Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Казанне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы, транcляванай па радыё з Мінскага архікатэдральнага касцёла 25 снежня 2007 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Каталіцкі Касцёл сёння святкуе ўрачыстасць Божага Нараджэння. У гэты радасны дзень мы сваімі думкамі пераносімся ў Бэтлеем, туды, дзе больш за 2000 гадоў таму нарадзіўся Збаўца. Мы пераносімся туды, каб вызнаць і паглыбіць нашу веру ў тое, што Бог стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

Калі Стары Запавет найчасцей прадстаўляў Бога як нейкага далёкага, суровага і караючага, дык у Новым Запавеце Ён прадстае перад намі як Бог справядлівы, але адначасова міласэрны, які любіць кожнага чалавека, Бог з чалавечым тварам і сэрцам, Бог блізкі кожнаму з нас. Становячыся чалавекам, Бог асвяціў самаго чалавека, быццам бы абагавіў яго. Айцы Касцёла гавораць, што Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам у сэнсе Божай ласкі. Які вялікі дар атрымаў чалавек праз таямніцу Богаўцелаўлення!

Сёння, гледзячы на Дзіцятка Езус, пакладзенае ў яслях, мы пакліканыя сузіраць гэтую таямніцу нашай веры. Таямніцу, бо чыста па-чалавечы нельга зразумець, як Спрадвечны Бог нізвёў Сябе да вымярэння часу? Як Бязмежны абмежаваў Сябе да памераў канкрэтнага месца? Як Нязменны Сваёю сутнасцю прыняў чалавечую прыроду? І сапраўды, благаслаўлёны той, хто шукае адказу на гэтыя пытанні і стараецца ўпадобніцца да Новага Адама – Езуса Хрыста.

Гэта першы ўрок сённяшняга свята.

2. Другі крыецца ў тым, што любоў Бога да чалавека прывяла Яго на гэтую грэшную зямлю, каб яе асвяціць. Любоў бязмежная, любоў аж да праліцця ўласнай крыві, бо галоўны сэнс Богаўцелаўлення – гэта збаўленне чалавека. Гэтая любоў не можа застацца без адказу.

На яе трэба адказаць, бо за дабро заўсёды плаціцца дабром. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы “Бог ёсць любоў” гаворыць, што мерай любові чалавека да Бога і бліжняга павінна быць дарма дараваная любоў Бога да чалавека. Гэтай любові вучыць нас Хрыстус, любоў якога збавіла чалавека і дала яму магчымасць стаць удзельнікам Божага жыцця.

3. І тут мы пераходзім да трэцяга ўроку сённяшняга свята. Мы ўдзельнічаем у Божым жыцці тады, калі Бог родзіцца ў нас Сваёй ласкай. Не дастаткова ведаць і памятаць аб нараджэнні Езуса Хрыста ў Бэтлеемскай гроце дваццаць стагоддзяў таму назад. Трэба, каб Ён сваёю ласкаю нарадзіўся ў нашых сэрцах і душах. Трэба, каб яны сталіся Бэтлеемам XXI стагоддзя. Гэта здзейсніцца тады, калі мы будзем любіць Бога і нашага бліжняга. Любіць Бога азначае жыць паводле Яго запаведзяў і паводле заўсёды жывога і актуальнага духа Евангелля.

Да нараджэння Бога ў нашых сэрцах вядзе нас Касцёл праз чытанне і тлумачэнне Божага слова, удзел у святых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі і споведзі. Таму сённяшняе свята заклікае нас, каб гэтыя пабожныя практыкі сталі нормай нашага жыцця на кожны дзень, а не толькі час ад часу, бо як кожны дзень мы хочам есці, так кожны дзень нам трэба карміцца Божай ласкай, каб дасканаліцца ў нашым жыцці. Не толькі на вялікія святы мы мусім быць у Касцёле, але нам трэба памятаць, што кожная нядзеля – гэта дзень, калі трэба славіць Бога, перш за ўсё праз удзел у св. Імшы. Хворым, якія не могуць прыйсці да Касцёла, ці тым, хто павінен працаваць трэба маліцца дома. Праз такія пабожныя практыкі мы будзем славіць Бога і ўзрастаць у любові да нашага Збаўцы і да людзей, і тым самым будзем станавіцца ўдзельнікамі Божага жыцця. Такім чынам наш кожны дзень будзе днём Божага Нараджэння.

4. Ёсць адна цікавая легенда, якая вельмі добра ўводзіць нас у сапраўдны сэнс Божага Нараджэння. У цёмную, зорную і халодную ноч пастух драмаў каля вогнішча. Непадалёк спалі авечкі і ляжалі сабакі. У пэўны момант пастух пачуў нейкі шум.

Падняў галаву і ўбачыў незнаёмага чалавека, які голымі рукамі набіраў распаленыя вуглі і клаў іх у палу свайго плашча. Здзіўлены тым, што авечкі не спалохаліся прышэльца і сабакі не лаялі, пастух кінуў у гэтага чалавека сваім кіем. Аднак ён праляцеў недзе ўбок, чаго ніколі ў яго жыцці не здаралася раней. Таму пастух здзівіўся яшчэ больш. Што ж гэта такое: авечкі не палохаюцца, сабакі не брэшуць, агонь не пячэ, кій ляціць у іншы бок? Што за загадкавая ноч? Пастух устаў і пайшоў за гэтым чалавекам. Ідучы за ім, ён прыйшоў да гроты, дзе ўбачыў нованароджанае дзіцятка. Зразумеў тады, што прышэлец хацеў яго абагрэць. Хутка зняў свой цёплы кажух і прыкрыў ім дзіця. І тады стаўся цуд: вачыма веры пастух у гэтым дзіцяці разглядзеў Бога.

5. Паважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі, прысутныя тут, у мінскай катэдры, і тыя, хто бярэ ўдзел у гэтай святой Імшы пры дапамозе радыё.

Пойдзем жа пасля гэтай святой Імшы да сваіх бліжніх з такою любоўю, з якой Бог палюбіў нас! Тады сапраўды ў кожным чалавеку ўбачым Бога і Ягоны супакой будзе валадарыць паміж намі, а мы будзем будаваць цывілізацыю жыцця, бо Божае Нараджэнне – гэта перадусім трыумф жыцця.

Са святам, дарагія браты і сёстры! З Божым Нараджэннем!

Ад усяго сэрца віншую католікаў, хрысціян іншых веравызнанняў і ўсіх людзей добрай волі. Віншую нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія незадоўга таксама будуць радавацца святу Нараджэння нашага Збаўцы.

Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю ўсім вам на святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2008 год. Няхай ён стане паўнатой часу, калі Езус нараджецца ў нас сваёю ласкай, а таксама стане часам нашай плённай дзейнасці на хвалу Пана і для нашага збаўлення. Амэн.

Адноўлена 21.07.2009 15:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі