Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія мітрапаліта Кандрусевіча на Дзень святасці членаў манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця

Шаноўныя законнікі і законніцы! Сардэчна вітаю ўсіх, хто прыняў нашае запрашэнне прыйсці сёння і далучыцца да гэтай малітвы аб святасці асобаў кансэкраванага жыцця. Так ужо здарылася, што ў дзесяты раз у сваім жыцці я ачольваю гэтую малітву, і ў гэты дзесяты, юбілейны раз, яна адбываецца тут, у Мінску. Свята Маці Божай Грамнічнай, ці свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні, з’яўляецца, паводле рашэння Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ, таксама Днём малітвы аб святасці кансэкраваных асобаў. Як мы чулі ў сённяшнім Евангеллі, Марыя з Юзафам ахвяруюць свайго Першароднага Богу — паводле закона Майсея. Гэтак жа і члены манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ахвяруюць сябе для выключнага служэння Богу і Касцёлу праз евангельскія наказы, а таксама шлюбы беднасці, цэлібату і паслухмянасці.

Шлюб беднасці... Сёння сучаснаму чалавеку — чалавеку ўжо трэцяга тысячагоддзя — гэта вельмі цяжка зразумець. Як хтосьці можа шлюбаваць беднасць? Усе хочуць быць багатымі, усе хочуць мець добрыя дамы, катэджы, ездзіць на добрых машынах, добра апранацца, добра жыць, а тут нехта ім гаворыць пра шлюб беднасці... Аднак жыццё паказвае, што і багатаму чалавеку нялёгка жывецца, і багацце, якое ён мае, не заспакойвае яго душы, не задавольвае самога чалавека. Нездарма некалькі гадоў таму назад па тэлебачанні ішоў фільм «Багатыя таксама плачуць». Плачуць... Бо багацце іх не ўратуе. З іншага боку, Святое Пісанне вучыць, што дзе знаходзіцца твой скарб, там і тваё сэрца. Касцёл хоча, каб праз складанне шлюбу беднасці кансэкраваныя асобы сваё сэрца мелі ў Хрысце і каб на Яго спадзяваліся. Ні ў дабротах, ні ў матэрыяльным багацці — багацці гэтага свету, але ў Пану, у Яго слове, у Езусе Хрысце.

Шлюб цэлібату... Гэта яшчэ цяжэй зразумець сучаснаму чалавеку. Гэты шлюб цяжка зразумець чалавеку нашага часу, які імкнеццца як мага больш мець і як мага больш спажываць. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI назваў сваю першую праграмную энцыкліку «Deus caritas est» — «Бог ёсць любоў». Гэтым самым ён жадаў падкрэсліць, што любоў кіруе светам, што праз любоў мы можам прыйсці да шчасця на гэтай зямлі і да шчасця вечнага.

Памятаю, як на другі ці на трэці дзень пасля выхаду ў свет гэтай энцыклікі адзін журналіст у Маскве патэлефанаваў мне і спытаўся: «Чаму Папа падымае такое складанае пытанне? Я б сказаў, слізкае». Слізкае пытанне для сучаснага свету. Чаму? Нам, хрысціянам, адказаць на гэтае пытанне вельмі лёгка. Нам, хрысціянам, гэта зразумела, бо сёння слова «любоў» сталася нейкім зацёртым, яно здэвальвавалася, найчасцей яго разумеюць толькі як эратычную любоў, якая зваблівае маладога чалавека, абяцае яму ілюзорнае шчасце, якое потым лопаецца, як мыльныя бурбалкі, і ў рэшце рэшт вядзе да ўнутранай духоўнай трагедыі. І мы бачым гэтыя трагедыі вакол нас, бачым мноства такіх трагедый, асабліва сярод моладзі. У той самай энцыкліцы Папа Бэнэдыкт XVI згадвае легенду пра тое, як міфалагічны бог Зеўс стварыў чалавека дасканалаю сфераю, а потым у якасці пакарання за яго пыху, разгневаўшыся, раздзяліў яго на дзве часткі – на мужчыну і жанчыну – і з таго часу яны настойліва шукаюць адно аднаго. Таму, складаючы шлюб цэлібату, законнікі і законніцы прыносяць сябе ў ахвяру, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і Касцёлу. Іх суджаны – гэта Хрыстус.

Шлюб паслухмянасці... Напэўна, адзін з найбольш цяжкіх у сённяшнія часы. У сучасным свеце пануе ідэя аўтаноміі і незалежнасці, кожны хоча быць незалежным ад другога, кожны лічыць сябе гаспадаром свайго лёсу, кожны хоча вызначаць шлях свайго жыцця і не хоча нікога слухацца. Аднак, з іншага боку, мы добра ведаем, што першародны грэх – гэта наступства непаслухмянасці Адама і Евы, якія не пажадалі служыць Богу і слухаць Яго, а паслухаліся злога духа. І гэтая непаслухмянасць, гэты першародны грэх, стаў пачаткам усіх бедаў чалавека. Гісторыя Касцёла вучыць, што менавіта паслухмянасць з’яўляецца яго сілаю. Шлюб паслухмянасці вучыць нас бачыць у волі настаўнікаў нашых супольнасцяў волю самога Бога. Ён таксама выхоўвае тую пакорлівасць, без якой немагчымая добрая арганізацыя жыцця ў кожнай супольнасці.

Дарагія браты і сёстры, законнікі і законніцы! Практыкуючы шлюб беднасці, шлюб цэлібату і шлюб паслухмянасці, молячыся і ідучы за Хрыстом, прыпадабняючыся да Яго і будучы Яго сведкамі, члены манаскіх супольнасцяў удасканальваюцца ў сваім духоўным жыцці і садзейнічаюць пабудове Валадарства Божага на гэтай зямлі. Гэта нялёгкі працэс. Свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні паказвае нам таямніцу Збаўцы, таямніцу Езуса Хрыста, Бога, які стаўся чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення. Ён з’явіўся сярод нас з чалавечым абліччам, з чалавечым сэрцам, каб падзяліць свой лёс з чалавекам, каб адкупіць чалавека. Любоў да чалавека прывяла Бога на зямлю, гэтая любоў падняла Яго на крыж, які стаў Яго тронам – тронам Валадара. Але мы добра ведаем і тое, што не ўсе Яго прынялі, добра ведаем, што Ён не ўсім спадабаўся, што Яго не ўсе любілі. Але пра гэта ўжо было сказана ў Ерузалемскай святыні. Сімяон, як гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі, назваў Хрыста знакам, якому будуць супраціўляцца і які адначасова будзе святлом і хвалою Ізраэля. Законнікі і законніцы ў сучасным свеце таксама вельмі часта з’яўляюцца знакам супраціву, бо разам з відочнаю добразычлівасцю да кансэкраваных асобаў нярэдка можна сустрэць зусім іншыя адносіны да іх. Не заўсёды нас, асабліва законнікаў, можа зразумець сённяшні свет, асабліва свет маладых, не заўсёды прыме, не заўсёды хоча, каб сярод нас былі тыя, хто ходзіць у габітах, бо гэта часам коле ў вочы, бо гэта часам нагадвае тым, хто жыве здалёк ад Бога, каб і яны задумаліся пра сваё жыццё.

Добра памятаю, як на пачатку 90-х гадоў, калі ў Расіі зусім не было ні касцёлаў, ні капліцаў, у Растове ўжо была парафія (сёння там вялікі прыгожы касцёл), і ёсць там, за 25 км ад Растова-на-Доне, такі горад Батайск. У тым Батайску святар пабудаваў капліцу, дзе працавалі таксама тры законніцы, і гэты ж святар прыязджаў, каб цэлебраваць святую Імшу ў іншых месцах. Набліжалася Пасха, і ён дамовіўся з тэатрам, што Пасхальны Трыдуум адбудзецца ў гэтым тэатры. Але ў святара не было машыны, і таму сёстры ўзялі крыж, фігуру Пана Езуса, узялі нейкія іншыя касцёльныя рэчы і прыехалі на аўтобусе ў Растоў. І так сабе ідуць у гэты тэатр. Машыны едуць, хтосьці глядзіць, можа, нехта думае: дзівакі нейкія ідуць... Адзін аўтобус спыніўся, і вадзіцель паклікаў сясцёр, каб падвезці. Яны, задаволеныя, селі ў гэты мікрааўтобус, едуць, а ён іх проста вязе ў праваслаўны сабор. Сёстры кажуць: «Не, не, нам не сюды, нам трэба ў тэатр». Гэты вадзіцель вельмі здзівіўся, затрымаў аўтобус і кажа: «Я думаў, што гэта законніцы, а гэта, аказваецца, пераапранутыя артысткі!» Але як жа гэтаму чалавеку патрэбны былі гэтыя законніцы! Ён хацеў іх бачыць, можа, першы раз у жыцці так блізка, ён хацеў іх падвезці і, можа, праз гэта, нейкім чынам хацеў наблізіцца да Бога. Гэта вельмі-вельмі важна. Нягледзячы на тое, што свет не заўсёды вас прымае, вы павінны заставацца святлом гэтага свету, вы павінны быць соллю зямлі. Сённяшні секулярызаваны свет патрабуе вашага сведчання, ён патрабуе евангельскага радыкалізму, патрабуе солі хрысціянства. Мы добра ведаем, для чаго патрэбна соль… Сёння Еўропа і свет псуюцца маральна, сёння нішчацца і не прымаюцца пад увагу маральныя каштоўнасці — для гэтага патрэбна соль хрысціянства. Сёння вельмі шмат святла вакол нас, але вельмі шмат цемры ў чалавечых душах.

Віншуючы ўсіх вас, дарагія законнікі і законніцы, з вашым святам, я жадаю евангельскай радасці ўсім кансэкраваным асобам, жадаю асаблівага Божага благаслаўлення ў духоўным аднаўленні нашай айчыны. Гэтаксама як запаленыя грамнічныя свечкі, якія вы прынеслі ў гэты невялікі касцёл, у гэтую каплічку, будзьце гэткім жа святлом для сучаснага свету, які часта жыве ў грахоўнай цемры; будзьце той соллю, якая захавае свет ад маральнага распаду і дапаможа яму жыць паводле Евангелля. Будзьце надзеяй гэтага свету, нават наперакор надзеі, як вучыць святы Апостал Павел. Амэн.

Адноўлена 21.07.2009 16:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі