Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас працэсіі Божага Цела ў Віцебску, 24 мая 2008 г. |
Умілаваныя браты і сёстры! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў — урачыстасць Божага Цела, або Цела і Крыві Езуса Хрыста, як гучыць яе поўная назва. У гэты незвычайны дзень Езус Хрыстус, які сапраўды прабывае ў святой Эўхарыстыі, выходзіць па-за касёльныя муры і ідзе па вуліцах нашых гарадоў і вёсак, каб прывітаць усіх нас, за каго Ён ахвяраваў на крыжы сваё жыццё. Ён хоча паглядзець на тое, як мы жывем, хоча завітаць у нашыя дамы, школы, універсітэты, на заводы і фабрыкі. Ён хоча прыйсці да нас з дапамогаю і благаславіць нас. Працэсія Божага Цела — гэта адкрытае выяўленне нашай веры ў Эўхарыстыю, якая з’яўляецца хлебам жыцця. 2. Усе мы добра ведаем, што калі ёсць хлеб, то можна не баяцца голаду, а значыць, жыццё будзе працягвацца. Нездарма гаворыцца, што хлеб — усяму галава. Аднак мы добра ведаем і тое, што не хлебам адзіным жыве чалавек, а таксама і словам Божым. Не забываймася, што матэрыяльны дабрабыт, багацце не з’яўляецца стопрацэнтнаю гарантыяй шчаслівага жыцця. Нездарма некалькі гадоў таму ішоў вельмі папулярны тэлесерыял з красамоўнаю назваю «Багатыя таксама плачуць». Гэта азначае, што ў сваім жыцці мы мусім клапаціцца не толькі пра часовыя справы, звязаныя з матэрыяльным дабрабытам нас саміх і нашых блізкіх, але таксама і пра справы духоўныя. Жыць словам Божым азначае жыць паводле Божых запаведзяў, у адпаведнасці з духам Евангелля, што не так ужо проста, бо для гэтага патрэбныя вялікія духоўныя сілы. 3. Менавіта Эўхарыстыя як хлеб жыцця вечнага дае чалавеку гэтыя сілы і, перамяняючы яго, дапамагае яму на жыццёвым шляху. Тры гады таму падчас апошняга Сусветнага Дня моладзі ў Кёльне ў Германіі Папа Бэнэдыкт XVI нагадаў, што, устанаўліваючы Эўхарыстыю напярэдадні сваёй збаўчай мукі, Хрыстус наперад вызначыў сваю крыжовую смерць. Давайце ж паразважаем пра падзеі, якія абдыліся тады ў Вячэрніку. Евангелле гаворыць, што падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі, пераісточваючы хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Можа ўзнікнуцьць пытанне, чаму Езус выбраў менавіта хлеб і віно, каб ператварыць іх ў сваё Цела і Кроў? Можа, гэта было не істотна, і Ён мог выбраць нейкі іншы знак? Каб адказаць на гэтае пытанне, паспрабуем зразумець бліжэй прыгледзецца да хлеба і віна. На Блізкім Усходзе яны здаўна былі асноўнымі прадуктамі харчавання. Людзі спажывалі іх кожны дзень. Таму натуральна, што менавіта яны і былі выбраныя Езусам. Мы кожны дзень ядзім хлеб, але ці памятаем пры гэтым, што ён пячэцца з мукі? А адкуль бярэцца мука? З зерня, якое трэба змалоць у млыне. Зерне жыта мае дасканалую форму, прывабны выгляд, але калі яго не змалоць, яно проста засохне ці згніе. Калі ж яно будзе змолата, то з яго атрымаецца мука, з якой можна спячы хлеб. Змалоць зерне гэта значыць знішчыць яго, перацерці паміж камянямі млына, ператварыць у муку. Але толькі такім чынам можна атрымаць хлеб, які з’яўляецца гарантыяй жыцця, бо менавіта ён насычае, дае сілы і неабходную для жыцця энергію. Падобнае адбываецца і з вінаградам. Прыгожа выглядае вінаградная гронка, але яна не можа доўга захоўвацца ў такім выглядзе. Таму з вінаграду робяць віно, а для гэтага з яго спачатку трэба выціснуць сок. Раней вінаградныя гронкі складалі ў чан і тапталі нагамі, і хоць цяпер гэты працэс амаль паўсюль механізаваны, аднак сутнасць засталася нязменнай: каб выціснуць з вінаграда сок, з якога пазней атрымаецца віно, трэба парасціскаць, знішчыць шмат прыгожых гронак. Таксама і Хрыстус для таго, каб застацца з намі і быць даступным кожнаму чалавеку ў кожным месцы, знішчыў самога сябе на дрэве Крыжа і застаўся ў сакрамэнце Эўхарыстыі, у якім падчас Яго бяскроўнай ахвяры хлеб і віно пераісточваюцца ў Ягоныя Цела і Кроў, каб быць ежаю і напоем жыцця вечнага. 4. Сёння падчас Імшы мы зноў пачуем словы: «Бярыце і ешце: гэта ёсць Цела Маё; бярыце і піце: гэта ёсць келіх Крыві Маёй». Многія з нас так часта іх чуюць, што ведаюць гэтыя словы на памяць. Аднак ці заўсёды мы задумваемся пра тое, што сапраўды адбылося 2000 гадоў таму ў Вячэрніку падчас Апошняй Вячэры і які вялікі дар мы атрымалі ў сакрамэнце Эўхарыстыі? Мы часта шукаем дапамогі, бо не ведаем, як знайсці выйсце з цяжкай сітуацыі, бо адчуваем сябе стомленымі і пазбаўленымі надзеі. Да каго ж мы можам прыйсці ў такім выпадку? Найчасцей шукаем дапамогі ў блізкіх, у старэйшых, у спецыялістаў, у сяброў і гэтак далей. Многія, асабліва моладзь, шукаюць выйсця ў мімалётных сумніўных задавальненнях, наркотыках, алкоголю, варажбе і падобных «рэцэптах лёгкага шчасця». Сучасны свет вабіць маладога чалавека сваім бляскам, абяцае шчасце тут і цяпер, дасягненне дабрабыту і поспехаў, а таксама вырашэнне ўсіх праблемаў. Аднак ужо першы жыццёвы вопыт жорстка пераконвае маладога летуценніка ў тым, што ўсё далёка не так проста і прыгожа. Вельмі часта абяцанае шчасце з’яўляецца ілюзіяй, падманам, і тое, што толькі што пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі, раптам лопаецца, як мыльная бурбалка. Чалавек жа застаецца са сваімі нявырашанымі праблемамі і часам нават у яшчэ горшым стане, чым дагэтуль, калі, напрыклад, трапляе ў пэўную залежнасць. Таму ўзнікае пытанне: ці выкарыстоўваем мы ўсе свае магчымасці, у тым ліку і духоўныя, для дасягнення сапраўднага шчасця? Вядома, што святы Ян Марыя Віяней вельмі доўга заставаўся на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён кленчыў перад Езусам у Эўхарыстыі нават тады, калі ў касцёле ўжо нікога не было. Аднойчы ў яго спыталіся, навошта ён столькі часу прысвячае адарацыі? На гэта арскі пробашч адказаў: «Я размаўляю з Езусам, задаю Яму свае пытанні і чакаю, што Ён мне скажа». А вось яшчэ адна гісторыя, якая адбылася ўжо даволі даўно. У пэўны кляштар зайшоў адзін яшчэ даволі малады святар і папрасіў памаліцца ў кляштарнай капліцы, бо меў яшчэ шмат часу да свайго цягніка. Зразумела, яго пусцілі памаліцца. Ішоў час, а святар не выходзіў. Настаяцельніца кляштара паслала адну з сясцёр, каб тая паглядзела, што здарылася са святаром, ці не стала яму кепска. Сястра ўбачыла святара, які ляжаў крыжам перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Спалоханая, яна вярнулася да настаяцельніцы, аднак тая вырашыла пакуль не турбаваць святара, палічыўшы, што, магчыма, яго трывожаць нейкія праблемы. Між тым набліжаўся час абеду, а святар усё не выходзіў. Настаяцельніца сама пайшла да яго і запрасіла на пасілак. Святар падзякаваў і сказаў: «Дазвольце мне застацца тут, бо мне трэба яшчэ шмат сказаць майму Пану». Гэтым святаром быў Караль Вайтыла, якога сёння ва ўсім свеце ведаюць як Слугу Божага Яна Паўла II. Такім чынам гэты вялікі чалавек, які з’яўляецца адною з найвыдатнейшых асобаў сучаснасці, рыхтаваўся да біскупскай кансэкрацыі. 5. Браты і сёстры! Сённяшняй урачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах Віцебска мы не можам абмежаваць нашую пашану да Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Езус чакае нас: чакае ў Святым Пісанні, чакае ў сакрамэнтах і асаблівым чынам чакае нас у Эўхарыстыі. Ён жадае, каб мы прынялі Яго як Таго, хто можа змяніць нас, а праз нас і нашае жыццё аднавіць аблічча ўсёй зямлі. У другой палове 80-х гадоў ужо мінулага стагоддзя на экраны выйшаў грузінскі фільм «Пакута», у якім апавядалася пра пераслед веры. Напрыканцы фільма ёсць вельмі павучальная сцэна. Старая жанчына ўваходзіць у горад і пытаецца ў маладой, ці тая дарога, па якой яна ідзе, вядзе да святыні. У адказ яна чуе, што гэта не так, бо святыні ўжо няма, таму што яе раззбурылі. На гэта мудрая старая сказала: «Каму патрэбная дарога, якая не вядзе да святыні?». Дарагія браты і сёстры, жыхары прыгожага, старажытнага і заўсёды маладога Віцебска! Сярод дарог вашага жыцця памятайце заўсёды пра дарогу, якая вядзе да касцёла. Тут, у Эўхарыстыі, вас чакае сам Хрыстус, тут б’ецца Яго сэрца, тут Ён вас выслухае, калі ўжо ніхто не хоча слухаць; дапаможа, калі здаецца, што ўжо ніхто не можа дапамагчы, бо Ён наш шлях, праўда і жыццё. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 17:00 |