Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Нясвіж, спатканне генеральных сакратароў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы)
Нясвіж, 17 чэрвеня 2007 г.

Сустрэча прадстаўнікоў партыкулярных Касцёлаў

Сёння мы сабраліся тут як прадстаўнікі розных партыкулярных Касцёлаў. На мове хрысціянства слова «Касцёл» мы выкарыстоўваем для акрэслення літургічнага сходу, мясцовай супольнасці, а таксама ўсёй паўсюднай супольнасці вернікаў. Неабходна падкрэсліць, што тры гэтыя значэнні непарыўна звязаныя. Касцёл — гэта народ, які Бог збірае на ўсім свеце. Ён існуе ў мясцовых супольнасцях і рэалізуецца як літургічны сход, перадусім падчас Эўхарыстыі.

У супольнасцях, з якіх мы прыбылі, хоць яны часам нешматлікія, бедныя або жывуць на вялікай адлегласці адна ад адной, заўсёды прысутнічае Хрыстус, моц якога збірае адзін, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл.

Святы Ігнацый Антыяхійскі першы ў хрысціянскай літаратуры надае Касцёлу прыметнік «каталіцкі», гэта значыць «паўсюдны»: «Там, дзе ёсць Хрыстус, — сцвярджае ён, — там ёсць каталіцкі Касцёл» («Да жыхароў Смірны» 8, 2).

У Касцёла няма іншага святла, апроч святла Хрыста. Паводле вобразу, дарагога айцам Касцёла, Касцёл падобны да месяца, усё святло якога з’яўляецца адбіткам сонечнага святла.

Як сакрамэнт, Касцёл з’яўляецца прыладай Хрыста. У Яго руках ён — «прылада Адкуплення ўсіх», «паўсюдны сакрамэнт збаўлення». Праз пасрэдніцтва Касцёла Хрыстус паказвае і рэалізуе таямніцу любові Бога да чалавека. Намер Хрыста ў адносінах да чалавецтва заключаецца ў тым, «каб увесь чалавечы род уяўляў з сябе адзіны Божы народ, яднаўся ў адзінае Цела Хрыста» (ККК, 776).

Кожны партыкулярны Касцёл, каб трываць у паўсюдным Касцёле, пакліканы да пераадолення ўласнай абмежаванасці; пэўных наслаенняў, якія ён мае, выходзячы з асяроддзяў, раней прасякнутых рознымі формамі язычніцтва або памылковых філасофій жыцця. Бэнэдыкт XVI сказаў, што да «каталіцкасці, якая ўжо была нам дадзена (...), мы павінны, аднак, увесь час нанава імкнуцца» (29.05.2005 г.). Мы імкнёмся да яе, калі стараемся, каб партыкулярныя Касцёлы ачысціліся ад бар’ераў паміж класамі і расамі. Ні пра каго нельга забывацца і нікім нельга пагарджаць, усе мы павінны быць вольнымі братамі і сёстрамі ў Езусе Хрысце. Каталіцкасць ахоплівае не толькі гарызантальнае вымярэнне, гэта значыць сабранне ў супольнасць вялікай колькасці асобаў. Яна мае ў сабе таксама вертыкальнае вымярэнне. Толькі калі мы скіроўваем наш позірк да Бога, адкрываючы перад Ім свае сэрцы, мы можам сапраўды стаць адзіным паўсюдным Касцёлам. Вучэнне Касцёла кажа нам, «што еднасць паміж людзьмі грунтуецца на з’яднанні з Богам» (ККК, 775).

У імкненні пераадолець грэх, перашкоду, што стаіць на шляху еднасці з Богам, мы будуем еднасць усіх людзей, нягледзячы на іх рознасць. Арыген напісаў: «Там, дзе ёсць грэх, з’яўляецца супярэчнасць, схізма, ерась і нязгода. Затое там, дзе ёсць цнота, існуе еднасць, супольнасць, якая вядзе да таго, што ўсе веруючыя маюць адно цела і адну душу» (пар. ККК, 817).

Падстава еднасці — гэта здольнасць народаў уздымацца над уласнымі абмежаваннямі і змагацца з грахом, каб вярнуцца да адзінага Бога. Айцец каталіцкай тэалогіі, святы Ірэнэй Ліёнскі, які жыў у другім стагоддзі, сказаў пра сувязь паміж каталіцкасцю і еднасцю вельмі прыгожыя словы: «Касцёл, рассеяны па ўсім свеце, старанна сцеражэ гэтую дактрыну і гэтую веру, ствараючы як бы адну сям’ю: адна вера, якую вызнае адна душа і адно сэрца, адно прароцтва, адно вучэнне і традыцыя, якія вынікаюць як бы з адных вуснаў. Розныя ёсць мовы ў розных кутках зямлі, але адна і тая ж сіла традыцыі. Касцёл у Германіі мае не іншую веру або традыцыю, чым Касцёл у Іспаніі, Галіі, Егіпце, Лівіі, на Усходзе ці ў Цэнтральнай частцы Еўропы. Гэтак жа, як сонца, якое з’яўляецца творам Бога, адно і тое ж ва ўсім свеце, гэтак жа, як і святло сапраўднага вучэння ззяе і асвячае ўсіх людзей, якія імкнуцца да пазнання праўды» (Супраць ерасяў., I, 10, 2).

Адноўлена 18.07.2009 18:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі