Гамілія Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстай святой Імшы аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ (Валожын, 2007 г.) |
Касцёл святога Юзафа, 1. Асвячэнне фігуры Сёння мы сабраліся, каб асвяціць фігуру Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які на працягу апошніх 27 гадоў свайго жыцця выконваў абавязкі біскупа Рыма, быў Намеснікам Хрыста на зямлі. Гэта надзвычайнае заданне, якое вышэй за усялякія чалавечыя сілы. Пра плён гэтага служэння яскрава сведчаць паводзіны тых, хто сабраўся на пахаванні Слугі Божага, многія з якіх прынеслі транспаранты з надпісам: «Ужо святы». Давайце на хвіліну паразважаем над тым, як праяўлялася святасць у жыцці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Гэта можа нам дапамагчы ў нашых асабістых намаганнях на шляху да святасці, да якой асаблівым чынам мы пакліканыя ў гэтым годзе. Неабходна сказаць, што ўжо з юнацкіх гадоў Караль Вайтыла цаніў дар малітвы і праяўляў любоў да яе. Ён быў заўсёды верны гэтаму дару, ажно да хвіліны сваёй смерці. У яго былі вызначаны канкрэтныя гадзіны дня, прысвечаныя выключна малітве. Ён распачынаў дзень з ранішняй адарацыі, малітвы брэвіярыя і медытацыі. Потым — святая Імша, якая для яго «была цэнтрам жыцця і кожнага дня», — як сказаў ксёндз Дзівіш. Пасля абеду была малітва ў капліцы, а пасля паўдзённага адпачынку — яшчэ даўжэйшая малітва. Штодзённа ён маліўся цэлы Ружанец, у яго быў час на рэгулярнае чытанне Святога Пісання. Кожны чацвер Папа адпраўляў Святую гадзіну, а кожную пятніцу — Крыжовы шлях. Яго малітве былі ўласцівыя забыццё пра штодзённыя клопаты, а таксама глыбокая засяроджанасць. Слуга Божы Ян Павел ІІ з лёгкасцю ўмеў спалучаць малітву з працаю. Саму працу ён не толькі ахвяраваў Хрысту, але пранізваў яе малітваю так, што праца станавілася працягам малітвы. Сведчаннем гэтага быў кленчнік, на якім ён працаваў і пісаў у капліцы, а таксама фрагменты малітваў, якімі распачынаў і нумараваў старонкі сваіх рукапісаў. На прыкладзе Слугі Божага мы выразна бачым, што шлях да святасці патрабуе асабістай малітвы. Можна без перабольшання сказаць: той, хто не моліцца ў цішыні, засяроджанні і адзіноце, не можа дайсці да святасці ўжо тут, на зямлі. Асаблівае значэнне мае Эўхарыстыя, якая з’яўляецца невычэрпнай крыніцай святасці. Як сказаў Бэнэдыкт XVI, хрысціянін, удзельнічаючы ў Ахвяры Хрыста, «атрымлівае ў жыцці здольнасць любіць усімі сваімі адносінамі і ўчынкамі». Аўтэнтычная і глыбокая сувязь з Богам заўсёды вядзе да ўнутранай свабоды. Пра гэта нагадвае нам вучэнне Касцёла, указваючы на тое, што «адарацыя Адзінага Бога вызваляе чалавека ад замкнёнасці ў сабе, ад няволі граху і ідалапаклонства» (ККК, 2097). Тое, што сустрэчу з Богам на малітве Слуга Божы Ян Павел ІІ паставіў на першае месца, прывяло яго да незвычайнай унутранай свабоды, якая мела шмат праяваў. Караль Вайтыла, таксама будучы Папам, быў чалавекам канкрэтнага і радыкальнага ўбоства. Ён жыў настолькі ўбога, без аніякай раскошы, што, здавалася, яму нічога не патрэбна. Ён быў абсалютна не прывязаны да грошай і рэчаў. Адарацыя Бога дапамагла Яму вызваліцца ад замкнёнасці ў сабе, якую спазнае кожны чалавек, пазначаны першародным грахом. Слуга Божы Ян Павел ІІ быў вольны ад самога сябе, ён не імкнуўся да асабістага поспеху або самарэалізацыі. Можна меркаваць, што свабода ў ім сфармавалася ў пераломны момант, калі ў юнацкія гады ён адказаў на святарскае пакліканне, перамагаючы захапленне, якое выклікала ў яго пакліканне да тэатру, мастацтва і літаратуры. Бэнэдыкт XVI у другую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ сказаў: «Яго пантыфікат прайшоў пад знакам „марнатраўства“, велікадушнага спальвання сябе без рэшты. Чым жа ён кіраваўся, калі не містычнай любоўю да Хрыста — Таго, які 16 кастрычніка 1978 года паклікаў яго словамі цырыманіялу: „Magister adest et vocat te (Настаўнік тут і заклікае цябе)“» (04.03.2007 г.). Вызваленне ад самога сябе ўчыніла Слугу Божага Яна Паўла ІІ свабодным таксама ў адносінах да іншых людзей. Ён быў гатовы слухаць і прымаць крытыку. Ён хацеў супрацоўнічаць з іншымі і шанаваў свабоду сваіх супрацоўнікаў. Аднак ён заўсёды ўмеў быць самастойным ў прыняцці рашэнняў. Ён не адмаўляўся ад цяжкіх і невыгодных пасадаў. Яго рашэнні заўсёды былі прадыктаваныя клопатам пра Евангелле і дабро для іншага чалавека. Гледзячы на жыццё Слугі Божага, мы можам убачыць, як важна падпарадкоўвацца Божай волі. Бог заўсёды вядзе нас да ўнутранай свабоды, так, як чыніў гэта з абраным народам, выводзячы яго з егіпецкай няволі. Часам Бог чакае ад нас розных адрачэнняў, але нам ніколі нельга забывацца пра тое, што Ён робіць гэта, таму што клапоціцца пра нас. Папа Бэнэдыкт XVI у гаміліі падчас сваёй першай папскай святой Імшы заахвочваў давяраць Божым планам у адносінах да нас: «Яшчэ раз Папа жадае сказаць: (...) той, хто ўпускае да сябе Хрыста, не губляе нічога, абсалютна нічога з таго, што чыніць яго жыццё свабодным, прыгожым і вялікім. Не! Толькі ў гэтым сяброўстве адкрываюцца насцеж дзверы жыцця. Толькі ў гэтым сяброўстве сапраўды адкрываюцца вялікія магчымасці чалавека. Толькі ў гэтым сяброўстве мы спазнаем тое, што прыгожае і што дае свабоду». Сапраўдная любоў да Бога неад’емная ад любові да бліжняга і ад гарачага жадання, каб ён быў збаўлены. Любоў Яна Паўла ІІ да Бога павінна была праявіцца ў адданасці братам, у клопаце пра іх зямныя патрэбы. Ён аказваў матэрыяльную дапамогу бедным і тым, хто жыве ў нястачы. Ён аддаваў ім уласныя ахвяраванні, атрыманыя ад іншых людзей. Адна з польскіх жанчын расказала пра выпадак, які меў месца ў 1967 годзе. Яна атрымала ад Караля Вайтылы коўдру, якую той аддаў са свайго ўласнага ложка. Ён праяўляў вялікую ўвагу і сардэчны клопат у адносінах да хворых. Гэта праяўлялася ў тым, што ён рэгулярна іх наведваў, а таксама маліўся за іх. Яго сэрца было заўсёды адкрыта для ўбогіх, малых і церпячых. Слуга Божы Ян Павел ІІ быў глыбока перакананы ў тым, што задавальненне зямных клопатаў не зробіць шчаслівым ніякага чалавека, беднага ці багатага. Чалавечае сэрца будзе неспакойным, пакуль не знойдзе супакой ў Богу. Караль Вайтыла жадаў ахвяраваць людзям перадусім Езуса Хрыста, які з’яўляецца Хлебам Жывым і Адкупіцелем чалавека. Ён быў «спантанным прапаведнікам» Евангелля ўсім і ў любых абставінах. Яго душпастырскі клопат ахапіў увесь свет. Ён прапанаваў праграму «новай евангелізацыі» і прысвяціў ёй сябе без рэшты. Ён асабіста даў гэтаму прыклад праз шматлікія місіянерскія падарожжы і новыя сродкі евангелізацыі — такія, як, напрыклад, Сусветныя дні моладзі. Папа Бэнэдыкт XVI на V Генеральнай канферэнцыі епіскапату Лацінскай Амерыкі і Карыбскіх астравоў сказаў: «Папа Ян Павел ІІ заклікаў да новай евангелізацыі (...). Не якая-небудзь палітычная ідэалогія, не грамадскі рух, не эканамічная сістэма, але вера ў Бога-Любоў, уцелаўлёнага, памерлага і ўваскрослага ў Езусе Хрысце», з’яўляецца фундаментам сапраўднага шчасця чалавека (13.05.2007 г.). На прыкладзе Слугі Божага Яна Паўла ІІ мы можам убачыць, што шлях да святасці вядзе праз клопат пра збаўленне бліжніх. Кожны з нас павінен прыкласці намаганні, дапамагаць іншым адкрыць любоў Бога да чалавека. Неабходна гэта рабіць у такім аб’ёме, які дазваляе нам стан, у якім мы жывем. Аднак ніхто не вызвалены ад гэтага: ні бацькі, ні самотныя асобы, ні, тым больш, духоўныя асобы. Той, хто клапоціцца пра збаўленне іншых, сам пачынае глыбей разумець сваю веру і ачышчаецца ад эгаістычнага клопату толькі пра сваё збаўленне. Жыццё Яна Паўла ІІ было пазначана крыжам і цярпеннем. Ужо ў раннім дзяцінстве ён страціў маці і ў хуткім часе брата, а потым, у гады юнацтва, бацьку. Ян Павел перажыў трагедыю вайны і насілля, спазнаў фізічны боль, калі трапіў пад нямецкі грузавік і атрымаў даволі сур’ёзную траўму. Цярпенне зноў увайшло ў яго жыццё 13 мая 1981 года, калі адбыўся замах на плошчы святога Пятра ў Рыме. Прасякнуты даверам да Бога, які з’яўляецца Панам гісторыі, а таксама сыноўняму даверу да Найсвяцейшай Панны Марыі, Ян Павел ІІ быў заўсёды ўпэўнены ў тым, што гэты стрэл не стаў прычынаю смерці толькі дзякуючы заступніцтву Марыі і ўмяшальніцтву Усемагутнага. Замах на яго жыццё аслабіў Святога Айца настолькі моцна, што ўжо цалкам вярнуць страчанае здароўе яму не ўдалося. Пазней надышлі доўгія гады выздараўлення, а потым — безупыннае мучаніцтва, выкліканае пакутлівай хваробаю. Аднак ён зносіў хваробу і фізічны боль спакойна і цярпліва, з настойлівасцю працягваў выконваць, на колькі гэта было магчыма, свае абавязкі, не даючы іншым адчуць цяжару сваіх недамаганняў. На самай справе Караль Вайтыла навучыўся жыць з цярпеннем і крыжам не толькі з уласнага жыццёвага вопыту, але таксама са сваёй уласнай духоўнасці, з асабістай сувязі з Богам. Яго тэстамэнт пачынаўся словамі «Хачу за ім рушыць», а жадаючы ісці за Панам, ён зразумеў і прыняў, што трэба пагадзіцца на ўсё, што вызначае Бог. Бэнэдыкт ХVІ пра вопыт цярпення Слугі Божага Яна Паўла ІІ сказаў: «У жыцці Караля Вайтылы слова „крыж“ не было толькі словам. Ужо ў дзяцінстве і маладосці ён спазнаў боль і смерць. Як святар і як біскуп, а перадусім як Папа, ён вельмі сур’ёзна прыняў апошні заклік уваскрослага Хрыста да Сымона Пятра на беразе Галілейскага возера: „Ідзі за Мною... Ты ідзі за Мною“ (гл. 21, 19. 22). Асабліва праз павольнае, але безупыннае пагаршэнне стану здароўя, што паступова пазбаўляла яго ўсяго, яго існаванне цалкам стала ахвяраю для Хрыста, жывым аб’яўленнем Яго мукі, у поўнай веры надзеі на ўваскрасенне» (03.04.2007). Варта нагадаць, што на шляху да святасці нас чакаюць цярпенні. Яны з’яўляюцца неабходным сродкам для ачышчэння ад эгаізму. Цярпенні, прынятыя з верай у тое, што яны намі справядліва заслужаны, ачышчаюць нас так, што мы можам пасля смерці трапіць проста ў абдымкі любячага Айца, абмінаючы чысцец. Слуга Божы Ян Павел ІІ дапамог нам зразумець, што з’яўляецца важным на шляху да святасці. Яго жыццё паказала нам малітву, паслухмянасць Божай волі, клопат пра душу і цела бліжніх, згоду на крыж і цярпенні як неабходныя намаганні на шляху да святасці. Не трэба забывацца пра тое, што яго жыццё дапамагло кожнаму зразумець, што Бог ёсць любоў, што праз пасрэдніцтва Маці Божай Ён асаблівым чынам апякуецца намі. Асвячэнне фігуры Слугі Божага Яна Паўла ІІ з’яўляецца праявай удзячнасці Богу за тое, што Ён даў нашаму часу прыклад святасці, якую кожны з нас можа наследаваць. Нашыя намаганні ўключаюцца ва ўдзячнасць Богу, якую выказаў Бэнэдыкт XVI у другую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ. Да ўсяго Касцёла ён скіраваў наступныя словы: «Мы жадаем перадусім (...) падзякаваць Богу за тое, што Ён даў нам на амаль што 27 гадоў айца і надзейнага правадыра ў веры, руплівага пастыра і мужнага прарока надзеі, нястомнага сведку і палымянага слугу Божай любові. (...) Я маю на ўвазе светлае сведчанне любові Яна Паўла ІІ да Хрыста без агаворак і без асцярогі. Зразумела, гэта выкарысталі мы, якія былі яму блізкія, і мы дзякуем за гэта Пану Богу, але радавацца гэтаму маглі таксама тыя, хто ведаў яго здалёк, бо любоў Папы Вайтылы да Хрыста разлілася, можна сказаць, ва ўсіх рэгіёнах свету — настолькі яна была моцная і інтэнсіўная. Ці не з’яўляюцца павага, пашана і любоў, якія веруючыя і няверуючыя выказвалі пасля яго смерці, красамоўным гэтага сведчаннем?» (04.03.2007 г.). На заканчэнне памолімся аб хуткай бэатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ: «Тваёй абароне...». Амэн. |
Адноўлена 18.07.2009 18:28 |