Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўспамін Маці Божай Фацімскай (Жодзіна, 2007 г.)
13 мая 2007 г.
касцёл Маці Божай Фацімскай у Жодзіне

І. Гадавіна фацімскіх аб’яўленняў

Да 1917 года мала хто ведаў пра Фаціму. Аднак у Божых планах гэтая непрыкметная мясцовасць у далёкай і ўбогай Партугаліі пад канец Першай сусветнай вайны раптам аказалася ў цэнтры ўвагі многіх людзей у свеце. І ўсяго толькі праз некалькі месяцаў, у дзень апошняга аб’яўлення, дзякуючы траім дзецям, якія расказвалі пра аб’яўленні Пані, на гэтым месцы сабраліся больш за 70 тысяч чалавек. Некаторыя сцвярджаюць, што іх было нават каля 100 тысяч. Сёння Фаціма ўсё больш прыцягвае ўвагу тых, хто жадае аднаўлення свету і Касцёла — прадказанага ў Фаціме трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі і Найсвяцейшага Сэрца Езуса. З Фацімы, дзякуючы шматгадоваму пілігрымаванню фігуры Маці Божай, ззяе і распаўсюджваецца святло матчынай прысутнасці Марыі, якое дасягае самых далёкіх закуткоў свету. Праз 80 гадоў Яна перамагла нават недасягальныя межы, ласкава наведваючы прыгнечаных дзяцей, несучы ім суцяшэнне сваёй любові і надзею на лепшае жыццё ў еднасці з Богам. З мая да кастрычніка 1917 года Маці Божая аб’явілася Люцыі, Жасінце і Францішку шэсць разоў.

Аб чым паведаміла нам Маці Божая ў Фаціме? Фацімскае пасланне заклікала і надалей заклікае нас да навяртання, малітвы, пакаяння, а таксама заклікае нас, каб мы прысвяцілі сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі і ўспамагалі малітвай Святога Айца. Гэта просты шлях, які вядзе нас да таго, каб сустрэцца ў вечнасці з Богам і пазбегнуць кары яшчэ тут, на зямлі, бо чалавецтва — як шмат разоў паўтарала Марыя — ужо занадта моцна абразіла Бога.

«Першая таямніца» фацімскага аб’яўлення — гэта візія пекла. Недахоп пакаяння, аб якім прасіла свет Маці Божая ў Фаціме (паўтараючы толькі евангельскі заклік Езуса), становіцца прычынай таго, што чалавеку пагражаюць вечныя мукі, ад якіх Бог і Марыя хочуць нас уратаваць. Марыя перасцерагла нас ад тых, хто сёння кажа нам: «Пекла няма» або «Пекла не вечнае». Бо ў чалавеку ёсць адвечная ўпартасць, якая прымушае яго жывіць бессэнсоўную надзею першых бацькоў на тое, што супрацьстаянне Богу і незахоўванне Яго наказаў прывядзе да таго, што чалавек стане роўным Богу (Быц 3, 5). Тым часам, такі шлях заўсёды вядзе да падзення і ніколі — да ўзвышэння.

Няма нічога горшага за грэх. Маці Божая, якая аб’яўляецца, перасцерагае ад наступстваў нашых грахоў. Грэх абражае Бога, забівае ў нас жыццё. Але мы пра гэта не думаем. Самае большае, толькі надаем значэнне кары за грахі. Мы баімся не граху, а кары за грэх. Ці гэта не так? А Фаціма перасцерагае нас ад граху. «Трэба зразумець, — піша сястра Люцыя, — што самым вялікім злом свету з’яўляецца менавіта грэх! Усё іншае — гэта толькі яго наступствы. Усё — беднасць, голад, цярпенне, войны, быць можа, перадусім смерць, — гэта вынікі граху. Напэўна, ім будзе адзначаны таксама час ачышчэння, які вызначыў нам Пан, эпоха Божай кары, парушэнне гармоніі стыхіяў».

Першым грахом, які называе Найсвяцейшая Панна Марыя ў Фаціме, з’яўляецца нявер’е. У аб’яўленнях 1917 года яно атрымлівае пэўнае ўдакладненне. Неабходна вырваць гэтую прыладу з рук сатаны або зрабіць так, што ён сам яе выпусціць, бо яна будзе яго пячы, як жар нябеснага ззяння. Марыя абвясціла: «адзіным лекам супраць хваробы граху з’яўляецца Маё Беззаганнае Сэрца».

«Другая таямніца» фацімскага аб’яўлення — гэта ўказанне на культ Беззаганнага Сэрца Марыі. Аб’яўляючыся ў Фаціме, Маці Божая ўказала на Сваё Беззаганнае Сэрца як на надзейны шлях, каб дасягнуць збаўлення і пазбегнуць прадказанай кары. Ва ўспамінах сястры Люцыі чытаем: «Другая таямніца адносіцца да набажэнства Беззаганнага Сэрца Марыі. Як я ўжо раней казала, 13 чэрвеня 1917 г. наша Пані запэўніла мяне, што Яна ніколі мяне не пакіне і што Яе Беззаганнае Сэрца заўсёды будзе маім прытулкам і дарогай, якая будзе весці мяне да Бога. Кажучы гэтыя словы, Яна развяла свае рукі і пранізала нашыя сэрцы ззяннем, якое з іх сыходзіла. Мне здаецца, што ў той дзень гэтае святло павінна было перадусім умацаваць у нас пазнанне і асаблівую любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі так, як гэта было ў двух іншых выпадках адносна Бога і таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. З таго дня мы адчулі ў сэрцы больш гарачую любоў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Жасінта не адзін раз казала мне: „Гэтая Пані сказала, што Яе Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, якая прывядзе цябе да Бога. Ты моцна Яе любіш? Я вельмі люблю Яе Сэрца. Яно такое добрае!“». Праз 10 гадоў Марыя, аб’яўляючыся сястры Люцыі, якая ўжо была ў кляштары, вярнулася да просьбы аб распаўсюджванні набажэнства да Свайго Беззаганнага Сэрца. Яна прасіла ўшаноўваць Яго асабліва ў першыя суботы месяца і абяцала асаблівыя ласкі тым, якія будуць Яму верныя. Акрамя дзвюх таямніцаў, трое пастушкоў атрымалі яшчэ трэцюю таямніцу, якую спазнаў Святы Айцец. Жасінта ж атрымала асаблівую візію, якая датычыла яго асобы і паказвала цярпенні і знявагі, якія Папа меў зведаць у XX стагоддзі. Несумненна, асабліва быў звязаны з фацімскім аб’яўленнем, а перадусім з прадказаннямі цярпення і трагічнымі візіямі Жасінты, Ян Павел ІІ. Гэта Папа, якога напачатку пантыфікату хацелі пазбавіць жыцця. Сваім жыццём ён, безумоўна, абавязаны асаблівай апецы Марыі, якая цудоўным чынам уратавала яго ад замаху ў гадавіну свайго першага аб’яўлення ў Фаціме — 13 мая 1981 года. Бэнэдыкт XVI так сказаў пра сувязь Фацімы з Янам Паўлам ІІ: «13 мая 1981 года, 25 гадоў таму назад, Слуга Божы Ян Павел ІІ адчуў, што быў цудоўным чынам уратаваны ад смерці „матчынай далонню“, як сам ён сказаў, а ўвесь яго пантыфікат быў пазначаны тым, што Панна прадказала ў Фаціме» (13.05.2006 г.). Папа сказаў, што найбольш падобным да Сэрца Хрыста з’яўляецца, безумоўна, Сэрца Марыі, Яго Беззаганнай Маці. «Адказваючы на заклік, скіраваны Найсвяцейшай Паннай у Фаціме, — працягвае Бэнэдыкт XVI, — мы даручаем Яе Беззаганнаму Сэрцу (...), увесь свет, каб ён спазнаў міласэрную любоў Бога і Яго сапраўдны супакой» (Рым, 05.06.2005 г.).

 
ІІ. Сучасная сітуацыя, характэрнаю рысаю якой з’яўляецца спажывальніцтва.

Клопат Маці Збавіцеля пра Расію напярэдадні рэвалюцыі 1917 года, якая прынесла смерць мільёнам людзей і страту веры ў выніку прымусовай атэізацыі, — гэта клопат пра ўратаванне чалавека, адкупленага Хрыстом, пра ўратаванне чалавека не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе, якая ўсё больш забываецца пра свае хрысціянскія карані. Еўропа не толькі старэе, але таксама губляе веру, адыходзіць ад Бога.

Гэтае нявер’е праяўляецца ў тым, што чалавек забывае пра Бога. Здаецца, што жыццё і ўсё, што добрае, адбываецца без Яго. Адначасова, як адзначае Бэнэдыкт XVI, «з’яўляецца таксама пачуццё фрустрацыі, незадаволенасці ўсім і ўсімі» (XX Сусветныя дні моладзі, 21.08.2005 г.). Прычынай таго, што чалавек забывае пра Бога, вельмі часта з’яўляюцца спажывальніцкія адносіны да жыцця, пазіцыя, скіраваная на тое, каб як мага больш мець. Сканцэнтраваць сваё жыццё на накапленні матэрыяльных дабротаў, не зважаючы на тое, якім шляхам яны здабываюцца, часта крыўдзячы іншых людзей, а нават самых блізкіх. Спажывальніцтва здольнае ўплываць на нашае стаўленне да рэлігіі і веры. Згодна з яго духам чалавек выбірае з праўдаў веры і запаведзяў толькі тое, што яму падабаецца. Пад уплывам такой пазіцыі пашыраецца пагоня за поспехам, пошук радасці ў фальшывых забавах і ў дурмане наркотыкаў. «У эпоху нястрымнага дабрабыту і спажывальніцтва, — заўважае Бэнэдыкт ХVІ, — шмат людзей надалей памірае з голаду і смагі, ад хваробаў і бедаў. Усё яшчэ ёсць нявольнікі, якіх эксплуатуюць і прыгнятаюць, ёсць ахвяры расавай і рэлігійнай нянавісці, ёсць людзі, якія змагаюцца з перашкодамі, што ўзнікаюць па прычыне нецярпімасці і дыскрымінацыі, палітычнага ўціску, а таксама фізічны і маральны гвалт адносна свабоднага вызнавання веры. Целы многіх людзей і іх блізкіх, пераш за ўсё дзяцей, — зазначае Папа, — носяць сляды сродкаў паражэння, тэрарызму і іншых відаў насілля» (Urbi et Orbi, 25.12.2006).

Фацімскае пасланне надалей застаецца актуальным. Сэрцамі некаторых людзей завалодалі спажывальніцтва, нянавісць, страх, бяссэнсоўнасць існавання. Аднак фацімскае пасланне падказвае, як пазбегнуць пагібелі. Адзіны ратунак — аддацца ў апеку Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Незадоўга да сваёй смерці Жасінта сказала Люцыі: «Кажы ўсім людзям, што Бог адорвае нас ласкамі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, што людзі павінны іх выпрасіць праз гэтае Сэрца, бо Сэрца Езуса хоча быць ушанаваным разам з Беззаганным Сэрцам Марыі. Няхай яны просіць Сэрца Марыі аб міры, бо Бог даверыў гэтаму Сэрцу мір у свеце».

 
ІІІ. Ратунак у малітве і Эўхарыстыі

Нястрымнае спажывальніцтва, рэлігійная абыякавасць, секулярызацыя, зачыненая на Божую дапамогу, — яны ўтвараюць своеасаблівую пустыню вакол нас. Свет становіцца непрыязным і небяспечным для чалавека, які імкнецца да развіцця, да святасці. Нам можа здавацца, што гэта пустыня напоўнена злом і грахом, што «яна вялікая і страшная» (Дрг 8, 15). Прыгадаем вандроўку выбранага народа па пустыні. Гэта быў цяжкі шлях, ізраільцяне не раз хацелі вярнуцца ў Егіпет. Аднак Бог не пакінуў іх без дапамогі. Ён клапаціўся пра свой народ, спасылаючы яму манну і перапёлак. Ізраільцяне атрымалі ўсё, у чым мелі патрэбу, каб дайсці да абяцанай зямлі.

Таксама і нам Бог спяшаецца на дапамогу. Ён таксама дае нам манну, якою з’яўляецца Эўхарыстыя. Пан Езус сказаў у Евангеллі святога Яна: «Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі» (Ян 6, 58). Сілкуючыся хлебам, якім ёсць Сын Божы і які ўцелавіўся з Панны Марыі, мы можам вандраваць па гэтым свеце да абяцанай зямлі, да неба, вандраваць з адвагай і надзеяй на Божую перамогу. Нашу надзею падтрымлівае ўспамін пра аб’яўленне ў Фаціме, якое прадвяшчала трыумф Бога праз Беззаганнае Сэрца Марыі над пустыняй зла і граху.

Варта задаць сабе пытанне: ці дастаткова мы адкрытыя на эўхарыстычны Хлеб і нядзелю, асаблівы дзень у нашым тыдні працы?

Нядзеля — гэта не толькі дзень, вольны ад працы, калі мы пакідаем нашы звычайныя заняткі. Хрысціяне заўсёды перажывалі гэты дзень як першы дзень тыдня. Ад таго, як перажываецца нядзеля, залежыць, якімі будуць наступныя дні тыдня. Бо нядзеля — гэта дзень фармавання сумлення хрысціяніна праз асабістую малітву і ўдзел у Эўхарыстыі. Каб дасягнуць гэтага, сапраўды неабходна нядзелю прысвяціць адпачынку і ўстрымацца ад працы. Нядзеля ўнутрана аднаўляе жыццё хрысціяніна. Прысвячэнне больш часу на малітву, чым у буднія дні, гарантуе нам сустрэчу з Божай мудрасцю, якая гучыць у словах Святога Пісання і ў гаміліі падчас Эўхарыстыі. Божая мудрасць з’яўляецца для нас ліхтаром, што асвячае нашае сумленне і дапамагае нам распазнаваць эгаістычныя і высакамерныя жаданні, якія заўсёды прыносяць дрэнны плён. Можна сказаць, што накапленне зла ў свеце — гэта вынік таго, што мы перасталі маліцца, перасталі кантэмпляваць таямніцы веры. Калі ў нашым сумленні будзе прабываць Божая мудрасць, мы лёгка зможам ацаніць тое, што прапануюць нам іншыя, тое, што самі плануем зрабіць. У нашым жыцці будзе менш памылак, непатрэбнай траты сілаў, мітусні і клопату пра нязначныя і некарысныя рэчы.

Святы Ігнацы заахвочваў вернікаў «жыць, як у дзень Панскі». «Жыць, як у дзень Панскі» — азначае ўсведамляць вызваленне, прынесенае Хрыстом, якое мы атрымліваем падчас Эўхарыстыі. Эўхарыстыя з’яўляецца Нябесным Лекам для нашай душы. Напачатку святой Імшы святар заўсёды рознымі формуламі заахвочвае вернікаў вызнаць сваю асабістую грахоўнасць. Менавіта па гэтай прычыне нам пастаянна патрэбны лек — святая Камунія. Вельмі часта Эўхарыстыя не прыносіць адпаведнага плёну ў нашым жыцці, бо нам не хапае належнай скрухі і навяртання падчас яе цэлебрацыі. Апошні дакумент Бэнэдыкта ХVI пра Эўхарыстыю Sacramentum Caritatis звяртае ўвагу на тыя ўмовы, якія кожны павінен выконваць, каб яго ўдзел быў плённым. У гэтым дакуменце напісана, што «адна з іх — гэта, зразумела, дух пастаяннага навяртання, які павінен вызначаць жыццё ўсіх вернікаў. Нельга спадзявацца на дзейсны ўдзел у эўхарыстычнай літургіі, калі ўваходзім у яе павярхоўна, не задумваючыся над уласным жыццём» (SC, 55). Эўхарыстыя дае нашай душы любоў да Бога і чалавека, а таксама ачышчае яе ад дрэнных схільнасцяў. Чаму мы здзіўляемся, што нам так цяжка аказваць дапамогу іншым, прымаць іх слабасці, супрацьстаяць спакусам, калі падчас святой Імшы мы забываемся шчыра адкрыць свае сэрцы Хрысту ў Эўхарыстыі.

Нядзеля — гэта дзень плённага прысвячэння часу на малітву, удзел грэшніка ў Эўхарыстыі. Яна патрэбна нам, як дзень, вольны ад штодзённай працы. Нам самім трэба зразумець, што праца не можа быць важнейшаю за чалавека. Менавіта адной з прычынаў панавання зла ў свеце з’яўляецца тое, што праца і сродкі, якія яна дае, ставяцца вышэй за чалавечую годнасць і служэнне агульнаму дабру. Калі мы не будзем ушаноўваць гэты дзень, мы можам стаць нявольнікамі працы. Гэта не праца надае канчатковы сэнс чалавечаму жыццю, але імкненне да святасці, да паяднання з Богам у любові.

Бэнэдыкт ХVI нагадвае, што «нам патрэбны гэты эўхарыстычны хлеб, каб адолець цяжкую вандроўку і не паддацца стоме. Нядзеля, дзень Панскі, — гэта добрая нагода, каб зачарпнуць сілы ад Таго, Хто з’яўляецца Панам жыцця. Такім чынам, наказ святкавання нядзелі не з’яўляецца абавязкам, навязаным звонку, цяжарам, ускладзеным на нашыя плечы. Наадварот, удзел у нядзельнай літургіі, сілкаванне эўхарыстычным хлебам, перажыванне еднасці з братамі і сёстрамі ў Хрысце — гэта ўсё патрэбна хрысціяніну, з гэтага ён чэрпае радасць і патрэбную энергію, каб адолець шлях, якім для яго з’яўляецца кожны тыдзень» (ХХІV Эўхарыстычны кангрэс у Італіі, 29.05.2005).

Адноўлена 18.07.2009 18:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі