Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстай святой Імшы з нагоды ўзнагароджання кс. Юзафа Пятушкі медалём «Pro Ecclesia et Pontifice»

Касцёл Народзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі,
Барысаў, 8 ліпеня 2007 г.

1. Святкаванне ўрачыстасці

У дзень Панскі мы збіраемся на супольную цэлебрацыю Найсвяцейшай Ахвяры. Мы хочам, каб Бог павучыў нас сваёю мудрасцю, Божым словам, Найсвяцейшым Целам і сваёю Крывёю ўмацаваў нашую волю ў імкненні да дабра. Разам з тым, сёння ксяндзу Юзафу Пятушку будзе ўручана касцёльная ўзнагарода Pro Ecclesia et Pontifice — за заслугі перад Касцёлам і Папам. Урывак з сённяшняга Евангелля паводле святога Лукі з’яўляецца Божым святлом, якое тлумачыць нам гэтую падзею.

У Евангеллі гаворыцца, што падчас сваёй зямной місіі Езус збіраў вакол сябе вучняў, каб яны неслі свету Добрую Навіну. У дадатак, моцаю свайго аўтарытэту, Ён кліча і ўстанаўлівае Дванаццаць Апосталаў, «каб з Ім былі і каб пасылаць іх прапаведаваць, і каб мелі яны ўладу аздараўляць ад хваробаў і выганяць дэманаў» (пар. Мк 3, 14–15). Вучні, якіх Езус пасылае перад сабою ў гарады і вёскі, дзе Ён будзе абвяшчаць Божае пасланне, — гэта зародак свецкіх і духоўных асобаў, якія павінны дапамагаць адно аднаму ў службе збаўлення свету. У Евангеллі падкрэсліваецца еднасць свецкіх і духоўных асобаў у апостальскай працы. Гэтую еднасць падкрэслівае таксама ўзнагарода, якая ўручаецца ксяндзу Юзафу Пятушку. Такую ўзнагароду атрымліваюць як духоўныя асобы, так і свецкія католікі.

Паколькі сёння мы ўручаем яе святару, то спачатку звернем увагу на ролю святара ў справе евангелізацыі вёсак і гарадоў. У Евангеллі паводле святога Лукі Езус гаворыць: «Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне» (пар. Лк 10, 16). У гэтых словах Езус устанаўлівае шчыльную сувязь паміж заданнем Апосталаў і сваёю ўласнаю місіяй, якая непасрэдна паходзіць ад Бога і з’яўляецца выразам улады самога Бога (пар. Мц 7, 29; 21, 23; Мк 1, 27; 11, 28; Лк 20, 2; 24, 19). Гэтак жа місія, якую даручыў Езус і якую павінны выконваць Апосталы, паходзіць ад Бога (пар. Pastores dabo vobis, 14). Па Божым устанаўленні наступнікамі Апосталаў як пастыраў Касцёла з’яўляюцца біскупы. У клопаце пра чалавечыя душы біскупам дапамагаюць святары. Кожны святар, які працуе ў еднасці са сваім біскупам, гэтак жа як і ксёндз Юзаф Пятушка, удзельнічае ў місіі, што непасрэдна паходзіць ад Бога. Пра святара мы можам сказаць «alter Christus», гэта значыць другі Хрыстус.

Цесную сувязь паміж святаром і Богам мы можам убачыць у духоўнасці святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Тады, калі сямігадовая дзяўчынка павінна была прыступіць да першай споведзі, яна напісала сваёй сястры Паўліне: «Ты рупліва рыхтавала мяне, кажучы, што не перад чалавекам, а перад Добрым Богам я буду вызнаваць свае грахі. Я была ў гэтым моцна перакананая, таму спавядалася ў такім вялікім духу веры, што запыталася ў цябе, ці не трэба мне сказаць айцу Дзюсэлье, што люблю яго ўсім сэрцам, бо ў яго асобе буду прамаўляць да самога Пана Бога» (Аўтабіяграфічныя рукапісы, «А» — Маці Агнешцы ад Езуса, Folio 16 v.; s. 32–34).

 
2. Заданне святара — абвяшчаць Божае слова

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які бачыць у людзях, сабраных вакол Яго, «жніво» Бога Айца, якое спее для таго, каб яго сабраць. Езус моцна верыць, што насенне Божага слова заўсёды прыносіць плён. Жніво Бога пастаянна расце, нават тады, калі гэты рост незаўважны для чалавечых вачэй. Жыццё святара, сутнасць яго паклікання і служэння — гэта наследаванне Езуса. Святар павінен клапаціцца пра «жніво» Бога Айца. Ён павінен з надзеяй ісці праз гарады і вёскі, навучаць, абвяшчаць Евангелле пра Божае Валадарства. Святар не можа пазбавіцца гэтага абавязку нават тады, калі чалавечыя вочы не бачаць плёну.

Не толькі вернікі павінны бачыць сувязь святара з Богам. Ён сам павінен у паводзінах, думках і імкненнях усё больш прыпадабняцца да Хрыста. Бэнэдыкт ХVІ сказаў, што «больш блізкае наследаванне адчуванняў Настаўніка вядзе святара да таго, што ён будзе падзяляць Яго поўную даверу перспектыву, будзе вучыцца глядзець на людзей свайго атачэння, як на „Божае жніво“, якое саспела і якое трэба скласці ў нябесны „сві2ран“ (пар. Мц 13, 30). Праз яго будзе такім чынам дзейнічаць ласка, што ён зможа дапамагчы таксама і іншым людзям даць сур’ёзны і велікадушны адказ на Божае пакліканне» (пар. 14.09.2006 г.).

Святы Аўгустын называў святара «vox Christi», гэта значыць «голас Хрыста». Святар, па прыкладзе святога Яна Хрысціцеля, павінен успрымаць сябе як просты «голас», пасланы абвяшчаць Хрыста, «Слова» Бога Айца. Падобна святому Яну Хрысціцелю святар з’яўляецца толькі «вестуном», слугою Уцелаўлёнага Слова. Ён павінен ставіць у цэнтр не сябе самога, але Хрыста, «голасам» якога ён павінен быць усім сваім жыццём.

 
3. Свецкія супрацоўнікі духоўных асобаў

Езус запрашае на Божае «жніво» не толькі апосталаў і іх наступнікаў — біскупаў і святароў. У Евангеллі гаворыцца пра рассыланне сямідзесяці вучняў у гарады і вёскі. У вучнях мы можам бачыць хрысціянаў, запрошаных да евангелізацыі свету. У дакументах Другога Ватыканскага Сабору чытаем наступныя словы: «(...) Святы Сабор нанава запрашае ўсіх свецкіх з кожным днём усё больш цесна яднацца з Ім [Хрыстом], а, лічачы Яго справу сваёю ўласнаю (пар. Флп 2, 5), аб’ядноўвацца ў Яго збаўчай місіі; Ён рассылае іх ізноў у кожны горад і мясцовасць, куды сам павінен ісці (пар. Лк 10, 1); заклікае, каб праз розныя формы і метады адзінага апостальства Касцёла (...) былі Яго супрацоўнікамі, якія заўсёды старанныя ў працы Пана, ведаючы, што іх праца не дарэмная ў Пану (пар. 1 Кар 15, 58)» (Apostolicam actuositatem, 33).

Касцёл вельмі цэніць у душпастырскай працы аб’яднанне сілаў духоўных і свецкіх асобаў. Адной з праяваў высокай ацэнкі гэтых намаганняў з’яўляецца ўзнагарода Pro Ecclesia et Pontifice, якою Касцёл вылучае таксама свецкіх католікаў.

 
4. Заклік да клопату пра пакліканні

Для таго, каб Добрая Навіна дайшла да гарадоў і вёсак усяго свету, неабходныя новыя пакліканні да святарскага служэння. Неабходныя таксама пакліканні да служэння Евангеллю свецкіх асобаў, якія будуць супрацоўнічаць з духавенствам на карысць евангелізацыі свету.

У сённяшнім урыўку з Евангелля Езус заахвочвае нас да таго, каб мы прасілі Пана жніва адарыць Касцёл новымі пакліканнямі. Бэнэдыкт XVI, даючы тлумачэнне падобным словам з Евангелля паводле святога Мацвея, звяртае ўвагу на тое, што Езус не заахвочвае сваіх вучняў, «ісці клікаць іншых ахвотнікаў, ці праводзіць рэкламную кампанію, каб здабываць новых прыхільнікаў, але заклікае іх „прасіць“ Бога» (14.09.2006 г.).

Гэта не значыць, што душпастырства пакліканняў павінна абмежавацца толькі малітваю. Езус указвае на евангельскую логіку — логіку пшанічнага зярняці ў адрозненне ад логікі гэтага свету — логікі лічбаў і дасягненняў. Логіка пшанічнага зярняці, якое прыносіць плён, калі ўпадзе ў зямлю і памрэ, азначае неабходнасць жыцця, угрунтаванага ў Богу. Толькі той, хто напоўнены любоўю Езуса, хто носіць у сваім сэрцы спачуванне да згубленых людзей, можа прыцягваць новых працаўнікоў для Божага Валадарства.

«Працаўнікамі» на жніве ў Пана могуць быць тыя свецкія і духоўныя асобы, якія жадаюць і могуць ісці следам за Езусам. Бэнэдыкт XVI адзначае, што ўмовай гэтага шляху з’яўляецца «вызваленне» ад сябе самога і поўная згода з Яго воляй. Гэта нялёгкая справа, бо супярэчыць нашай сутнасці, скіравана супраць «сілы цяжару», якая ідзе ў кірунку нашага ўласнага «эга» (14.09.2006 г.).

Хацелася б пажадаць ксяндзу Юзафу надалей заставацца шчырым сведкам самаадрачэння, сведкам жыцця, угрунтаванага ў Богу. Я глыбока перакананы, што яго праца ў Касцёле на Беларусі ўжо прынесла плён. Жадаю, каб таксама хтосьці са свецкіх выхаванцаў ксяндза Юзафа атрымаў у будучым узнагароду Pro Ecclesia et Pontifice. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 18:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі