Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на працэсію Божага Цела 2007 г.
Мінск, 10 чэрвеня 2007 г.

1. Эўхарыстычная працэсія

Сёння мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую ў народзе інакш называюць святам Божага Цела. Сярод іншых рэлігійных святаў яно вылучаецца тым, што пасля святой Імшы заўсёды адбываецца эўхарыстычная працэсія. Амаль штодня мы чуем пра разнастайныя дэманстрацыі, парады, пікеты, якія праходзяць на вуліцах гарадоў. Часам яны маюць на мэце паказ сілы, іншым разам з’яўляюцца выразам розных поглядаў, якія, на жаль, не заўсёды карысныя для чалавека і якія раней трактаваліся як хвароба, якую можна і трэба лячыць. Дык які сэнс мае наша эўхарыстычная працэсія, якая праходзіць па вуліцах Мінска?

Працэсія ўрачыстасці Божага Цела адбываецца ў духу радасці ўваскрасення. Хрыстус уваскрос і ідзе перад намі. Папа Бэнэдыкт ХVI адзначае, што тэксты, у якіх гаворыцца пра ўваскрасенне Хрыста, вызначаюць два шляхі, куды накіроўваецца наш Пан: «Першы — гэта Галілея. У Ізраэлі Галілея лічылася брамаю, якая вядзе ў свет язычнікаў. Істотна тое, што менавіта ў Галілеі, на вяршыні гары, вучні бачаць Езуса, свайго Пана, які ім гаворыць: „Ідзіце і навучайце ўсе народы“ (пар. Мц 28, 19). Пра другі шлях, куды „ідзе“ Уваскрослы перад намі, гавораць словы Езуса, скіраваныя да Магдалены і змешчаныя ў Евангеллі паводле святога Яна: „Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца“ (пар. Ян 20, 17). Езус „ідзе“ перад намі да Айца, узыходзіць да Бога і заклікае нас ісці следам за Ім» (26.05.2005).

Мы можам смела сказаць, што шлях да дома Айца — гэта мэта нашага жыцця, якая праходзіць праз сведчанне аб Таямніцы Эўхарыстыі. Працэсія Божага Цела з’яўляецца сімвалічным адказам на даручэнне ўваскрослага Хрыста: ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Добрую Навіну ўсім людзям. Мы павінны паказаць моц сакрамэнта Эўхарыстыі па-за сценамі нашых касцёлаў.

 
2. Эўхарыстычная працэсія — сведчанне пра блізкасць Бога

Эўхарыстыя — гэта Езус, які аддае сябе «дзеля жыцця свету» (Ян 6, 51), дзеля жыцця кожнага чалавека, таксама і таго, у каго не было яшчэ магчымасці Яго пазнаць, або таго, хто пакінуў Яго, як марнатраўны сын, які пагардзіў домам свайго айца. Праз Эўхарыстыю Бог заўсёды хоча сустракаць чалавека і даваць яму дар новай любові, перамены самога сябе і свету. Несучы Эўхарыстычнага Хрыста па вуліцах, мы хочам паказаць свету Хлеб Жыцця, які сышоў з неба ў наша штодзённае жыццё. Бэнэдыкт ХVІ сказаў, што «хрысціянская супольнасць у гэты ўрачысты дзень абвяшчае тое, што Эўхарыстыя з’яўляецца для яе ўсім: яе жыццём, крыніцаю любові, якая перамагае смерць. З еднасці з Хрыстом у Эўхарыстыі нараджаецца любоў, якая змяняе нашае жыццё і падтрымлівае нас усіх на шляху да нябеснай айчыны» (18.06.2006).

У Эўхарыстыі Бог спяшаецца на дапамогу ўсім вернікам, якія вандруюць па свеце, поўным агрэсіўнага спажывальніцтва і рэлігійнай абыякавасці. Такое асяроддзе нашага жыцця нагадвае духоўную пустыню, якая, на жаль, можа паглынуць і тых, хто пазнаў Бога ў сям’і і на катэхізацыі. Гэтак, як выбранаму народу, які вандраваў па пустыні, Бог паспяшаўся на дапамогу, даючы яму манну і перапёлак, так і нам Ён спяшаецца на дапамогу. Ён дае нам Эўхарыстыю, каб агрэсіўны свет, які адкідае Бога, не паглынуў нас. Эўхарыстыя — гэта ежа, хлеб, які ратуе ад пажадлівасці цела і вачэй, а асабліва ад жыццёвае пыхі (пар. 1 Ян 2, 16).

Кожнаму з нас патрэбна адчуваць блізкасць з Богам, хоць многія людзі не змаглі прыняць прысутнасць Хрыста ў постацях Цела і Крыві. Па словах Езуса: «Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім» (пар. Ян 6, 56), але мы можам знайсці ў Евангеллі і словы пратэсту: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» (пар. Ян 6, 52). Такія меркаванні і пратэсты ўласцівыя ганарыстым людзям, якія не ведаюць, што ўсім абавязаныя Богу. Нягледзячы на гэта, Езус не змякчыў сваіх словаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (пар. Ян 6, 53). Езус хутчэй бы мог пагадзіцца на страту апосталаў, чым на тое, каб зменшыць значэнне сваіх словаў.

Гэтая сцэна выразна паказвае, што да прысутнасці Хрыста ў постацях Цела і Крыві неабходна падыходзіць з верай і пакорай. Праўда пра чалавека ў тым, што ён асуджаны на паражэнне і будзе пераможаны светам без Бога, калі не ўсталюе сувязі з Езусам Эўхарыстычным. Само рашэнне Хрыста прыняць ад Марыі слабое і недасканалае чалавечае цела сведчыць пра тое, што мы самі не адолеем цяжкага шляху да Нябеснай Айчыны. Толькі дзякуючы Эўхарыстыі цяжкі шлях становіцца шляхам радасці. Гэта дакладна зразумеў святы Пётр, калі сказаў: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

 
3. Эўхарыстычная працэсія — крыніца перамены свету

Несучы па вуліцах Мінска Найсвяцейшы Сакрамэнт, мы хочам нашаму народу і ўсяму свету паказаць найкаштоўнейшы наш скарб — крыніцу радасці і шчасця. Чаму Найсвяцейшы Сакрамэнт з’яўляецца незаменным скарбам для нас і для ўсяго свету?

Бэнэдыкт XVI так тлумачыць значэнне таямніцы, якая здзяйсняецца на Алтары Пана: «Перамяняючы хлеб у сваё Цела і віно ў сваю Кроў [Хрыстус] апярэджвае сваю смерць, прымае яе ў сваім сэрцы і перамяняе ў дзеянне любові. Тое, што звонку з’яўляецца жорсткім насіллем, унутры становіцца выразам любові, якая аддае сябе цалкам. Вось поўнае перамяненне, якое здзейснілася ў Вячэрніку і якое павінна было распачаць працэс пераменаў, канчатковым пунктам якога з’яўляецца перамена свету ажно да такога стану, у якім Бог будзе ўсім ва ўсіх (пар. 1 Кар 15, 28)» [21.08.2005].

Эўхарыстыя перамяняе насілле ў любоў, смерць — у жыццё. Мы можам гэты Сакрамэнт Любові назваць крыніцай дабра, якое нараджаецца ў вялікай колькасці і такім чынам перамагае зло. Праз перамену асобнага сэрца, якое жывіцца частай святой Камуніяй, Эўхарыстыя можа здзейсніць паступовую перамену свету. Усе іншыя спробы перамяніць свет з’яўляюцца павярхоўнымі і кароткачасовымі. Гэта, хутчэй, ідэалогіі, якія прамінаюць, пакідаючы натоўпы нешчаслівых людзей, якія ім паверылі. Усім ім сёння мы хочам паказаць Эўхарыстыю, якая можа адрадзіць у іх надзею, а духоўную смерць ператварыць у новае жыццё Божага дзіцяці. Прапануем сёння ўсяму свету, каб ён прызнаў Бога адзінай сапраўднай мерай таго, што праўдзівае, добрае і прыгожае. Той, каму мы падпарадкоўваемся, ёсць Любоў. Такое падпарадкаванне не навязвае нам чагосьці чужога, але яно адпавядае праўдзе пра чалавека, які пакліканы да поўнага развіцця, да святасці. А як жа інакш можа адбыцца гэтая наша перамена, калі не праз паслухмянасць Таму, хто перамяніў нянавісць у любоў?

Кожны з нас павінен прыняць у сэрца словы святога Паўла, скіраваныя да карынцянаў: «Няхай жа чалавек назірае за самім сабой ды так спажывае гэты хлеб і п’е з гэтага келіха» (1 Кар 11, 28). Нельга спажываць Хрыста, прысутнага ў постаці хлеба гэтак жа, як мы спажываем кавалак звычайнага хлеба. Спажываць гэты хлеб азначае яднацца з Хрыстом, які перамяняе насілле ў любоў. Калі мы прыходзім на святую Імшу, мы павінны мець унутраны настрой мытніка, які не адчуваў сябе годным, каб Езус увайшоў да яго. Нашая нягоднасць павінна праявіцца ў праўдзе пра нас саміх, бо мы часта кіруемся ў сваім жыцці насіллем эгаізму і пыхі. Годна ўдзельнічае ў Эўхарыстыі той, хто чакае, каб дар святой Камуніі перамяніў найперш яго самога, бо яму неабходна гэтая перамена, як галоднаму чалавеку неабходны хлеб.

Кожная Камунія з Хрыстом Эўхарыстычным заахвочвае нас да ўдзячнасці за кожную праяву любові ў нашым жыцці. Я люблю Бога і людзей, бо Хрыстус робіць мяне здольным да любові. Пра гэтую праўду нагадвае нам вучэнне Касцёла. У Катэхізісе мы чытаем: «Як ежа для цела служыць для вяртання страчаных сілаў, так Эўхарыстыя ўзмацняе любоў, якая слабне ў штодзённым жыцці, а ажыўленая любоў здымае штодзённыя грахі. Хрыстус, даючы нам сябе, ажыўляе нашую любоў і робіць нас здольнымі вызваляцца ад неўпарадкаваных прывязанасцяў да стварэнняў [...]» (ККК 1394).

Сёння мы нясем Хрыста, прысутнага ў постаці хлеба, па вуліцах нашых гарадоў і вёсак, каб паказаць крыніцу любові да бліжняга і да Бога. Запрашаем усіх адчыніць дзверы сваіх сэрцаў і дамоў перад Эўхарыстыяй, якая пераменіць іх жыццё. Мы жадаем, каб любоў Бога, скрытая ў Нябесным Хлебе, благаславіла нашую сталіцу, каб прамень гэтага благаслаўлення дасягнуў кожнага сэрца. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 18:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі