Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы аплаткавага спаткання з касцёльнымі рухамі і малітоўнымі супольнасцямі ў касцёле св. Сымона і Алены г. Мінск, 28 снежня 2007 г.

1. Паважаныя ў нованароджаным Пану браты і сёстры!

Сёння Каталіцкі Касцёл святкуе чацвёрты дзень актавы Божага Нараджэння, свята святых немаўлят мучанікаў.

У Літургічным годзе ёсць дзве найважнейшыя актавы: Змёртвыхпаўстання Пана і Божага Нараджэння. Падчас гэтых актаваў мы асаблівым чынам перажываем як таямніцу Уваскрасення, так і таямніцу Богаўцелаўлення.

Можна з упэўненасцю сказаць, што вернікі Мінска вельмі любяць свята Божага Нараджэння і яго актаву, бо ў нашых касцёлах так шматлюдна. Гэта азначае, што мы адчуваем патрэбу жыць з Богам, адчуваем патрэбу Яго прысутнасці ў нашых сэрцах, ведаем, што без Яго далёка не зойдзем.

2. У сённяшнім першым чытанні св. Ян апостал гаворыць, што Бог ёсць святло, і ў ім няма ніякага ценю. Гэта вельмі важнае сцвярджэнне, бо як святло патрэбна да біялагічнага жыцця, так і Божае святло патрэбна да духоўнага жыцця.

Не хацеў гэтага святла прыняць цар Ірад. Пачуўшы, што нарадзіўся новы габрэйскі Цар, ён спалохаўся, бо баяўся страціць сваю пасаду. І, каб забяспечыць сваю ўладу, ён загадаў забіць усіх маленькіх дзяцей. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае іх як мучанікаў. Яны сталі мучанікамі за Хрыста, яшчэ не пазнаўшы Яго. Яны аддалі сваё жыццё, каб захаваць ЖЫЦЦЁ сапраўднае, жыццё з вялікай літары. Яны прайшлі праз цемру смерці, каб заўсёды свяціла Сонца праўды, якім ёсць Езус Хрыстус.

3. Гэтае сонца свеціць ужо 2000 гадоў, свеціць, каб асвяціць найбольш цёмныя закуткі душы чалавека, каб паказаць яму ягоныя недахопы і грахі.

На жаль, сучасны чалавек не вельмі імкнецца жыць у святле Божым, у святле Евангелля. Ён хутчэй і ахвотней выбірае свой шлях, а не шлях, паказаны Хрыстом. І найчасцей гэты шлях пралягае ў духоўнай цемры. У гэтай цемры жыў Ірад, што прывяло да трагедыі забойства ні ў чым не павінных дзяцей.

Многія нашы сучаснікі, асабліва маладыя людзі, таксама жадаюць жыць у цемры бездухоўнасці, што рана ці позна вядзе іх да жыццёвай трагедыі. Мы ўсе заклапочаныя будучыняй нашага грамадства. Мы з трывогаю пытаемся, якім яно будзе заўтра? Усе загадваюць, якім будзе “год жоўтага пацука” паводле Усходняга каляндра? Тут трэба мець на ўвазе не толькі сацыяльна-палітычна-эканамічную сітуацыю, цэны на газ і нафту, інфляцыю і г.д.

Трэба таксама паглядзець, якім з’яўляецца наша духоўнае жыццё. І тут мы маем вельмі шмат аб чым хвалявацца. Сярод першарадных і набалелых праблемаў – праблемы сям’і і звязаныя з гэтым праблемы дэмаграфіі. Наша грамадства старэе, хоць, дзякуй Богу, здаецца, мы выходзім з дэмаграфічнага крызісу. Аднак колькасць абортаў, як паўсюдна называюць забойства ненароджаных яшчэ дзяцей, — застаецца вельмі вялікай. Можа, мы не ўсведамляем гэтага, але кожны аборт — гэта забіццё жыцця. Нельга гэтую праблему як бы загарнуць у вату, гаворачы, што эмбрыён – гэта не чалавек. Трэба памятаць, што кожны з нас некалі быў эмбрыёнам. І трэба памятаць аб тым, што калі б нашыя маці зрабілі падобнае, што сёння многія робяць, так нас не было бы на свеце. Мы, безумоўна абураныя, пытаемся: Ірад, чаму ты пазабіваў нявінных дзяцей? Што яны такога зрабілі, што ты іх забіў? І ў той жа час сёння ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медычных кабінетах, урачы, якія па абавязку сваёй прафесійнай дзейнасці павінны абараняць жыццё, быццам Ірады

XXI стагоддзя забіваюць ненароджаных дзяцей. Крывавая разня працягваецца.

Сённяшні дзень – гэта таксама дзень малітваў за ненароджаных дзяцей, за тых нявінных, каго рука Ірада ўжо XXI стагоддзя забіла.

4. Гэта ўсё разнавідначці цемры нашага сучаснага жыцця, жыцця без Бога. А жыццё без Бога падобнае да лёсу марнатраўнага сына. Ён ад свайго бацькі атрымаў належную яму частку маёнтку, але, жывучы па-свойму, усё растраціў. Таксама і чалавек атрымлівае ад Бога жыццё ў Божай ласцы. Аднак, калі жыве па-свойму і не слухае Бога, тады хутка растрачвае гэтае Божае жыццё. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас гэтых святаў Божага Нараджэння сказаў, што Еўропа без Бога станецца духоўнай пустыняй. Як мы не хочам, как наша сінявокая Беларусь з яе ўрадлівымі палямі, зялёнымі лугамі і лясамі вырадзілася ў пустыню, таксама мы павінны клапаціцца пра тое, каб духоўны Чарнобыль не знішчыў духоўнага жыцця ў нашай краіне і каб яна не стала духоўнай пустыняй.

5. Адно з найбольш важных і адказных заданняў Касцёла – гэта абвяшчанне Евангелля. Мы добра ведаем, што пасля таго, як Дух Святы зыйшоў на апосталаў, яны, поўныя Ягонай моцы, пайшлі абвяшчаць Добрую Навіну ўсім народам. Гэта таксама заданне для кожнага з нас, не толькі для біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, але таксама для ўсіх вернікаў. Дзякуючы Хросту мы сталі ўдзельнікамі агульнага Хрыстовага святарства і таму мы пакліканыя, каб прымаць актыўны ўдзел у абвяшчэнні Евангелля. Не абавязкова гэта трэба рабіць з амбоны. Молячыся і сведчачы Евангелле можна таксама шмат зрабіць.

6. Да абвяшчэння Евангелля і ўзмацнення веры людзей, пакліканыя таксама розныя рухі і малітоўныя супольнасці. Як Дух Святы 2000 гадоў таму паслаў апосталаў, таксама і сёння Ён пасылае не толькі святароў ці законнікаў і законніц, але пасылае і свецкіх, збіраючы іх у розных рухах і малітоўных групах. Гэта асабліва бачна пасля II Ватыканскага Сабору, які называюць новым сашэсцем Святога Духа, новай Пяцідзесятніцай. Святы Дух кліча выбраных, каб у розных харызмах служылі справе абвяшчэння Евангелля і ўкаранення хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Добра памятаю, калі аднойчы падчас візітацыі ў Вялікім Ноўгарадзе падчас сустрэчы з ружанцовымі коламі, адна маладая дзяўчына сказала: я вельмі шчаслівая, калі адмаўляю таямніцу ружанца, прызначаную мне ў ружанцовым коле, бо ведаю, што ў гэты дзень малюся ў асаблівай інтэнцыі і малюся не адна, а разам з іншымі людзмі. Гэта мяне падтрымлівае на духу, бо супольная малітва заўсёды больш эфектыўная. Такім чынам я адчуваю сябе больш прыналежнай да Касцёла і больш патрэбнай у ім.

7. Асаблівае заданне, якое сёння стаіць перад рухамі і малітоўнымі групамі, – данесці святло Евангелля туды, куды не можа дайсці святар, або куды яму цяжка дайсці. Трэба шукаць тых, хто заблудзіўся, хто адышоў ад Бога, тых, хто сумняваецца. Трэба іх шукаць ўсюды – на працы, у школе, універсітэце, на вуліцы, у наземным і падземным транспарце і г.д. Шукаць, найперш праз прыклад свайго хрысціянскага жыцця. Нездарма лацінская прымаўка гаворыць: verba movunt, exempla tragunt, што азначае: словы пхаюць, а прыклады цягнуць. Калі мы будзем толькі піхаць, напрыклад, аўтамабіль, дык можам запіхаць яго і ў роў. Але як будзем цягнуць, то заўсёды прыцягнем туды, куды хочам. Нездарма трактар цягне, а не піхае.

8. Паважаныя прадстаўнікі розных касцёльных рухаў і малітоўных групаў! Дзякую за вашу працу, за малітву і евангельскае сведчанне. У сціслай еднасці з касцёльнай іерархіяй і пад яе кіраўніцтвам зрабіце ўсё ад вас залежнае, каб марнатраўныя сыны і дочкі нашага часу вярнуліся да Бога; каб чалавек не адгадваў сваю будучыню па Усходнім каляндары, што цяпер вельмі модна, а каб будаваў яе на хрысціянскіх каштоўнасцях; каб Хрыстус, які праз паслугу Касцёла прыходзіць на нашую зямлю, знайшоў на ёй месца; каб Ягонае святло заззяла ў душах людзей і асвяціла найбольш цёмныя закуткі іх душаў і сэрцаў; каб яны праз прызму Евангельскага святла лепш пазнавалі сваё жыццё і, жывучы Евангельскай праўдай, прыйшлі да збаўлення. Амэн.

 

Адноўлена 21.07.2009 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі