Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на закрыццё Міжнароднага фестывалю хрысціянскай музыкі «Магутны Божа» 2007 г. |
Магілёў, 12–21 ліпеня 2007 г. 1. Клопат артыста пра ўласную веру і святасць Адзінаццаць дзён доўжыўся фестываль «Магутны Божа». Напэўна, кожны з удзельнікаў вяртаецца дадому натхнёны на стварэнне новых хароў, падрыхтоўку спеўнікаў ці, прынамсі, на больш плённую працу ў парафіяльных гуртах спевакоў. Кожны думае, што зрабіць, каб павысіць свой прафесійны узровень. У год, прысвечаны асабліваму клопату пра святасць, мы павінны памятаць, што прыгажосць нашага спеву залежыць не толькі ад тэхнікі выканання твораў. Сутнасць заключаецца ў веры таго, хто прысвячае сябе творчасці згодна з вучэннем Касцёла, паказваючы прыгажосць Бога. Святы Аўгустын спазнаў незвычайнае пачуццё, калі ўслухоўваўся ў спеў людзей, якія глыбока верылі ў тое, што было сутнасцю іх песні. Слуга Божы Ян Павел ІІ напісаў: «Тысячы веруючых умацоўвалі сваю веру музыкай, якая сыходзіла з сэрцаў іншых веруючых і станавілася часткаю літургіі, а, прынамсі, вельмі каштоўнаю дапамогаю ў яе годнай цэлебрацыі». Таму ў першую чаргу кожны артыст павінен клапаціцца пра ўласнае асвячэнне, а натхненне на стварэнне новых хароў і клопат пра сваё прафесійнае майстэрства павінны стаяць на другім месцы, таму што святасць адкрывае нам вочы на Божую Любоў. Хто спазнае гэтую Любоў, можа ствараць песні, якія нясуць радасць і веру ў збаўчае дзеянне Бога. Клопат пра ўласнае духоўнае жыццё аберагае артыста ад таго, каб асалода ад працы не засланіла для яго Бога, каб, дбаючы пра рэлігійныя перажыванні іншых, ён сам не забыўся пра Найвышэйшага. Слуга Божы Ян Павел ІІ скіраваў пасланне да ўсіх людзей мастацтва. Гэта пасланне актуальнае таксама і ў наш час і з’яўляецца нашым заданнем: «Звяртаюся да вас, людзі мастацтва ўсяго свету, каб яшчэ раз выказаць вам маю павагу, а таксама каб прычыніцца да наладжвання больш плённага супрацоўніцтва паміж светам мастацтва і Касцёлам. Скіроўваю да вас заклік, каб вы нанава адкрылі глыбокае духоўнае і рэлігійнае вымярэнне мастацтва, якое ва ўсе стагоддзі характарызавала яго самыя высакародныя справы. (...) Звяртаюся асабліва да вас, хрысціянскія артысты; кожнаму з вас я хачу нагадаць, што запавет, які спрадвеку існуе паміж Евангеллем і мастацтвам, (...) звязаны з заклікам да пранікнення творчай інтуіцыяй у глыбіню таямніцы Уцелаўлёнага Бога, а разам з тым у таямніцу чалавека. (...) У Хрысце Бог паяднаў з сабою свет. Усе веруючыя пакліканы даваць сведчанне пра гэта, але гэта вы, якія прысвяцілі жыццё мастацтву, павінны паказваць багаццем свайго генія, што свет адкуплены Хрыстом. (...) Стварэнне чакае аб’яўлення сыноў Божых таксама праз мастацтва і ў мастацтве. Менавіта такое вашае заданне. Успрымаючы творы мастацтва, чалавецтва ўсіх стагоддзяў — таксама і сучаснае — спадзяецца, што дзякуючы ім лепш пазнае свой шлях і прызначэнне» (Ліст да людзей мастацтва, п. 14). Музычнае мастацтва заключаецца ў спалучэнні розных гукаў у гарманічным гучанні. Гэта можа быць вобразам таго, што з’яўляецца заданнем кожнага хрысціяніна. Такое ж самае значэнне мае і музыка ў Касцёле. Мы павінны ствараць супольнасць веры, аб’яднаную праслаўленнем Бога, з якой праменіць узаемная любоў. У адносінах паміж таленавітымі людзьмі не могуць узнікаць сваркі і спрэчкі. Таленты павінны служыць еднасці і ўзаемадапамозе. Божы дар нельга выкарыстоўваць для спрэчак за тое, каму належыць большая пашана і пахвала, бо хтосьці лічыць сябе больш таленавітым за іншых удзельнікаў хора. Музычны талент павінен звяртаць увагу на Нябеснага Даўцу, а не на чалавека, які толькі незаслужана атрымаў гэты дар. Бэнэдыкт ХVІ сказаў, што «вялікія кампазітары праз музыку хацелі па-свойму праслаўляць Бога. Ёган Себасцьян Бах пазначыў многія свае партытуры знакам S.D.G — Soli Deo gloria — хвала аднаму Богу. А Антон Брукнэр назваў свае творы «прысвечанымі Богу» (13.09.2006). Шлях да святасці артыстаў, музыкантаў павінен весці праз глыбокую ўдзячнасць. Адною з найбольш таленавітых асобаў у свеце была Маці Божая. Яе жыццё было напоўнена ўдзячнасцю, пра што сведчыць гімн «Magnificat». Яна змагла заўважыць Божае вяршэ2нства ў гісторыі чалавечай сям’і, гісторыі выбранага народа, а таксама ў гісторыі Яе асабістага жыцця. Давайце паспрабуем, заахвочаныя пры2кладам Марыі, клапаціцца пра асабістую ўдзячнасць Богу. Гэта выразны арыенцір на шляху да святасці для тых, каго Бог адарыў асаблівымі дарамі. Бэнэдыкт ХVІ нагадаў, што Маці Божую «мы называем „Tota pulchra“ („Уся прыгожая“), ідэал прыгажосці, які мастакі заўсёды імкнуліся аднавіць у сваіх творах, гэта „Жанчына, апранутая ў сонца“ (пар. Ап 12, 1), у якой прыгажосць чалавека сустракаецца з прыгажосцю Бога» (22.05.2006). Ва ўсім, што вы ствараеце прыгожаю музыкай, старайцеся перадаць перадусім прыгажосць Бога, а не майстэрства свайго таленту. Амэн. |