Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас малітвы за адзінства хрысціянаў у Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі г. Мінск, 24 студзеня 2008 г.

«Каб усе былі адно» (Ян 17, 21)!

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў!

Божы Провід у чарговы раз дазваляе нам правесці супольную малітву за адзінства хрысціянаў, якога так жадае наш Пан Езус Хрыстус. Гэты Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў — юбілейны, бо праводзіцца ён у соты раз. Менавіта 100 гадоў таму першая такая малітва была праведзена ў Нью-Йорку (ЗША).

Збаўца, ведаючы, што Яго адзіны Касцёл будзе пакутаваць ад унутраных падзелаў, у сваёй Першасвятарскай малітве перад крыжоваю смерцю заклікае да адзінства. Падзел хрысціянаў — гэта балючая рана на містычным Целе нашага Пана, якая крывавіць ужо амаль 1000 гадоў. Гэта ні што іншае як вялікая спакуса для свету, бо хрысціяне, якія прапаведуюць мір і еднасць і заклікаюць да іх, самі з’яўляюцца падзеленымі. Наступствы граху, які прывёў да падзелу, адчуваюцца і сёння, праз дзевяць з паловаю стагоддзяў. Таму наш першачарговы абавязак — зрабіць усё магчымае, каб загаіць гэтую рану.

Сёння перад абліччам выклікаў нашага секулярызаванага свету, які пагражае ўсяму хрысціянству, праблема адзінства хрысціянаў набывае яшчэ адзін выключна важны аспект.

Для таго, каб зразумець яго, неабходна ўважліва ўслухацца ў словы Першасвятарскай малітвы Хрыста: «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і мы адно» (Ян 17, 21–22). «Каб паверыў свет», — заклікае Пан. Такім чынам, вельмі вострая ў цяперашні час праблема веры цесна звязана з праблемай адзінства хрысціянаў.

Менавіта адзінства і супольнае хрысціянскае сведчанне могуць выратаваць свет ад далейшай дэхрысціянізацыі. З аднаго боку, свет захліствае праблема добраахвотнага адмаўлення ад хрысціянскіх каранёў, з якіх вырасла нашая цывілізацыя, з іншага боку, адсюль вынікае неабходнасць абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў — вось што павінна быць у цэнтры ўвагі ўсяго хрысціянскага свету. Перад усімі намі вельмі востра стаіць шэкспіраўскае пытанне: «To be, or not to be» — «Быць ці не быць» хрысціянству?. Усё гэта павінна заахвоціць нас да яшчэ большых сумесных намаганняў у справе дасягнення адзінства хрысціянаў. Мы пакліканыя з усёю адказнасцю разам абараняць хрысціянскія каштоўнасці і быць іх сведкамі. Такім чынам, мы ў пэўным сэнсе «асуджаныя» — не пабаюся гэтага слова — на пошукі збаўчага адзінства.

Юбілейны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў з’яўляецца добраю нагодаю задумацца пра тое, на якім этапе шляху да адзінства, па якім нас вядзе Дух Святы, мы сапраўды знаходзімся. Па-першае, гэта найбольш спрыяльны час для таго, каб дзякаваць Богу за шматлікія плады малітвы за адзінства. У многіх месцах дух варожасці і непаразумення саступіў ці саступае месца ўзаемнай павазе і сяброўству паміж прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій. Без сумніву, вельмі вялікі, неацэнны ўнёсак у гэтую справу зрабіў ІІ Ватыканскі Сабор, назваўшы хрысціянаў, што не належаць да Каталіцкага Касцёла, «братамі ў Пану» (пар. UR 3).

Хрысціяне, якія моляцца за адзінства, таксама нярэдка разам сведчаць пра евангельскія каштоўнасці, абараняюць іх і працуюць поплеч, каб дапамагчы тым, каму патрэбная дапамога.

Супольная малітва і дыялог дапамагаюць будаваць масты ўзаемаразумення і вядуць да поўнага ці частковага вырашэння існуючых праблемаў, у тым ліку і дактрынальных. Прыкладам можа служыць пытанне пра паходжанне Святога Духа — старажытная праблема так званага filioque. У 1996 годзе Ватыкан выдаў дакумент «Грэцкая і лацінская традыцыі пра паходжанне Святога Духа». У Дакуменце падкрэсліваецца, што Святы Дух паходзіць ад Айца, які з’яўляецца спрадвечным пачаткам дзвюх Асобаў Найсвяцейшай Тройцы, адзінай крыніцай і Сына, і Святога Духа. Святы Дух паходзіць толькі ад Айца — першапачаткова, уласна і непасрэдна (пар. http://www.svd.catholic.by/library/filioque.htm). Усё гэта дало новы імпульс развіццю адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і праваслаўем.

Наступным прыкладам можа быць абвешчаная ў 1997 годзе Сумесная каталіцка-лютэранская дэкларацыя адносна вучэння пра апраўданне. У дакуменце сцвярджаецца, што «лютэранскае і рыма-каталіцкае разуменні вучэння пра апраўданне пры ўсіх іх адрозненнях аказваюцца адкрытымі адно для аднаго і не парушаюць згоды па асноўных праўдах» (СКЛДА 40). Гэтая Дэкларацыя стала новым крокам у пераадоленні расколу (пар. СКЛДА 44).

Па-другое, юбілейны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які мы перажываем, — гэта таксама найбольш спрыяльны час для нашага ўнутранага навяртання і малітвы, якія з’яўляюцца душою экуменічнага руху, духоўным экуменізмам, як навучае ІІ Ватыканскі Сабор (пар. UR 8). Усе мы павінны жыць і дзейнічаць у духу малітвы Хрыста за адзінства (пар. Ян 17, 6-24) і закліку апостала Паўла быць у міры паміж сабою (пар. 1 Тэс 5, 13).

Па-трэцяе, гэта час для таго, каб зрабіць рахунак сумлення, бо, нягледзячы на пэўныя дасягненні ў галіне міжхрысціянскага дыялогу, мы ўсё яшчэ падзеленыя шмат у якіх аспектах нашых узаемаадносінаў.

Тут да разбежнасцяў у веравучэнні нярэдка далучаюцца і разыходжанні па пытаннях маральнасці і этыкі, справядлівага спосабу вырашэння канфліктаў, сацыяльнай дактрыны ці сумеснага хрысціянскага сведчання. Такім чынам, унутрана падзеленыя, мы не можам быць знакам і прыладаю адзінства, якога жадае Бог. Гэта дакор усім нам і заклік да навяртання і да малітвы, без якіх нельга сабе ўявіць экуменізм.

Якую ж выснову мы можам зрабіць? З аднаго боку, у нас ёсць усе падставы радавацца ўсяму таму, што на працягу гэтых 100 гадоў Дух Святы здзейсніў у справе станаўлення і развіцця міжхрысціянскага дыялогу і ўзаемнага прымірэння дзякуючы многім пакаленням хрысціянаў, якія прысвяцілі сябе справе хрысціянскага адзінства. З іншага боку, у нас ёсць цалкам абгрунтаваныя прычыны шкадаваць пра тое, што яшчэ шмат праблемаў застаюцца нявырашанымі, прычым па нашай віне. Таму 100-гадовы юбілей экуменічнага руху павінен стаць заклікам да таго, каб больш інтэнсіўна працаваць дзеля адзінства і міру, якіх так жадае Хрыстус. Ён заклікае нас пастаянна і нястомна маліцца ў гэтых інтэнцыях, а таксама справамі і ўсім жыццём Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, да якіх мы належым, сведчыць пра наш намер імкнуцца да адзінства хрысціянаў.

Адным са шляхоў, што вядуць да адзінства, з’яўляецца малітва, чаго жадае сам Хрыстус, які сказаў, што моліцца за ўсіх, хто верыць у Яго, каб яны былі адно (пар. Ян 17, 20). Знамянальна, што заклік Пана да адзінства, скіраваны да Яго вучняў, выказаны не ў форме запаведзі ці патрабавання, а ў форме малітвы. Гэта словы Хрыста, узнесеныя да Яго нябеснага Айца ў ноч перад смерцю на крыжы. Гэта малітва, якая сыходзіць з глыбіні сэрца Збаўцы і з’яўляецца вынікам усёй Ягонай місіі. Ён да канца палюбіў нас (пар. Ян 13, 1) і жадае, каб мераю нашай любові да Бога і бліжняга была Яго любоў да чалавека, — кажа Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 11), — любоў, здольная аднавіць такое жаданае адзінства.

Бог хоча, каб усе жылі ў міры і ўзаемнай згодзе. Гэты мір азначае не толькі адсутнасць вайны ці канфліктаў. Жаданы Богам мір — гэта прымірэнне ўсяго чалавецтва, гэта супакой, які можа даць толькі Бог. Вобразы прарока Ісаі, які гаворыць пра ваўка, які пасвіцца разам з ягнём, пра барса, які ляжыць побач з казлянём, пра цяля, маладога льва і вала, якіх водзіць малое дзіця (пар. Іс 11, 6), даюць уяўленне пра такую гарманічную будучыню, якой усім нам жадае Бог. Паколькі гэты супакой, мір — па-габрэйску, shalom — не можа быць дасягнуты толькі нашымі ўласнымі намаганнямі, мы пакліканыя стаць прыладаю супакою Пана і дасведчанымі дойлідамі прымірэнчай місіі Бога.

Дзейнічаць у адпаведнасц і з Божаю задумаю і маліцца — азначае імкнуцца быць бліжэй да Хрыста. У сувязі з гэтым вельмі яскравае экуменічнае бачанне англійскага кардынала Джона Ньюмэна. Ён прапануе ўявіць конус, на паверхні якога знаходзяцца розныя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, а на вяршыні — Хрыстус. Калі хрысціяне ўсіх Цэркваў і супольнасцяў будуць імкнуцца да Хрыста, такім чынам яны будуць бліжэй адно да аднаго. Усё гэта вядзе нас да вельмі простай і ў той жа час фундаментальнай высновы: калі мы будзем у Хрысце, то ўсе будзем адно.

Таму, браты і сёстры, узнясем нашу малітву да Пана Бога Найвышэйшага. Ойча наш, учыні, каб усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, маглі прыйсці да Цябе і з’яднацца з Табою. Толькі ў Табе мы зможам быць адно. Толькі дзякуючы адзінству і сумеснаму сведчанню ў наш складаны і супярэчлівы час з яго выклікамі секулярызму, маральнага рэлятывізму, рэлігійнай абыякавасці і лібералізму, якія пагражаюць хрысціянству, свет будзе здольны паверыць (пар. Ян 17, 21). Толькі жывучы вераю ў Цябе, адзінага Збаўцу, ён будзе здольны захаваць сваю тоеснасць, не адмаўляючыся ад хрысціянскіх каранёў, і абараніць маральныя каштоўнасці, каб на іх будаваць сваё жыццё на гэтай зямлі і дасягнуць збаўлення. Амэн.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
  1. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра экумэнізм Unitatis redintegratio (UR).
  2. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
  3. Грэцкая і лацінская традыцыі пра сыходжанне Святога Духа (http://www.svd.catholic.by/library/filioque.htm).
  4. Лютэранская Сусветная Федэрацыя, Папская Рада па падтрымцы хрысціянскага адзінства. «Сумесная дэкларацыя па пытанні вучэння пра апраўданне (1997 г.)». Каталіцкая вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў»; Санкт-Пецярбург, 1999 г.
Адноўлена 21.07.2009 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі