Гамілія арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай Імшы 23.03.2008 |
Сардэчна вітаю ўсіх прысутных у святыні, а таксама ўсіх тых, хто на вуліцы, бо не ўсе могуць змясціцца ўнутры. Вітаю ўсіх тых, хто сёння ва ўрачыстай працэсіі прайшоў па вуліцах нашага горада. Празванілі званы на касцёльных вежах, радасны спеў «аллелюя» гучыць у нашых касцёлах, гучыць і ў нашых сэрцах, бо сёння мы святкуем свята святаў, урачыстасць урачыстасцяў — свята Змёртвыхпаўстання нашага Пана, свята, якое з’яўляецца гарантыяй нашай веры і таксама нашага змёртвыхпаўстання ў канцы часоў. Сёння нашыя касцёлы не могуць змясціць вернікаў. Але сёння, гледзячы на тое, як мы прыходзім у касцёл у іншыя нядзелі, іншыя святы, мы павінны сябе спытацца, ці гэтае свята мы сапраўды перажываем належным чынам — духоўна, унутрана, ці, можа, гэта толькі знешняя праява нашай веры? Як знайсці сапраўдны шлях да Бога, як знайсці сапраўднага Езуса Хрыста, які паўстаў з мёртвых? На гэтае пытанне даюць адказ сённяшнія чытанні. У Евангеллі мы пачулі словы пра тое, як на трэці дзень раніцай, пасля смерці і пахавання Езуса, Марыя Магдалена пайшла да грабніцы нашага Пана. Яна пайшла туды вельмі рана, калі было яшчэ цёмна. Цёмна было не толькі вакол яе, цёмна было таксама ў яе душы, бо Той, хто абяцаў жыццё вечнае, сам ляжыць у цёмнай магіле. Бо Той, хто абяцаў шчасце вечнае, сам прыбіты да крыжа. Бо Той, на каго яны ўскладалі ўсю сваю надзею, здаецца, сам застаўся без надзеі. Здаецца... Марыя Магдалена ідзе і, здзіўленая, бачыць, што камень ад грабніцы адсунуты, яна зазірае ўнутр і не бачыць там Езуса Хрыста. Яна чуе таксама голас памерлага, які гаворыць: «Каго шукаеш? Памерлага? Яго няма тут, Ён паўстаў з памерлых». Цяжка паверыць у гэта, бо хто можа паверыць у тое, што чалавек, які памёр тры дні таму назад, які быў пакладзены ў грабніцу, сёння жывы, сёння яго няма тут? Цяжка ў гэта было паверыць Марыі Магдалене. Яна хутка бяжыць да апосталаў. Яны таксама не вераць і таксама бягуць да гэтай грабніцы. Бяжыць Ян і бяжыць Пётр. Ян — ён малодшы — прыбягае хутчэй, Пётр, старэйшы за яго, прыбягае пазней. Але гэты «малодшы» і «старэйшы» можна таксама зразумець і ў маральным сэнсе. Мы ведаем, што Ян быў любімым вучнем Езуса Хрыста. Менавіта Езус дазволіў яму падчас Апошняй Вячэры пакласці галаву на свае грудзі. Пётр адрокся, тры разы адрокся ад Хрыста і, можа, гэтае сумненне, якое было ў яго душы, не давала яму магчымасці так хутка ісці да грабніцы, як хутка ішоў Ян. Але таксама бачым і яшчэ адзін элемент сённяшняга Евангелля: Ян прыбег першы, але ён не ўваходзіць у грабніцу, ён чакае Пятра. Чаму? Пётр, які адрокся, але потым шкадаваў за свой грэх, гэта Пётр быў пастаўлены каменем, падмуркам, фундаментам Касцёла, і ён павінен як бы паставіць гэтую пячатку ў веры апосталаў, што сапраўды Езус паўстаў з памерлых, што Ён жыве. Цяжка было, можа, паверыць і іншым апосталам. Мы добра ведаем, што калі Пан Езус з’явіўся ў першы дзень пасля свайго ўваскрасення, вечарам, не было сярод апосталаў Тамаша, і пасля гэты апостал сказаў: «Пакуль не ўкладу сваіх пальцаў у Яго раны, я не паверу ў гэта». Пасля аб’яўлення ў Ерузалеме Езус далучаецца да двух вучняў на дарозе ў Эммаус. Яны спачатку не могуць пазнаць Яго і пазнаюць толькі падчас ламання хлеба, а гэта значыць — на Эўхарыстыі. Якімі мы павінны быць, людзі ўжо XXI стагоддзя, калі вельмі цяжка пагадзіць веру з жыццём, веру з навукай, калі так цяжка прыняць праўду пра ўваскрасенне нашага Пана? Каб сапраўды жыць гэтаю праўдаю, трэба ўслухоўвацца ў слова Божае, трэба наследаваць Пятра і Яна. Некаторыя з нас, можа, заўсёды былі вернымі Богу, як святы Ян, а некаторыя, можа, адышлі ад Яго, але трэба памятаць, што Ён нас чакае. Ён чакае кожнага з нас, чакае тут, у касцёле, чакае ў сакрамэнце пакаяння, чакае ў Эўхарыстыі, на гэтым ламанні хлеба, каб мы Яго пазналі, каб мы Яго прынялі да сябе, каб Ім жылі, каб Ён нас уваскрасіў. Нам трэба сёння ісці ў нашую Галілею. Для гэтага не трэба ехаць у Святую Землю, у Палестыну, гэтая Галілея тут, у кожным касцёле, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, дзе цэлебруюцца іншыя сакрамэнты, дзе абвяшчаецца слова Божае, крыніца нашай надзеі. Гэта нашая Галілея ўжо XXI стагоддзя. І сёння таксама да нас праз Марыю Магдалену гаворыць Анёл, гаворыць і Езус: «Скажы Маім вучням, няхай ідуць у Галілею, там сустрэнуць Мяне». Сустрэўшы нашага Пана, уваскрослага Пана, сустрэўшы не толькі знешне, але сустрэўшы ўсім сваім жыццём, сустрэўшы сваёй душою, сваім сэрцам, мы павінны сёння быць сведкамі Уваскрослага. Не толькі на свята, не толькі на Пасху нашыя касцёлы павінны быць поўныя, але ў кожную нядзелю, у кожнае свята, бо кожнае свята і кожная нядзеля — гэта свята Змёртвыхпаўстання. Мы называем нядзелю словам «нядзеля», але ў іншых мовах, напрыклад, у рускай мове, гэта «воскресение» — уваскрасенне. Уваскрасенне каго? Езуса Хрыста. Уваскрасенне нашага Пана, таму кожная нядзеля павінна быць як бы Пасхай, і кожная святая Імша — гэта таксама смерць і ўваскрасенне нашага Пана. Мы павінны быць сведкамі ў сённяшнім секулярызаваным свеце, калі так цяжка верыць у Бога, калі маральны рэлятывізм, які кажа, што ўсё змяняецца ў гэтым свеце, што можа змяняцца і нашая вера, таксама адцягвае нас ад Бога. Мы павінны быць сведкамі, калі справы рэлігійнай паліткарэктнасці вельмі часта ўваходзяць у нашае жыццё: «гэта неяк нядобра сказаць», «бо мая дочка або сын разведзеныя», «сёння ўсе так жывуць...» І шмат іншых справаў у нашым духоўным жыцці, якія не найлепш сведчаць пра нас. Ну, так усе робяць, усе крадуць, усе лаюцца, усе нядобра жывуць, немаральна, такі ўжо свет... Не! Дарагі брат і сястра, ты, які хочаш прыняць у сваё сэрца ўваскрослага Езуса Хрыста, павінен казаць «так» або «не», «белае» або «чорнае», іншага не можа быць, бо да гэтага заклікае нас Хрыстус. Нам трэба таксама ў цяжкасцях нашага жыцця шукаць Бога. У сённяшнім другім чытанні апостал Павел гаворыць: падыміце ваш позірк угору, глядзіце ў неба, не толькі на зямлю!. У нашыя часы мы моцна заклапочаныя нашымі зямнымі справамі: усё даражэе, усё цяжэй становіцца жыць, але не хлебам адзіным жыве чалавек, але таксама Божым словам, таксама жыве духам. Трэба не толькі мець добрае адзенне, добры дом, добрую машыну, не толькі паслаць дзяцей вучыцца ва універсітэт, можа, за мяжу, але таксама трэба клапаціцца пра сваю душу, пра сваё духоўнае жыццё. І таму трэба падняць свае вочы ўгору, да Езуса, да таго, які ўваскрос, які з’яўляецца нашым шляхам да неба, да жыцця вечнага. Ёсць адно прыгожае апавяданне. Адзін чалавек злавіў маладога арла і пасадзіў яго ў клетку з курамі. Арол рос, але ён не бачыў іншых арлоў, ён бачыў толькі курэй, і прызвычаіўся жыць так, як курыца. І вось да гэтага чалавека аднойчы прыходзіць вучоны-заолаг і пытаецца: «Паслухай, а што ў цябе ў гэтай клетцы з курамі робіць арол?» Той адказвае: «А нічога. Гэта ўжо не арол, гэта ўжо курыца». «Як жа курыца? Гэта арол!» «Ну, вазьмі, паглядзі». Той узяў гэтага арла, падняў уверх, казаў: «Ляці!», але той толькі па-курэчы круціў галавою, шукаючы зярняткаў на зямлі. І так паўтаралася некалькі дзён. І вось аднойчы на світанні вучоны ўзяў арла за галаву так, каб промні сонца траплялі яму проста ў вочы. І тады арол расправіў свае крылы і... узляцеў. Узляцеў, каб больш ніколі не вярнуцца, бо яго радзіма, яго айчына — гэта неба. Дарагія браты і сёстры, у сённяшні радасны дзень Пасхі падымем таксама і мы нашыя вочы да Сонца, якое ніколі не заходзіць, да Уваскрослага Пана, які падыме наш дух, які ўзмоцніць нас духоўна, які правядзе нас да новага жыцця па гэтай зямлі, каб мы, жывучы дасканалым жыццём, прыйшлі да вечнага шчасця ў небе. Амэн. *** Сёння мы адзначаем урачыстасць урачыстасцяў — свята Уваскрасення Пана. Магчыма, мы задаем сабе пытанне: чаму Хрыстус уваскрос на трэці дзень, Ён жа мог адразу паўстаць з памерлых, адразу сысці з крыжа, можа, гэта было б нават больш лагічна? Чаму Ён заставаўся ў грабніцы тры дні? Але ці ўсе тыя, хто быў вакол яго — апосталы і вучні — ці былі яны падрыхтаваныя да гэтага? Напэўна, цяжка было б глядзець на Уваскрослага праз слёзы смерці, праз слёзы цярпення. Неабходна было падрыхтавацца да гэтага, даспець. Можа, часта таксама і мы недастаткова сталыя для таго, каб прыняць Хрыста Уваскрослага, можа, нашая вера таксама занадта слабая? Пра гэта сведчаць касцёлы, якія ў іншыя святы запоўнены зусім не так, як сёння. Хрыстус сёння заклікае нас: «Ідзіце ў Галілею». Гэтай Галілеяй з’яўляецца для нас святая Імша, споведзь — сакрамэнт пакаяння; гэтай Галілеяй з’яўляецца Святое Пісанне. Паспяшаемся ж у Галілею, у Галілею ўжо XXI стагоддзя, каб там сустрэць Хрыста Уваскрослага. Паспяшаемся падняць таксама наш позірк угору, да Бога, бо нельга глядзець толькі ўніз. Паспяшаемся таксама прыняць Хрыста, які працягвае сваю руку, які кажа нам: «Не бойцеся, бо Я перамог свет, Я перамог д’ябла, Я перамог грэх!» Свята Пасхі — гэта свята жыцця, бо Хрыстус перамог смерць, свята Пасхі — гэта свята ласкі, бо Хрыстус перамог грэх. Свята Пасхі, свята Уваскрасення — гэта свята супакою. Няхай жа Бог — той, хто аб’явіў сваю моц, Хрыстус Пан, наш адзіны шлях, адзіны Адкупіцель свету ўчора, сёння і навекі, будзе нашай надзеяй на лепшае жыццё на гэтай зямлі, перадусім надзеяй на пераадольванне тых унутраных цяжкасцяў, з якімі мы сустракаемся, духоўных цяжкасцяў, цяжкасцяў вызнавання веры ў нашыя часы, калі, з аднаго боку, маем свабоду вызнавання веры, а з іншага боку, самі адыходзім ад Бога або жывем так, як бы Бога ўвогуле не было, няхай Ён узмоцніць нашыя сілы, каб мы заўсёды і ўсюды вызнавалі Яго імя, каб перад ім схілялася кожнае калена на небе і на зямлі дзеля Божай хвалы і дзеля збаўлення людзей. Амэн.
|
Адноўлена 21.07.2009 16:37 |