Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы з нагоды 10-годдзя пабудовы і кансэкрацыі касцёла святога Юзафа ў Маладзечне

Маладзечна, 18 сакавіка 2007 г.

«Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля» (Зых 3, 5), — так у Старым Запавеце Бог наказаў Майсею ўшанаваць месца, дзе той размаўляў са Створцам. Такія прыклады са Старога Запавету, як гэты выпадак з Майсеем, а таксама дакладныя Божыя наказы адносна пабудовы святыні, сведчаць пра асаблівасць месца Божай прысутнасці; пра тое, што Богу належыць аддаваць найвышэйшую пашану. Менавіта такім і ёсць прызначэнне кожнай святыні. «Якая ж прыемная сяліба Твая, Пане магуццяў» (Пс 84 (83), 2), — усклікае натхнёны псальміст. Што выклікае такі настрой у веруючага чалавека, калі ён бачыць святыню альбо пераступае праз яе парог?

«Знемагае і імкнецца душа мая ў двары Пана» (Пс 84 (83), 3). Душа чалавека створана Богам і імкнецца да Яго. Бог — першапачатковая мэта зямной вандроўкі чалавека. Таму кожная сустрэча з Ім у святыні — гэта нібы невялікі адпачынак вандроўніка на шляху яго пілігрымкі. «Калі я пайду і з’яўлюся перад Божым абліччам?» (Пс 42 (41), 3) — пытаецца ў тузе натхнёны аўтар псальма.

У касцёле мы заўсёды можам сустрэцца з Эўхарыстычным Хрыстом. Знакам Яго прысутнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце з’яўляецца полымя нязгаснага агеньчыка, што гарыць каля табэрнакулюма ўдзень і ўначы. А абавязак сачыць за тым, каб у касцёле быў Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб гарэў нязгасны агеньчык, ускладзены на святара — слугу Эўхарыстыі.

Касцёл — гэта месца супольнай малітвы вернікаў. «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), — гаворыць Пан. Тут падчас літургічных цэлебрацый і паралітургічных набажэнстваў кожны сведчыць сваім чынным удзелам пра веру ў Бога. А Езус сказаў: «Хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго і я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах» (Мц 10, 32).

У святыні чытаецца Божае Слова, якое слухаюць і над якім разважаюць вернікі. Пра Біблію гавораць, што Святое Пісанне «пляміць рукі». Гэта значыць, што той, хто чытае і разважае над Святым Пісаннем, над Божым Словам, становіцца іншым чалавекам — становіцца новым чалавекам, які не настроены на тое, каб атрымліваць асалоду толькі ад цялесных задавальненняў, што прапануе свет, але перш за ўсё імкнецца спасцігнуць Божае, духоўнае, вечнае.

Дзесяцігоддзе асвячэння вашай святыні мы адзначаем у асаблівы перыяд Літургічнага года — перыяд Вялікага Посту. У кацёле, як ні ў якім іншым месцы, асабліва ў гэты перыяд мы імкнемся да святасці, беручы ўдзел у так званых «пасійных» набажэнствах, гэта значыць у набажэнствах, у якіх сузіраем і разважаем пра Муку Пана. Крыж Хрыста — знак нашага збаўлення — з’яўляецца не толькі завяршэннем, найвышэйшым пунктам святыні. У касцёле каля кожнага алтара абавязкова змешчаны крыж нашага Збаўцы. Галоўны алтар гэтага касцёла таксама вельмі вымоўна нагадвае пра месца, бясконца дарагое для кожнага верніка: ён прадстаўляе сабою Галгофу, месца смерці Хрыста — месца, дзе здзейснілася нашае адкупленне.

14 стацый Крыжовага шляху ў бакавых навах нагадваюць нам пра тыя цярпенні, якія прыняў для збаўлення кожнага з нас Божы Сын. З любові да чалавека Ён цярпеў здраду, з любові да чалавека ўзяў крыж, з любові да чалавека нёс яго па выбоістым бруку запыленых Ерузалемскіх вуліц на Галгофу. Там Ён прыняў смерць, каб такім чынам адкупіць нас найвышэйшым коштам — коштам сваёй крыві. Сваёю смерцю на крыжы ён падараваў жыццё кожнаму жыхару зямлі.

Вось чаму, умілаваныя, мы з нагоды юбілею дзякуем Богу за дар святыні, касцёла ў месцы нашага пражывання.

Калі я быў рэктарам духоўнай семінарыі ў Гродне, аднойчы пачуў ад аднаго з выкладчыкаў аповед пра тое, як пэўны семінарыст пасля заканчэння апошняга курсу развітваўся з установай, якая падрыхтавала яго да святарства. Пасля развітання з выкладчыкамі і выхавацелямі семінарыст, перш чым назаўсёды выйсці за браму семінарыі, зайшоў у капліцу. Капліца — гэта месца асаблівае. Тут семінарысты раніцай праводзяць больш за гадзіну, прысвячаючы гэты час разважанню і ўдзелу ў святой Імшы. На працягу дня яны найчасцей прыходзяць менавіта ў капліцу: каб памаліцца пасля снядання, перад і пасля абеду, перад і пасля вячэры, перад сном, а таксама ў вольную хвіліну, каб проста пабыць з Езусам. Такім чынам, капліца — гэта месца, дзе найбольш фармуецца духоўнасць будучых святароў. Дык вось, той семінарыст перш, чым адысці, схіліўся да зямлі і пацалаваў каменныя пліты на падлозе прэзбітэрыя — таго святога месца, якое найбольш дапамагло яму ў духоўным узрастанні.

Адноўлена 18.07.2009 17:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі