Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Дзень кансэкраваных асобаў 2007 г.
Мінск, 31 студзеня 2007 года.

1. Значэнне дня, прысвечанага кансэкраванаму жыццю.

Дзень кансэкраванага жыцця ўстанавіў Слуга Божы Ян Павел ІІ. Касцёл жадае ўрачыста праслаўляць Бога, дзякуючы Яму за вялікі дар кансэкраванага жыцця. Дар такога кшталту ўзбагачае хрысціянскую супольнасць разнастайнымі харызмамі і вялікай колькасцю асобаў, цалкам адданых справам будаўніцтва Божага валадарства на зямлі. «Чым быў бы свет, калі б у ім не было манахаў?», — слушна пытаецца святая Тэрэза (Кніга жыцця 32, 11). Яе словы нагадваюць нам пра абавязак дзякаваць Богу, які праз гэты дар Святога Духа няспынна ажыўляе і ўмацоўвае свой Касцёл у яго цяжкай місіі ў гэтым свеце.

 
2. Значэнне дня кансэкраванага жыцця для Божага народа.

Дзень кансэкраванага жыцця дапамагае Божаму народу зразумець сэнс кансэкраванага жыцця і з яшчэ большай пашанаю ставіцца да яго. Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё «больш верна наследуе і заўсёды актуалізуе ў Касцёле тую форму жыцця, якую Езус — самы дасканалы з кансэкраваных асобаў і найлепшы місіянер Айца ў Ягоным валадарстве — выбраў для сябе і прапанаваў вучням, якія ішлі за Ім» (пар. Lumen gentium, 44; Vita consecrata, 22). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас: «Такім чынам кансэкраванае жыццё праяўляецца як адзін са спосабаў перажывання „больш унутранай“ кансэкрацыі, якая грунтуецца на хросце і заключаецца ў поўным прысвячэнні сябе Богу. У кансэкраваным жыцці вернікі праз натхненне Святога Духа прымаюць рашэнне больш дасканалым чынам наследаваць Хрыста, прысвяціць сябе Богу, ўмілаванаму больш за ўсё, імкнучыся да дасканалай любові ў служэнні Валадарства, абвяшчаць у Касцёле хвалу будучага свету, а таксама быць яго знакам» (KKK, 916).

Кансэкраванае жыццё ў разнастайных сваіх формах спрыяе больш глыбокаму адкрыццю кансэкрацыі ўсіх вернікаў праз сакрамэнт хросту. Разважаючы пра дар кансэкраванага жыцця, Касцёл адкрывае сваё выключнае пакліканне, якое належыць толькі Богу. Касцёл жадае і імкнецца да таго, каб у вачах Божых быць такім, які «не мае плямы ці заганы, ці чаго небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны» (Эф 5, 27).

Усе хрысціяне павінны старацца належным чынам кіравацца сваім пачуццямі, каб не прывязвацца да багаццяў, насуперак духу евангельскай беднасці. Божы народ павінен берагчы сваё сэрца, каб карыстанне зямнымі рэчамі не перашкодзіла яму ў дасягненні дасканалай любові.

Гэтай мэце павінны служыць евангельскія парады, якія прапануюцца ўсім вучням Хрыста (пар. ККК, 915). Некаторыя члены Касцёла праз пакліканне да кансэкраванага жыцця прысягаюць выконваць евангельскія парады ў пастаянным стане жыцця, зацверджаным Касцёлам. Асаблівым чынам яны павінны практыкаваць чыстасць у цэлібаце дзеля Божага Валадарства, а таксама абавязкі беднасці і паслухмянасці.

Іх жыццё павінна стаць для Божага народа тым евангельскім святлом, якога нельга хаваць, якое павінна іншых прыцягваць да Хрыста, паказваць, якім шчаслівым становіцца чалавечае жыццё, калі ў ім рэалізуецца дар святога хросту. Слушна адзначае Бэнэдыкт XVI, што сучасным людзям «цяжка ісці за Хрыстом, але, як Ён гаворыць, толькі той, хто згубіць уласнае жыццё дзеля Яго служэння і Евангелля, зберажэ яго (пар. Мк 8, 35), надаючы поўны сэнс нашаму існаванню». (Анёл Панскі, 24. 09. 2006 г.). Асабліва цяпер Божаму народу патрэбна сведчанне кансэкраваных асобаў, якое дапаможа нанава адкрыць сэнс нашага існавання ў з’яднанні розуму і волі з Богам.

 
3. Значэнне для кансэкраваных асобаў.

Гэты дзень мае вялікае значэнне для саміх кансэкраваных асобаў. Ён можа стаць урачыстым святкаваннем незвычайных справаў, якія Бог здзейсніў у іх саміх. Гэта нагода для таго, каб вярнуцца да крыніцаў свайго паклікання, каб падвесці вынік уласнага жыцця, а таксама каб аднавіць сваю кансэкрацыю. Толькі адкрываючы дар гэтага паклікання і пастаянна пранікаючы ў яго таямніцу кансэкраваныя асобы змогуць у розных сітуацыях з радасцю сведчыць пра тое, што Бог — гэта Любоў, здольная напоўніць чалавечае сэрца.

Гэта добрая нагода для таго, каб узгадаць пра асноўны абавязак кансэкраваных асобаў. Бэнэдыкт XVI у Пасланні на 43-ці Сусветны дзень малітваў аб пакліканні параўнаў гэты від дару да паклікання Марыі з Бэтаніі, якая «села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы» (Лк 10, 39). Святы Айцец сказаў, што «кансэкраваныя асобы спаўняюць розныя віды служэння ў сферы выхавання і адукацыі, клапоцячыся пра бедных, апякуючыся хворымі, аднак яны не ўспрымаюць гэтыя формы дзейнасці як галоўную мэту свайго жыцця, бо, як падкрэсліваецца ў Кодэксе Кананічнага Права, „першым і асноўным абавязкам усіх законнікаў павінна быць кантэмпляцыя Божых справаў і нястомнае з’яднанне з Богам у малітве“ (кан. 663, § 1). Хачу ў гэтым годзе, прысвечаным святасці, звярнуцца з асаблівай просьбай да кансэкраваных асобаў, каб яны далі сведчанне гарачай і нястомнай малітвы, перадусім дбаючы пра адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту».

Ёсць глыбокі сэнс у тым, што Хрыстус жадаў застацца ў сваім Касцёле ў бачнай постаці Найсвяцейшага Сакрамэнту, таямнічым чынам прысутнічаць у святой Эўхарыстыі. Ён хоча заставацца ў знаках, якія выражаюць любоў і ўдзяляюць яе (пар. ККК 1380). Адзін святы сказаў: «Касцёлу і свету вельмі патрэбны культ святой Эўхарыстыі. Езус чакае нас у гэтым сакрамэнце любові. Не адмовім жа Яму ў тым, каб прысвяціць свой час, каб сустрэць Яго ў адарацыі, у кантэмпляцыі, поўнай веры, адкрытай для перапрашэння за цяжкія правіны і грахі свету. Няхай ніколі не спыніцца наша адарацыя!». Святы Альфонс Марыя Лігуоры пісаў, што «сярод розных пабожных практык адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце з’яўляецца першай пасля сакрамэнтаў, прыемнай Богу і найбольш карыснай для нас».

Вернікам нашай архідыяцэзіі неабходна адкрыць моц адарацыі, якая перамяняе жыццё хрысціяніна і кіруе яго да святасці. Адарацыя робіць жыццё чалавека простым і ахоўвае яго ад поўнага краху: адным словам, інтэгруе чалавечае жыццё. Яна вызваляе чалавека ад замкнёнасці ў самім сабе, ад няволі граху і ідалапаклонства свету. Адарацыя тройчы святога і ўмілаванага больш за ўсё Бога напаўняе вернікаў пакораю (KKK, 2114, 2628 i 2097).

Другі Ватыканскі сабор падкрэслівае, што адарацыя Бога спрыяе асабістаму асвячэнню, а таксама навяртанню свету: «Праз адарацыю хрысціянін таямнічым чынам прычыняецца да радыкальнай перамены свету і да плённасці Евангелля. Кожны чалавек, які моліцца да Збаўцы, вядзе за сабою ўвесь свет і ўзносіць яго да Бога (Ordinatio sacerdotalis 5).

Вельмі патрэбнае вашае сведчанне першынства малітвы перад дзейнасцю, сведчанне таго, што розныя спосабы служэння, розныя абавязкі, якія грунтуюцца на малітве, дапамагаюць спазнаць Бога і любіць бліжняга. Катэхізіс вучыць нас: «той, хто ідзе гэтым „вузейшым“ шляхам, заахвочвае сваім прыкладам братоў, а таксама „дае цудоўнае і яскравае сведчанне таго, што свет не можа быць пераменены і прынесены ў ахвяру Богу без духу евангельскіх благаслаўленняў“» (KKK, 932).

 
4. Не баяцца крызісаў на шляху кансэкраванага жыцця.

Усім, хто перажывае цяжкасці на шляху кансэкраванага жыцця, я хацеў бы нагадаць словы Бэнэдыкта XVI для іх духоўнага ўмацавання. Святы Айцец сказаў: «Каб адказаць на пакліканне Бога і распачаць яго здзяйсняць, мы не павінны ўжо цяпер быць дасканалымі. Мы ведаем, што асэнсаванне ўласных грахоў дапамагло блуднаму сыну рушыць у зваротны шлях і такім чынам перажыць радасць паяднання з Айцом. Чалавечая слабасць і абмежаванасць не з’яўляюцца перашкодаю пры ўмове, аднак, што яны дапамагаюць нам заўсёды ўсведамляць тое, што нам неабходна збаўчая ласка Хрыста. Менавіта ў гэтым заключаецца вопыт апостала Паўла, які вызнае, што: «найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста» (2 Кар 12, 9). (43-ці сусветны дзень малітваў аб пакліканні, 07. 05. 2006 г.).

Адноўлена 18.07.2009 17:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі