Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі Чацвер 20 сакавіка 2008 г.

Умілаваныя ў Хрысце браты ў святарскім служэнні!

1. Сённяшні дзень, Вялікі чацвер, пераносіць нас у ерузалемскую святліцу, туды, дзе падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Гэта святыя сакрамэнты. Эўхарыстыя — цэнтральны сакрамэнт, крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Аднак ён не можа быць здзейснены без удзелу святара. Нездарма па-англійску Вялікі чацвер называюць «Holy Thursday — Святы чацвер». У гэты выключна важны для кожнага з нас дзень мы ў думках пераносімся ў катэдральныя касцёлы ці святыні, дзе атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне і сталі святарамі Новага Запавету. Сёння мы асаблівым чынам дзякуем нашаму Першасвятару Езусу Хрысту за бясцэнны дар паклікання да святарства, які з’яўляецца дарам для кожнага з нас і дарам для Касцёла. Сённяшні дзень — гэта свята святароў, з якім я ад усяго сэрца віншую ўсіх вас і кожнага паасобку.

2. Дарагія браты ў святарстве, ваша самаахвярнае служэнне беларускім вернікам сапраўды з’яўляецца правідэнцыяльным. Без гэтага самаадданага служэння мы не змаглі б зрушыць з мёртвага пункту справу евангелізацыі нашага народа пасля дзесяцігоддзяў яго атэізацыі. Дзякую вам ад усяго сэрца! Дзякую як беларускім святарам, так і тым, якія прыехалі дапамагчы нам з замежжа. З моманту атрымання свабоды веравызнання вы працягваеце аказваць вялікую дапамогу, асабліва ва ўмовах недахопу святароў беларускага паходжання. Я малюся за ўсіх вас, просячы ў Пана Бога шчодрых ласкаў і дароў, неабходных для спаўнення ўскладзенай Божым Провідам на вашыя плечы місіі.

Ваша праца — гэта сапраўднае прысвячэнне. Далёка не ва ўсе святыні прыходзіць шмат вернікаў. Не ўсе парафіі ў стане будаваць, аднаўляць ці ўтрымліваць святыні і годна ўзнагароджваць святароў за самаахвярную працу. З-за недахопу святароў некаторым з іх даводзіцца абслугоўваць па некалькі парафій. Тут, аднак, неабходна ўзгадаць прыпавесць пра згубленую авечку, якую шукае добры пастыр (пар. Мц 18, 10–14) . Такіх згубленых, заблукалых і поўных сумнення душаў у нашай Бацькаўшчыне ўсё яшчэ застаецца шмат, і іх трэба шукаць.

3. Перад сваім унебаўшэсцем Хрыстус наказаў сваім вучням: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19) . Сярод мноства шляхоў і спосабаў таго, якім чынам навучаць, найбольш зручным і даступным з’яўляецца прапаведванне падчас святой Імшы.

Другі Ватыканскі Сабор у дэкрэце Presbyterorum ordinis пра служэнне і жыццё святароў падкрэслівае, што «Народ Божы збіраецца найперш словам Бога Жывога, якога ўсе маюць права чакаць з вуснаў святароў. А паколькі ніхто, хто перш не паверыць, не можа быць збаўлены, то першы абавязак святароў як супрацоўнікаў біскупаў — абвяшчаць усім Евангелле Божае, каб, выконваючы запавет Пана: „Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле“ (Мк 16, 15) , ствараць і выхоўваць Народ Божы» (PO 4) .

Сапраўды, як навучае святы апостал Павел, «вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае» (Рым 10, 17) . Але «як будуць верыць у таго, каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?» (Рым 10, 14) , — усклікае Апостал народаў. Таму святары маюць абавязак перад людзьмі, бо яны пакліканыя абвяшчаць ім праўду Евангелля, якую яны маюць у Пану (пар. PO 4) .

Абвяшчэнне Евангелля — гэта разам з пакліканнем дадзенае нам Збаўцам заданне, якое падчас сённяшняга наступу секулярызацыі становіцца ўсё больш і больш актуальным, бо ў сучасным свеце людзі часта жывуць так, нібы Бог не існуе, ці імкнуцца спіхнуць веру на перыферыю свайго жыцця. Нярэдка веру прадстаўляюць выключна як прыватную справу верніка.

Чалавек жадае быць аўтаномным і незалежным, у тым ліку і ад свайго Творцы. Замест таго, каб усклікнуць разам са святым Міхалам, апекуном нашай архідыяцэзіі: «Хто ж, як не Бог!», чалавек, перапоўнены пыхай і спадзяваннем на ўласныя сілы, на развіццё навукі і тэхнікі, усклікае: «Хто ж, як не чалавек!».

Акрамя гэтага, у выніку пашырэння ідэалогіі маральнага рэлятывізму ўкараняецца тэндэнцыя да стварэння цалкам няправільнага вобразу Езуса. Яго ўсё часцей паказваюць так, як быццам Ён нічога не патрабуе, нікога не дакарае, прымае ўсіх і ўсё, з усімі згаджаецца.

На самай справе, міласэрны Езус адначасова з’яўляецца справядлівым, патрабавальным і аб’ектыўным. Не дзіўна, што сапраўднага Езуса сучасны, схільны да лібералізму чалавек жадае замяніць іншым — менш патрабавальным, здольным на маральныя кампрамісы, які па прыкладзе паўсюдна навязанай «паліткарэктнасці» становіцца, калі так можна сказаць, «духоўна паліткарэктным». Імператыўная мова запаведзяў замяняецца саладжавай мовай паўсюднай талерантнасці, а паняцце граху размываецца рэлятывізмам усёдазволенасці.

Вялікі Дастаеўскі сказаў: «Калі Бога няма, то ўсё дазволена». Калі Бога няма...

Ці гатовыя мы як святары, пакліканыя і пасланыя Хрыстом, настойліва нагадваць сучаснаму чалавеку пра тое, што Бог ёсць? Ці гатовыя мы нястомна абвяшчаць евангельскі радыкалізм? Ці гатовыя мы пераконваць людзей у тым, што дазволена не ўсё? Ці гатовыя мы навучаць іх, што Божы закон дадзены дзеля дабра чалавека? Ці гатовыя мы самі прыкладам свайго святарскага жыцця заўсёды і паўсюль быць святлом свету (пар. Мц 5, 14) і соллю зямлі (пар. Мц 5, 13) ?

Толькі сапраўдны Езус, гэта значыць Езус Евангелля, можа даць поўныя адказы на галоўныя і найбольш актуальныя пытанні нашага жыцця. Каб даць правільны накірунак развіццю чалавецтва, мы павінны вярнуцца да сапраўднага Езуса і менавіта Яго абвяшчаць іншым, — падкрэслівае кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI (пар. WDJCh, s. 6) .

4. Якім жа ў святле пастаўленых перад усімі намі праблемаў павінна быць наша прапаведванне? Чаго чакаюць ад нас людзі? Як вярнуць у супольнасць Касцёла заблукалых авечак? Як абараніцца ад разбуральнай моцы цунамі рэлігійнай абыякавасці, маральнага рэлятывізму, распаду асвячонага Богам інстытуту сям’і, замаху на жыццё слабых і ненароджаных, праблем біяэтыкі і геннай інжынерыі, сацыяльнай несправядлівасці, тэрарызму і іншых небяспечных з’яваў? Неабходна адказаць на гэтыя актуальныя пытанні менавіта цяпер, калі мы перажываем Год Божага слова, якое нам, святарам, трэба абвяшчаць людзям, прычым абвяшчаць так, каб яно было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) , заўсёды памятаючы пра тое, што калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады да нас прамаўляе сам Пан, — як вучыць Другі Ватыканскі Сабор (пар. SC 7) .

Імкнучыся знайсці адказ на гэтыя і падобныя пытанні, нам перадусім неабходна задаць сабе пытанне: якім чынам у наш секулярны час Евангелле можа «прабіцца» ў чалавечае сэрца і застацца ў ім? Якім чынам можна дасягнуць адзінства супольнасці ў Евангеллі не толькі паміж прапаведнікам і Божым народам, але таксама ўсіх людзей з Езусам?

Паводле вучэння Арыстоцеля і святога Тамаша Аквінскага, калі чалавек прыходзіць у свет, яго дух з’яўляецца пэўнаю «чыстаю дошчачкай» — tabula rasa. Менавіта да яе і скіравана наша прапаведванне. Сёння на чалавека навальваецца цэлы шквал інфармацыі, і часам здаецца, што для Евангелля ўжо не засталося месца, ці, у лепшым выпадку, толькі на ўскрайку гэтай дошчачкі. Але Евангелле — гэта не толькі кніга, якая нясе ў сабе шмат вельмі важнай інфармацыі. У першую чаргу — гэта кніга жыцця. Ад таго, як мы абвяшчаем Добрую Навіну, залежыць тое, дзе і як на дошчачцы чалавечай душы яна будзе запісана — у самым цэнтры ці на ўскрайку, вялікімі ці маленькімі, ледзь заўважнымі літарамі, — кажа кардынал Ёзаф Ратцынгер (пар. WDJCh, s. 45-46) . Падобныя пытанні ставіць перад намі, святарамі, евангелізацыя ў эпоху секулярызму.

5. У пошуках адказу неабходна звярнуцца найперш да Настаўніцтва Касцёла. Другі Ватыканскі Сабор падкрэслівае, што ў святле выклікаў сучаснасці прапаведванне не павінна абмяжоўвацца толькі абстрактным пераказам Божага слова, але мусіць дастасоўваць нязменную ісціну Евангелля да канкрэтных абставінаў жыцця (пар. PO 4) . Такім чынам, Сабор патрабуе актуалізацыі прапаведвання, тлумачэння надзённых праблемаў жыцця.

Таксама і Слуга Божы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што прапаведванне павінна адпавядаць патрабаванням вернікаў, развіваць паказаны катэхізацыяй шлях веры і весці яе да адпаведнай мэты (пар. CE 48) . А кардынал Ратцынгер адзначае, што евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем не проста слова, якое вымаўляе чалавек, а слова, якое ўяўляе сабою лад жыцця і нават само жыццё (пар. WDJCh, s. 45) . Таму я настойліва заклікаю вас, браты ў святарстве, імкнуцца да таго, каб нашае абвяшчэнне Евангелля мела моц радаснага прапаведвання слова Божага, якое вызваляе і збаўляе.

Напісанае ў пэўным культурна-гістарычным кантэксце, слова Божае не заўсёды зразумелае сучаснаму чалавеку. У той жа самы час Бог і сёння гаворыць праз сваё слова, якое падчас Літургіі зноў павінна стаць жывым і скіраваным да кожнага канкрэтнага чалавека. Таму запісаны шмат стагоддзяў назад тэкст сёння павінен быць прачытаны ў новай сітуацыі, у адпаведнасці з умовамі жыцця сучаснага чалавека, культуры і выклікаў часу. Гамілія павінна быць як бы працягам біблійных чытанняў з абавязковай іх інтэрпрэтацыяй і актуалізацыяй.

6. Хрысціянства не было б хрысціянствам, калі б не паказвала, як граху супрацьпаставіць цноту. Таму лагічна ўзнікае пытанне: як трэба прапаведваць, каб даць людзям хоць бы каліўца надзеі, якая ім так патрэбная?

Перадусім неабходна прапаведваць на даходлівай і зразумелай сучаснаму чалавеку мове. Неабходна прамаўляць да канкрэтных людзей, а не паверх галоваў. Прамаўляць, самому жывучы тым, што абвяшчаеш, а не займацца дэмагогіяй.

Рыхтуючыся да казання, трэба паставіць перад сабой асноўнае пытанне: што зможа падштурхнуць слухача адысці ад звычак старога грэшнага чалавека і павесці да сустрэчы з жывым Хрыстом? Сучасны чалавек мае патрэбу ў рэальнай сустрэчы з Богам, а не толькі ў паўтарэнні маральнага кодэкса і разнастайных наказаў і забаронаў. Для людзей яны застануцца толькі пустымі фразамі, калі ў іх сэрцах не будзе Бога, да якога яны змогуць іх аднесці і дзеля якога будуць іх захоўваць. Каменныя скрыжалі Божых запаведзяў будуць прынятыя сучасным чалавекам, калі ён убачыць, што іх трымае Хтосьці, хто любіць яго дарэшты.

Вельмі часта сучасны чалавек мае «пенітэнцыярнае», калі так можна выказацца, уяўленне пра Бога, які нібы толькі і чакае моманту, каб пакараць грэшніка. Таму выключна важна паказаць чалавеку сапраўднага Бога: клапатлівага і патрабавальнага, і ў той жа час міласэрнага. Нездарма ў сваёй энцыкліцы Deus caritas est Папа Бэнэдыкт XVI піша, што ў словах з Першага паслання святога Яна Багаслова «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16) адлюстравана сутнасць хрысціянскай веры і вобраз чалавека і яго лёсу, які з яе вынікае (пар. DCE 1).

Казанне павінна быць напоўнена не толькі эмацыянальным прыкладам бацькі, які прымае ў абдымкі марнатраўнага сына (пар. Лк 15, 11–32) , але таксама і матчыным цяплом, якога так не хапае чалавеку.

Заключаная ў Божым слове надзея толькі тады пранікне ў душу чалавека, калі стане часткаю яго жыцця. Чалавеку неабходна паказаць, што Касцёл з’яўляецца жывой і дынамічнай рэальнасцю, гатовай прыняць яго і яму дапамагчы. Нагадваючы пра грэх і віну, неабходна памятаць, што голас сумлення пячэ душу, нібы агонь. Таму разам з полымем рахунку сумлення неабходна прапанаваць і той адзіны сродак, якім можна патушыць пажар у душы — сакрамэнт пакаяння.

У казанні неабходна ўлічваць тое, чым жыве свет і людзі, якія ў іх праблемы, што іх хвалюе. Сёння, у эпоху свабоды слова і высокай адукаванасці насельніцтва, асабліва важна прытрымлівацца строгай логікі высноваў і дакладнасці выказванняў. Неабходна звяртацца асабіста да чалавека, а не да агульнай масы людзей. Казанне павінна кранаць сэрца і пранікаць у яго. Акрамя мудрага сэнсу, яно павінна быць таксама знешне прывабным, бо пакаленне людзей, якім мы прапаведуем, ужо выхавана на тэлебачанні і іншых сродках масавай інфармацыі.

Неабходна таксама памятаць, што сучасны чалавек не верыць у існаванне панацэі — леку ад усіх хваробаў. Менавіта таму вытворцы лекаў асабліва старанна апісваюць іх дзеянне і супрацьпаказанні. Таксама ў казанні лепш прытрымлівацца прынцыпу «высакароднага мінімалізму», а менавіта выбраць адну тэму і адзін прыклад, які людзі будуць памятаць доўга, замест таго, каб чытаць ім лекцыю па тэалогіі.

7. Браты ў святарстве! Пан Бог даверыў у нашыя рукі надзвычай адказную і вельмі няпростую задачу — абвяшчаць Евангелле, каб людзі паверылі і дзякуючы веры прыйшлі да збаўлення.

Вернікі маюць права на такое прапаведванне, якое дасць ім новую надзею, бо, як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы пра хрысціянскую надзею Spe salvi, надзея з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2) . Няхай ускладзеная на нашыя плечы адказнасць заахвоціць нас прапаведваць так, каб Евангелле Хрыста было запісана вялікімі літарамі ў самым цэнтры «чыстай дошчачкі» чалавечага духа, а слова Божае, якое мы абвяшчаем, сапраўды было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) . Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. ІІ Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum Concilium (SC).
  2. ІІ Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэсбітэраў Presbyterorum ordinis (PO).
  3. Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Cathechesi tradendae (CT).
  4. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
  5. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Spe salvi (SS).
  6. Józef Kardynał Ratzinger. W drodze do Jezusa Chrystusa, Kraków 2005 (WDJCh).
Адноўлена 21.07.2009 16:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі