Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на адкрыццё Міжнароднага фестывалю хрысціянскай музыкі «Магутны Божа» 2007 г.
Магілёў, 12–21 ліпеня 2007 г.

1. Спеў як частка мастацтва

Сёння мы распачынаем XV міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі «Магутны Божа». З гэтай нагоды сабраліся шматлікія вернікі, духавенства і біскупы. Можа, дзіўна, што біскупы удзельнічаюць у адкрыцці фестывалю, бо здаецца, што гэтае мерапрыемства, далёкае ад заданняў наступнікаў Апосталаў. Трэба нагадаць, што біскупы ў першую чаргу адказваюць за абвяшчэнне паслання Божай Любові, якая найбольш поўна праявілася ў асобе Хрыста. Касцёл для рэалізацыі гэтага задання выкарыстоўвае розныя сродкі. Адным з іх з’яўляецца мастацтва. Наш фестываль прысвечаны той галіне мастацтва, якая перадусім паклікана сведчыць пра Евангелле. Прысутнасць біскупаў указвае на неабходнасць адкрыцць сябе на ўсе формы сведчання пра Добрую Навіну. Мы знаходзімся тут, бо напоўнены глыбокай надзеяй на тое, што дзякуючы фестывалю «Магутны Божа» шмат людзей знойдзе шлях да Бога ці яшчэ больш сцісла з’яднацца з Ім.

Касцёл стаіць перад складаным заданнем — паказаць у прывабным святле і зрабіць заўважнаю духоўную рэчаіснасць, нябачную, якая датычыцца таямніцы Бога. Неабходна выказаць у зразумелых і даступных формах тое, што само па сабе не мае вобразаў. Касцёл для спаўнення гэтага задання карыстаецца дапамогаю мастацтва, бо менавіта яно мае здольнасць узяць нейкі аспект паслання Божай Любові і перакласці яго на мову колераў, формаў і гукаў. Яны могуць дапамагчы асобе, якая слухае або глядзіць, зразумець пасланне Евангелля. Акрамя таго, мастацтва мае такую ўласцівасць, што яна не пазбаўляе само пасланне Евангелля ні трансцэндэнтнага вымярэння, ні прыроды таямніцы.

Мастацтва імкнецца дайсці да чалавека, паказваючы яму прыгажосць. Яно наследуе тое, што чыніў Бог, калі ствараў свет. Бог бачыў, што тое, што Ён стварыў, было добрае, бачыў таксама, што яно было прыгожым. Прыгожым можа быць толькі тое, што чыніць бачным дабро. Такім чынам, касцёльнае мастацтва праз прыгажосць павінна ўказваць і скіроўваць увагу на самае важнае дабро ў жыцці чалавека, якім з’яўляецца вера, асабістая сувязь з Богам праз прыняцце Яго любові. Вельмі трапна акрэсліў сувязь прыгажосці і дабра веры польскі паэт Цыпрыян Норвід. Ён напісаў такія словы: «(...) Прыгажосць існуе для таго, каб заахвочваць да працы — працы дзеля ўваскрасення».

 
2. Роля спеву ў жыцці Касцёла

Пазнанне Божай Любові здзяйсняецца праз веру. Вера можа ўзбагачацца пад уплывам мастацкага перажывання. Прыкладам эстэтычнай кантэмпляцыі, якая вядзе да вышыняў веры, з’яўляюцца словы, якія сказаў святы Францішак Асізскі, калі атрымаў стыгматы Хрыста на гары Альверні: «Ты — прыгажосць (...). Ты — прыгажосць!». Святы Бонавэнтура так пракаментаваў гэтыя словы: «У прыгожых рэчах ён сузіраў Найпрыгажэйшага, а, ідучы слядамі, якія пакінуў Ён у стварэннях, усюды шукаў Умілаванага».

Кожная сапраўдная форма мастацтва з’яўляецца своеасаблівым шляхам да адкрыцця больш глыбокай сутнасці чалавека і свету. Тым самым з’яўляецца таксама вельмі добрым увядзеннем у перспектыву веры. З часоў Грыгорыя Вялікага распачаўся буйны росквіт надзвычай арыгінальнай сакральнай музыкі, якая носіць яго імя. Натхнёная мелодыка грыгарыянскага харалу павінна была стаць у наступныя стагоддзі характэрнай формай выказвання веры Касцёла ў музыцы падчас літургічнай цэлебрацыі святых таямніцаў. Так «прыгажосць» ядналася з «праўдай», каб таксама дарогамі мастацтва пераносіць чалавечыя душы з пачуццёвага свету ў вечную рэчаіснасць.

Слуга Божы Ян Павел ІІ ў пасланні, скіраваным да людзей мастацтва, напісаў такія словы пра творцаў музыкі: «Касцёлу неабходныя таксама музыканты. Колькі ж твораў сакральнай музыкі было напісана на працягу стагоддзяў творцамі, прасякнутымі глыбокім адчуваннем таямніцы! (...). Спеў дазваляе перажываць веру як стыхійную радасць і любоў, як даверлівае чаканне збаўчага Божага ўмяшальніцтва» (п. 12).

 
3. Умовы, якім павінен адпавядаць сакральны спеў

Заданне сакральнай музыкі — весці да пазнання чалавека і свету, абуджаць веру ў Бога. Для таго, каб гэтая мэта была дасягнута, рэлігійны спеў павінен адпавядаць некалькім абавязковым умовам.

Першай з іх з’яўляецца ўгрунтаванасць тэкстаў песень на Святым Пісанні. У Канстытуцыі пра Літургію падкрэсліваецца, што тэксты, прызначаныя для касцёльных спеваў, павінны адпавядаць каталіцкаму вучэнню. Неабходна іх чэрпаць перадусім са Святога Пісання (пар. Sacrosanctum Concilium, 121). Спеў павінен выяўляць таямніцу, заключаную ў словах Святога Пісання, бо гэтая Кніга Жыцця апісвае падзеі, праз якія Бог выбавіў чалавека з няволі граху і праз якія дараваў яму сваю прабачальную любоў. Спеў, прасякнуты тэкстамі Святога Пісання, абуджае ў чалавеку дух малітвы.

Першыя хрысціянскія супольнасці складалі свае гімны і песні, чэрпаючы натхненне са Святога Пісання. Таму іх песні славілі незвычайныя справы, якія Бог здзейсніў у сваім Сыне: Яго Уцелаўленне, Яго Смерць, якая перамагла смерць, Яго Уваскрасенне і Унебаўшэсце праваруч Айца.

Сакральны спеў павінен весці да праслаўленя Бога і асвячэння вернікаў. Аўтар апакаліпсісу, спрабуючы растлумачыць тое, што павінна адбыцца ў будучым, апісвае прарокаў і святых, якія страцілі жыццё на зямлі, даючы сведчанне пра Езуса, што пяюць хвалу Таму, які сядзіць на Троне, а таксама Ягняці (пар. ККК, 2642). У адзінстве з імі Касцёл на зямлі таксама пакліканы праслаўляць Бога і выказваць падзяку за «ўсялякі дасканалы дар, які паходзіць звыш ад Айца святла» (пар. Як 1, 17). Святое Пісанне заахвочвае, каб наш спеў быў выразам праслаўлення Бога: «Настаўляйце саміх сябе псальмамі і гімнамі, і спевамі духоўнымі, спяваючы і выслаўляючы Пана ў сэрцах вашых» (пар. Эф 5, 19; Клс 3, 16). Праслаўленне і ўсхваленне Бога падтрымівае ў нас веру ў Яго ўсемагутнасць, а яна ў сваю чаргу захоўвае надзею насуперак чалавечай надзеі. Такім чынам сакральны спеў вядзе да асвячэння вернікаў: «справядлівы вераю жыць будзе» (пар. Sacrosanctum Concilium, 112).

Рысаю сакральнага спеву з’яўляецца таксама тое, што ён узбагачаецца дзякуючы магчымасцям, якія дае арган. Заўсёды арган называлі каралём музычных інструментаў. Бэнэдыкт XVI так гаворыць пра значэнне аргана ў касцёльнай музыцы: «Ён можа перадаць усе тоны стварэння і выклікаць у слухача вышэйшыя пачуцці. Больш за тое, як уся добрая музыка, арган у стане ўзвысіць чалавека над усім, што чалавечае, і дапамагчы ўслухацца ў тое, што Божае. Разнастайнасць і фарбы тонаў, ад самых ціхіх ажно да магутнага fortissimo, вылучае арган сярод усіх інструментаў, дазваляе загучаць усім сферам чалавечай істоты» (13.09.2006 г.). Такім чынам магчымасці, якія мае арган, дапамагаюць слухачам сустрэцца з бязмежным хараством Бога.

Сакральны спеў узвышаецца па-над усімі іншымі відамі мастацтва перадусім дзякуючы таму, што з’яўляецца інтрэгральнай часткай урачыстай літургіі, асабліва цэлебрацыі Эўхарыстыі (пар. ККК, 1156). Ён дапамагае ў перажыванні святой Імшы праз прыгажосць спяванай малітвы, праз стварэнне вернікам магчымасці аднадушнага і чыннага ўдзелу ў цэлебрацыі і праз наданне цэлебрацыі ўрачыстага характару. Святы Аўгустын так апісвае перажыванні, звязаныя з літургіяй, упрыгожанай спевам: «Колькі разоў я плакаў, слухаючы гімны Твае і песні, узрушаны шчаслівым спевам Твайго Касцёла. Гэтыя галасы ўліваліся ў мае вушы, а калі Твая праўда кроплямі сцякала ў сэрца, выпарвалася з яго гарачае пачуццё пабожнай адданасці. З вачэй цяклі слёзы, і добра было мне з імі». Прыгажосць спеву можа шырока адкрываць чалавечую душу на праўды веры, заключаныя ў Святым Пісанні. З гэтага пункту гледжання асаблівае значэнне маюць словы святога Аўгустына: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае». Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 18:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі