленне боства ў чалавечым выглядзе. У заходняй літургіі акцэнт урачыстасці Аб’яўлення робіцца на Трох Каралёў. Паклон магаў, якіх да Езуса прывяла зорка, указвае, што ўвесь сусвет быў усхваляваны нараджэннем Хрыста. Да Яго прыбываюць язычнікі ў асобах мудрацоў, каб ушанаваць Бога.

У паклоне Трох Каралёў Бэнэдыкт XVI бачыць запрашэнне ўсяго Касцёла, каб укленчыць «перад Хрыстом і Яго адараваць» (Анёл Панскі, 08.07.2005). Папа паставіў пытанне: «Што значыць „адараваць“? Быць можа, гэта пастава старажытных часоў, якая не мае сэнсу для сучаснага чалавека? Не! Добра вядомая малітва, якую многія людзі моляцца раніцай і вечарам, распачынаецца менавіта гэтымі словамі: „Адарую Цябе, мой Божа, люблю ўсім сэрцам...“. На ўзыходзе і захадзе сонца веруючы чалавек штодзённа аднаўляе сваю „адарацыю“ — прызнанне прысутнасці Бога, Стварыцеля і Пана сусвету. (...) Тры Каралі адаравалі Дзіцятка ў Бэтлееме, прызнаючы ў Ім абяцанага Месію, адзінароднага Сына Айца, у якім, як піша святы Павел, „цялесна жыве ўся паўната Боскасці“ (Клс 2, 9)» (гл. тамсама).

Адначасова Бэнэдыкт XVI звяртае ўвагу на тое, што святыя «сапраўды адаравалі жывога Бога, любілі Яго бязмежнай любоўю ў кожную хвіліну свайго жыцця» (гл. тамсама). Распачаты новы год з’яўляецца запрашэннем усяго Касцёла да больш радыкальнага імкнення да святасці. Неабходна гэтае запрашэнне ўспрыняць сур’ёзна. Калі Бог скіроўвае такое запрашэнне праз пасрэдніцтва свайго Намесніка на зямлі, Папы, то Ён жадае падтрымаць нас сваёю ласкаю, і лепшага часу мы ўжо не знойдзем. Мы не можам адкласці гэтае запрашэнне на потым, кажучы, што шмат працы, хатніх абавязкаў, а штодзённае жыццё такое хуткае і цяжкое. Калі Бог запрашае, значыць гэта найлепшы час, час асаблівай ласкі. У Старым Запавеце маем перасцярогу, каб не ігнараваць Божае запрашэнне. Калі абраны народ дайшоў да абяцанай зямлі, былі высланы разведчыкі, каб прыгледзецца да новых земляў. Калі яны вярнуліся, то абвясцілі людзям, што на гэтых землях жыве моцны народ, што гарады добра ўмацаваныя і ахоўваюцца. Абраны народ падзяліўся на два лагеры: адны жадалі ісці за Божым указаннем, каб заваяваць гэтую краіну, іншыя спалохаліся сваёй слабасці і магутнасці ворагаў і настойвалі, каб яшчэ нейкі час заставацца ў пустыні. Вынікам адкідвання Божага запрашэння стала падаўжэнне тэрміну прабывання ў пустыні яшчэ на 40 гадоў, пакуль не вымрэ пакаленне малавераў і бунтароў.

Прыклад Трох Каралёў дадае нам мужнасці для таго, каб не грэбаваць Божым запрашэннем да больш радыкальнага імкнення да святасці. Бог дапамагаў Тром Каралям, якія імкнуліся да мэты свайго падарожжа — Бэтлеема, — ведучы іх з дапамогаю зоркі. Бог перасцярог іх ад Ірада, які, напэўна, хацеў учыніць зло сведкам нараджэння Новага Караля Сусвету. Мы таксама можам быць упэўненыя ў тым, што не будзем пазбаўлены апекі і дапамогі Бога падчас свайго пошуку шляху да святасці.

Бэнэдыкт ХVІ падказвае, што дапаможа нам імкнуцца да святасці, набываць мужнасць і узрастаць у веры, што можа нас зрабіць стойкімі, як Тры Каралі, у пошуку Бога. Мы павінны чэрпаць сілу ў адарацыі: «Святыя цалкам прынялі гэты дар і па-сапраўднаму адаравалі жывога Бога» (гл. тамсама). Слуга Божы Ян Павел ІІ напісаў у энцыкліцы пра Эўхарыстыю: «Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з’яўляецца невычэрпнаю крыніцаю святасці». Чым ёсць гэта форма малітвы і які плён дае яна ў жыцці людзей, што імкнуцца да святасці?

 
3. Значэнне адарацыі

Глыбокі сэнс мае тое, што Хрыстус пажадаў застацца ў сваім Касцёле ў бачнай постаці Найсвяцейшага Сакрамэнту, таямнічым чынам прысутным у Эўхарыстыі. Ён хоча застацца ў знаках, якія паказваюць любоў і яе ўдзяляюць (пар. ККК, 1380). Адзін са святых сказаў: «Касцёлу і свету вельмі патрэбны эўхарыстычны культ. Езус чакае нас у гэтым сакрамэнце любові. Не будзем жа шкадаваць часу, каб пайсці на сустрэчу з Ім у адарацыі, у кантэмпляцыі, поўнай веры і адкрытай для таго, каб прасіць прабачэння за цяжкія грахі і правіны свету. Няхай нястомнаю будзе наша адарацыя!».

Святы Альфонс Марыя Лігуоры пісаў, што «сярод розных пабожных практыкаў адарацыя Езуса Сакрамэнтальнага займае першае месца пасля сакрамэнтаў і з’яўляецца найбольш прыемнаю для Бога і найбольш карыснаю для нас».

Адарацыя, хоць і атаясамліваецца ў нас з малітваю перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, з’яўляецца таксама духоўнаю пазіцыяй хрысціяніна. Гэта пазіцыя заключаецца ў прызнанні свайго статусу як стварэння перад Створцам. З гэтай пазіцыі зыходзіць малітва праслаўлення велічы Бога, які нас стварыў, а таксама ўсемагутнасці Збаўцы, які нас адкупіў.

У гэтай пазіцыі духа ёсць прызнанне «нікчэмнасці стварэння», якое існуе толькі дзякуючы Богу, ёсць прыніжэнне духа перад «Каралём славы» (Пс 24, 9–10). Малітву, якая вынікае з такой пазіцыі, суправаджае поўнае пашаны маўчанне перад Богам, які «заўсёды больш велічны», чым Яго стварэнне (пар. ККК, 2628).

Прыкладам адарацыі Бога, Яго ўсхвалення, праслаўлення і прыніжэння перад Ім самога сябе, з’яўляецца Magnificat, у словах якога Марыя з удзячнасцю вызнае, што Бог учыніў вялікія справы і што імя Яго святое. Таму Бэнэдыкт ХVI заахвочвае нас да асаблівай сувязі з Хрыстом: «Хто лепш за Марыю можа нас весці гэтым цяжкім шляхам да святасці? Хто лепш за Яе можа нас навучыць адараваць Хрыста? Няхай Яна дапамагае (...) распазнаваць у Хрысце сапраўднае аблічча Бога, адараваць Яго, любіць і служыць Яму з поўнай адданасцю» (гл. тамсама).

Адарацыя мяняе жыццё хрысціяніна. Робіць жыццё чалавека простым і ахоўвае яго ад бясконцага падзелу, адным словам, інтэгруе чалавечае жыццё. Вырывае чалавека з замкнутасці ў сабе, з няволі граху і ідалапаклонства свету. Адрацыя Бога, Тройчы Святога і больш за ўсё годнага любові, напаўняе верных пакораю і дае надзею на тое, што нашыя просьбы будуць выслуханыя (пар. ККК, 2114, 2628).

Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што адарацыя Бога ўплывае як на асабістае асвячэнне, так і на навяртанне свету: «Праз адарацыю хрысціянін таямнічым чынам прычыняецца да радыкальнай перамены свету і да плёну, які прыносіць Евангелле» (Ordinatio sacerdotalis, 5).

Свята Трох Каралёў, якое адзначаецца на пачатку каляндарнага года, з’яўляецца крыніцай надзеі. Указвае нам на адарацыю Бога як крыніцу ласкі для ўсіх тых, хто хоча ў гэтым годзе сур’ёзна ўспрыняць заклік да святасці. Як Каралі з Усходу, пойдзем жа туды, дзе Езус нараджаецца кожны дзень, у касцёлы, дзе на алтарах цэлебруецца Эўхарыстыя. У духу пакоры і прызнання жыццядайнай залежнасці ад Бога давайце будзем больш часу прысвячаць адарацыі Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Давайце вызнаем нашую згоду прыняць заклік да святасці, пазначаючы нашыя дзверы першымі літарамі імёнаў Трох Каралёў, якія далі нам прыклад радыкальнага пошуку Бога.

Адноўлена 18.07.2009 17:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі