Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменічная сустрэча 2007. Прамова біскупа Антонія Дзям’янкі
1. Значэннне адзінства.

Свой выступ я прысвячу рэкамендацыям Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якія ён у апошні час даў адносна экуменізму.

Падчас экуменічнай сустрэчы, якая адбылася ў маі мінулага года падчас візіту Бэнэдыкта XVI у Польшчу ў варшаўскай лютэранскай кірхе Найсвяцейшай Тройцы, Папа сказаў, што прыярытэтам яго служэння стане аднаўленне поўнага і бачнага адзінства хрысціянаў. Такім чынам, увесь паўсюдны Касцёл, захоўваючы еднасць са Святым Айцом, павінен лічыць намаганні дзеля поўнага аб’яднання хрысціянаў галоўным накірункам сваёй душпастырскай дзейнасці. Бо «каб свет паверыў» у адзінага Бога, міласэрнага Айца, хрысціяне павінны быць адзінымі (пар. Ян 17, 21). Усведамленне гэтай праўды паклікана ажывіць экуменічны дыялог і не даць яму перарвацца (12.09.2006 г.). Усе вучні Хрыста, прыспешаныя гэтаю праўдаю, павінны ісці шляхам, які прывядзе да адзінства, да нястомнай дзейнасці «дзеля дабра ўсіх», адводзячы экуменічнай перспектыве першае месца сярод клопатаў Касцёла (пар. Стамбул, 01.12.2006 г.).

У справе пабудовы хрысціянскае адзінства Папа нагадвае нам, што мы можам «прыняць яго толькі як дар Святога Духа». Экуменічныя памкненні ў кожным кутку спакутаванай ад падзелаў зямлі павінны быць падтрыманыя малітваю, ўзаемным прабачэннем і святасцю жыцця кожнага з нас.

Усім касцёльным супольнасцям, з’яднаным вакол Наступніка святога Пятра, Папа нагадаў у сваёй прамове ў Рэгенсбургу (13.09.2006 г.), што шляхам да адзінства хрысціянаў з’яўляецца ўдзел у літургіі Езуса Хрыста, бо падчас здзяйснення Эўхарыстыі Хрыстус перамяняе нас, дзякуючы чаму мы становімся больш здольнымі да таго, каб перамяніць свет. Мы напаўняемся Хрыстовай дабрынёю, міласэрнасцю і добразычлівасцю да людзей. Толькі ў такім стане духа мы можам ствараць з іншымі хрысціянамі супольнасць адзінства ў праслаўленні Бога і ва ўзаемнай любові. У энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць любоў» — Бэнэдыкт XVI вучыць нас: «Яднанне з Хрыстом з’яўляецца адначасова яднаннем з усімі, каму Ён дае сябе. Я не магу мець Хрыста толькі для сябе самога; я магу прыналежаць да Яго толькі ў еднасці з усімі, хто ўжо стаў або стане Ягоным. Камунія адводзіць мяне ад засяроджвання на самім сабе і накіроўвае да Хрыста, а праз гэта адначасова і да еднасці з усімі хрысціянамі. Мы робімся „адным целам“, цалкам злучаныя ў адным існаванні» (DCE 14).

Аднак сёння можна з болем канстатаваць, што Божы народ, дзеці Божыя ўсё яшчэ падзеленыя. Мы не з’яўляемся адной аўчарняю, сабранаю вакол аднаго Пастыра. У гаміллі, прамоўленай падчас Імшы на пачатку свайго пантыфікату, Бэнэдыкт XVI духоўна падтрымлівае нас і заклікае не сумаваць, таму што сам умілаваны Пан наш Езус Хрыстус даў нам у Евангеллі, напрыканцы прыпавесці пра добрага пастыра, надзею: «Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр» (Ян 10, 16). Мы павінны зрабіць усё магчымае для дасягнення адзінства, якое было нам абяцана.

Святы Айцец паказвае нам, што мы павінны рабіць на шляху да адзінства. Ён звяртае ўвагу на два аспекты: першы датычыцца справаў, звязаных з дабрачынным служэннем Цэркваў, а другі — з абаронаю сужэнства і сям’і і ператварэння яе ў «своеасаблівую лабараторыю еднасці» (Варшава, 25.05.2006 г.).

 
2. Экуменізм заснаваны на дабрачыннай дзейнасці.

Бэнэдыкт XVI нагадвае нам, што дабрачынная дзейнасць Касцёла з’яўляецца адным з істотных элементаў яго служэння. Здзяйсненне ўчынкаў любові ў адносінах да ўдоваў і сіротаў, да вязняў, хворых і бедных адносіцца да істотных заданняў Касцёла разам з удзяленнем сакрамэнтаў і абвяшчэннем Евангелля (пар. DCE 22).

У гісторыі Касцёла мы можам адшукаць шмат прыгожых прыкладаў нясення дапамогі тым, хто ў нястачы. Святы мучанік Юстын апісвае ў кантэксце нядзельнага хрысціянскага набажэнства таксама дабрачынную дзейнасць, звязаную з Эўхарыстыяй. Больш забяспечаныя вернікі ў меру сваіх магчымасцяў і дабравольна прыносяць ахвяраванні біскупу, які прысвячае гэтыя сродкі на ўтрыманне сіротаў і ўдоваў, тых, хто з-за хваробы або з іншай прычыны апынуўся ў патрэбе, а таксама вязняў і чужынцаў. Вялікі хрысціянскі пісьменнік Тэртуліян апавядае пра здзіўленне, якое выклікаў у язычнікаў клопат хрысціянаў пра ўсіх, хто ў нястачы, таксама і пра нехрысціянаў.

Бэнэдыкт XVI згадвае асобу імператара Юліяна Апастата, на прыкладзе якога паказвае, наколькі істотнай была для Касцёла першых стагоддзяў дабрачынная дзейнасць. На вачах малога Юліяна загінула ўся яго сям’я ад рукі імператара Канстанціна, які лічыў сябе вялікім хрысціянінам. Калі Юліян сам стаў імператарам, ён вырашыў адрадзіць старажытную рымскую рэлігію, таму што хрысціянства з-за забойства, учыненага Канстанцінам, было для яго назаўсёды дыскрэдытавана. У адным са сваіх лістоў ён напісаў, што адзінае, што ўразіла яго ў хрысціянстве, гэта была дабрачынная дзейнасць Касцёла. Так імператар пацвердзіў, што дабрачыннасць была адметнай рысай, якая адрознівала хрысціянскую супольнасць Касцёла (пар. DCE 24).

Касцёл існуе ў свеце, і яго дабрачынная дзейнасць выходзіць па-за межы самога Касцёла. Сваю ўсеабдымную любоў Касцёл кіруе да ўсіх, хто ў патрэбе, нават да людзей, сустрэтых «выпадкова». Наш час патрабуе таго, каб мы выходзілі насустрач патрэбам бліжняга. Ужо Другі Ватыканскі Сабор выразна падкрэсліваў гэта: «Сёння праз лепшыя сродкі камунікацыі адлегласці паміж народамі амаль сцерліся (...), дабрачынная дзейнасць можа і павінна (...) ахопліваць усіх без выключэння людзей і ўсе патрэбы» (Apostolicam actuositatem, 8).

Сёння для экуменізма патрэбная супольная дзейнасць Каталіцкага Касцёла і іншых Цэркваў і Царкоўных супольнасцяў у галіне дабрачыннай дапамогі, якая павінна аказвацца ўсім, хто ў патрэбе. «Каб свет стаў лепшым, неабходна, каб хрысціяне прамаўлялі адным голасам і дзейнічалі на карысць „павагі да правоў і патрэбаў усіх, асабліва бедных, прыніжаных і безабаронных“ (пар. DCE 30 б).

Папа таксама звяртае ўвагу на неабходнасць супрацоўніцтва з рознымі дабрачыннымі арганізацыямі, бо мы маем перад сабою аднолькавую мэту: «сапраўдны гуманізм той, які прызнае ў чалавеку вобраз Бога і прагне дапамагаць яму рэалізаваць жыццё, адпаведнае гэтай годнасці» (Тамсама).

На думку Бэнэдыкта XVI, дабрачынная дзейнасць можа больш зблізіць падзеленых хрысціянаў і зрабіць абвяшчэнне Хрыста больш годным веры (Варшава, 25.05.2006 г.).

 
3. Экуменізм заснаваны на абароне сужэнства і сям’і.

Сучасная культура часта ўзносіць на п’едэстал свабоду індывідуума. Яна прадстаўляе чалавека як самастойны суб’ект, заданне якога — спраўляцца з усім самому і быць самадастаковым. Сувязь з іншымі людзьмі і абавязкі ў адносінах да іншых адыходзяць на другі план. Чалавек спрабуе арганізаваць грамадскае жыццё, не лічачыся з папярэдняй аб’ектыўнай праўдай — годнасцю кожнай чалавечай асобы і неад’емнымі правамі кожнай сацыяльнай групы. Такая культурна-філасофская атмасфера ўплывае на разуменне сям’і і сужэнства. Хрысціяне павінны аб’яднаць свае намаганні дзеля абароны гэтых асноватворных інстытутаў, якія служаць дабру Цэркваў і Царкоўных супольнасцяў.

На Кангрэсе сям’і, які праходзіў у мінулым годзе ў Валенсіі, Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на каштоўнасці, якія мы разам павінны адстойваць. Галоўным заданнем з’яўляецца патрабаванне павагі і падтрымка ў адносінах да «цудоўнай рэчаіснасці непарыўнага сужэнства мужчыны і жанчыны» (Валенсія, 09.07.2006 г.). Толькі такі саюз утварае сям’ю. Папа нагадвае, што «прызнанне гэтага інстытуту і дапамога яму з’яўляецца адной з найбольш істотных паслугаў, якія сёння можна аказаць супольнаму дабру, сапраўднаму развіццю людзей і грамадстваў, а таксама найлепшай гарантыяй для забеспячэння годнасці, роўнасці і сапраўднай свабоды чалавечай асобы» (Тамсама).

У экуменічным дыялогу мы павінны аб’яднаць нашыя галасы ў абарону права дзяцей на тое, каб мець бацькоў і сям’ю як выхаваўчы асяродак, у якім дзіця можа адчуць, што яго прымаюць і любяць Бог і ягоныя бацькі. Гэтае адчуванне неабходна для сапраўднага развіцця чалавека і дапамагае яму сталець на шляху праўды і любові. Адчуванне любові ў сям’і з’яўляецца асноваю таго, каб чалавек мог выйсці па-за самога сябе і ўстанавіць еднасць з іншымі людзьмі і з Богам. Святы Айцец заахвочвае нас разам стаць у абарону праўды пра тое, што «ў пачатку кожнай чалавечай істоты знаходзіцца не выпадковасць ці непазбежнасць, а план Божай любові. Нам аб’явіў гэта Езус Хрыстус, сапраўдны Сын Божы і дасканалы Чалавек. Ён ведаў, адкуль паходзіў і адкуль паходзім мы ўсе: з любові Яго Айца і Айца нашага» (Тамсама).

Хрысціянская сям’я мае права перадаваць веру дзецям і займацца іх рэлігійным выхаваннем. Гэтае права павінны паважаць усе дзяржаўныя выхаваўчыя ўстановы.

У сённяшнім свеце ў выніку глабалізацыі пашыраюцца міжнародныя і міжкультурныя сувязі. Усё часцей рашэнне пра заснаванне сям’і прымаюць маладыя людзі, якія паходзяць з асяроддзяў з рознымі традыцыямі, веравызнаннямі, канфесійнай прыналежнасцю. Гэтае рашэнне з’яўляецца ў многіх адносінах рызыкоўным для захавання веры і для будавання будучага сямейнага парадку, што істотна ўплывае на стварэнне клімату еднасці ў сям’і і на духоўнае развіццё дзяцей. Бэнэдыкт XVI адзначае, што «можа тым не менш менавіта дзякуючы правядзенню больш шырокага экуменічнага дыялогу адзінства такое рашэнне на практыцы стане пачаткам своеасаблівай лабараторыі еднасці» (Варшава, 25.05.2006 г.).

Святы Айцец адобрыў працу над экуменічным дакументам, у якім Цэрквы і Царкоўныя супольнасці «выкладаюць агульнае хрысціянскае вучэнне пра сужэнства і сям’ю, устанаўліваюць прымальныя для ўсіх прынцыпы заключэння сужэнстваў паміж людзьмі, якія належаць да розных канфесій, і даюць канкрэтную праграму душпастырства для такіх сем’яў» (Тамсама).

Да гэтых дзеянняў Цэрквы павінны падыходзіць у духу ўсё большага даверу і супрацоўніцтва, з поўнай павагаю да правоў і адказнасці сужэнцаў за фармаванне ў веры сваёй сям’і і выхаванне дзяцей.

Адноўлена 18.07.2009 17:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі