Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фрагменты з гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Папялец 2008 г.

Мінск, 6 лютага 2008 г.

З Папяльцоваю серадою звязана пасыпанне галоваў попелам. Яшчэ ў Старым Запавеце попел быў знакам пакаяння, знакам духоўнага ачышчэння. Мы ўсе добра ведаем, што на гэтай зямлі не маем пастаяннага месца жыхарства, не маем пастаяннага дому. Пра гэта гаворыць і св. апостал Павел, а таксама пацвярджае і нашае штодзённае жыццё. Мы ведаем, што калісьці нашае жыццё на гэтай зямлі скончыцца і нас пакладуць у зямлю, і мы, тыя, якія паўсталі з праху, зноў станем прахам, — як гаворыцца ў сённяшняй літургіі.

Калі мы чуем слова «папялішча», адразу ўяўляем знішчэнне — можа, згарэла хата, вёска ці цэлы горад. У духоўным сэнсе попел з’яўляецца знакам пакаяння, ачышчэння. Старэйшыя людзі, можа, памятаюць, што калі не было мыла, галаву мылі попелам, бо ён таксама мые, ачышчае. Таму ў духоўным сэнсе попел — гэта заклік да пакаяння, да навяртання. Усе мы ведаем, што калісьці зноў станем прахам, попелам.(...) Гэта не павінна нас палохаць. Напамін пра тое, што мы станем прахам, можа дапамагчы нам змяніць сваё жыццё, прыйсці да Бога. (...)

Калі мы чуем сёння словы святара, які, пасыпаючы нашыя галовы попелам, кажа: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», — мы павінны памятаць і пра першыя дні стварэння свету, стварэння чалавека, бо Бог стварыў чалавека з праху, з пылу зямлі, удыхнуў у яго жыццё. Ці Пан Бог не можа і сёння таксама ўдыхнуць жыццё ў гэты прах, у які ператворыцца чалавек напрыканцы свету? Гарантыяй гэтага з’яўляецца Хрыстус, які ўваскрос, які перамог смерць і грэх. І мы ў крэда Каталіцкага Касцёла вызнаем сваю веру ў тое, што паўстанем з памерлых.

Бог зноў з гэтага праху, з гэтага пылу зямлі, у які мы ператворымся, зробіць з нас людзей. Толькі вось якіх? — задаем мы сабе пытанне. Да якога жыцця? Да жыцця ў вечным шчасці ці да жыцця ў вечных пакутах? Гэта залежыць ад таго, як мы пражывем нашае жыццё на гэтай зямлі, што з’яўляецца як бы «стартам» у жыццё вечнае. І таму Касцёлам вызначаны дні і перыяды пакаяння.

Гэты літургічны перыяд, перыяд Вялікага посту, павінен стаць часам нашага навяртання, пакаяння; часам, калі мы яшчэ раз у святле Духа Святога зазірнем у сваё сэрца, у сваю душу, спытаемся ў сябе, якімі хрысціянамі мы з’яўляемся. Ці сапраўднымі — такімі, якія жывуць паводле Божых запаведзяў, паводле Хрыстовага Евангелля, ці такімі, якія жывуць як ім захочацца, па ўсталяваных сабою ж законах?

Для навяртання патрэбна малітва, як вучыць Касцёл, патрэбны пост як устрыманне, а таксама міласціна, учынкі міласэрнасці. Малітва не азначае толькі прачытаць «Ойча наш» ці нейкую іншую малітву, якую мы кожны дзень, можа, чытаем, а, можа, і не памятаем, што кожны дзень трэба маліцца. Падчас Вялікага посту трэба пашырыць нашую малітву, асабліва ў гэтым годзе, які з’яўляецца годам слова Божага як крыніцы надзеі. Я заахвочваю ўсіх зрабіць сёння адпаведную пастанову, напрыклад, кожны дзень чытаць Біблію. Можна зрабіць пастанову падчас посту прачытаць адно з Евангелляў — гэта ўсяго 10–15 хвілін зойме кожны дзень. І тады мы будзем удзельнічаць у паўсюднай малітве Касцёла. Сёння, дзякуючы Богу, маем таксама каталіцкі сайт у інтэрнэце catholic.by, на якім з’явіўся новы раздзел Lectio divina — духоўнае чытанне. Таксама ксяндзы сальватарыяне ў электроннай рассылцы прапануюць усім жадаючым духоўныя разважанні на нядзелі Вялікага посту. Мы павінны актыўна карыстацца тым, што Касцёл нам дае, тым, што мы сёння маем. Не толькі сказаць, што гэта ў нас ёсць, але павінны гэтым жыць, жыць Божым словам і малітвай.

Устрыманне падчас посту не азначае, што мы менш ямо мясных страваў (…), да гэтага неабходна далучыць нешта яшчэ. Варта адмовіцца ад чагосьці, што мы вельмі моцна любім, да чаго занадта прывязаныя. Можа, некаторыя з нас маюць нядобрыя схільнасці, і таму сёння ёсць цудоўная магчымасць зрабіць пастанову, якая дапаможа працаваць над сабой, змяніцца да лепшага. Напрыклад, падчас усяго Вялікага посту цалкам устрымлівацца ад алкаголю ці ад цыгарэтаў. (…) Толькі такі пост сапраўды будзе постам. Недастатова толькі не есці мяса, каб пасля сказаць, што я, маўляў, выканаў пост. Гэта не так. Трэба абмежаваць сябе не толькі ў ежы, але таксама ва ўсіх неўпарадкаваных справах нашага жыцця.

Міласціна. Гэта карытатыўная дзейнасць, гэта ўчынкі міласэрнай любові. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім сёлетнім пасланні на Вялікі пост разважае пра міласціну, раскрываючы значэнне карытатыўнай дзейнасці і заклікаючы вернікаў да ўчынкаў міласэрнай любові. Той, хто не мае дастатковых сродкаў для фінансавай дапамогі, можа падтрымаць бліжняга ў патрэбе іншым чынам: дапамагчы прыбраць у хаце, прывесці ў касцёл, схадзіць па прадукты ці па лекі і гэтак далей. Мы ўсе павінны браць актыўны ўдзел у справах міласэрнасці, да чаго заклікае нас Езус і Касцёл вуснамі Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Калі святар будзе пасыпаць сёння попелам нашыя галовы, кажучы словы: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», мы павінны бачыць у гэтым таксама і нашую надзею на ўваскрасенне. Сёння мы павінны прасіць Бога, каб гэты час стаў часам навяртання, каб мы ўваскрэслі да жыцця вечнага.

У некаторых краінах на Папялец крэсляць попелам знак крыжа на чале верніка. (…) Людзі ходзяць з гэтым крыжам цэлы дзень — ідуць на працу, на вучобу, ходзяць па вуліцы. Гэта — вельмі важны сімвал для кожнага з нас. Крыж — гэта знак цярпення, а таксама знак нашага адкуплення. Бо мы падчас Вялікага посту будзем сузіраць Пана Езуса, які церпіць, які аддаў сваё жыццё за мяне і за цябе, дарагі браце і сястра, і які сёння аддае сваё жыццё за нас, каб мы маглі збавіцца. Прымем жа гэты крыж, крыж навяртання, крыж веры ў Евангелле, крыж жыцця паводле Евангелля (…), каб, калі настане ўрачыстасць Пасхі, мы ўсім сэрцам маглі заспяваць радаснае «Алелюя», а пасля смерці ўвайшлі ў радасць жыцця вечнага.

Адноўлена 21.07.2009 16:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі