Гамілія Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Будславе 2008 г. |
Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Я толькі што вярнуўся з Рыма, дзе ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла з рук Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI атрымаў палій Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Палій робіцца з воўны ягнятаў, якіх благаслаўляе Папа ў дзень святой Агніі. Такім чынам, палій, з аднаго боку, сімвалізуе Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету. З іншага боку — гэта сімвал Добрага Пастыра, які шукае авечку, што згубілася, знаходзіць яе, бярэ на свае плечы і вяртае ў статак. Палій — гэта таксама знак еднасці са Святым Пасадам і знак еднасці Мітраполіі. Сёлетняе ўскладанне палія новым мітрапалітам з усяго свету насіла вельмі выразнае экуменічнае вымярэнне. Менавіта, на цырымоніі прысутнічаў Сусветны Патрыярх Барталамей І з Канстанцінопаля. Прысутны быў таксама і адзін з мітрапалітаў Маскоўскага Патрыярхата з Украіны. Вельмі цікавым і незвычайным было тое, што падчас святой Імшы ўскладання палія прагучалі дзве гаміліі. Спачатку прамовіў Патрыярх Барталамей І, які падкрэсліў, што калі святы Пётр першы вызнаў веру ў Боства Езуса Хрыста, то Павел перадаў гэтую веру язычнікам, каб Евангелле Хрыста было вядома ўсім народам. Папа Бэнэдыкт XVI падкрэсліў факт, што і Пётр і Павел, абвяшчаючы Евангелле, прыйшлі ў Рым — сталіцу Імперыі, — дзе пазней аддалі сваё жыццё за Хрыста. Такім чынам, Рым стаў сталіцаю хрысціянства, апосталы Пётр і Павел — крывавым фундаментам Касцёла. Папа заклікаў новых мітрапалітаў узмацніць еднасць з наступнікам святога Пятра і еднасць Мітраполіі, на чале якой яны пастаўлены. Ён таксама прасіў вернікаў сваімі малітвамі падтрымліваць арцыбіскупаў. Папа і Патрыярх разам прачыталі Сімвал веры ўсходняй традыцыі на грэцкай мове. Гэта азначае, што больш не існуе так званая праблема аб паходжанні Духа Святога. Ёсць адна крыніца як Бога Сына, так і Бога Духа — Бог Айцец. Аб гэтым гаварыў яшчэ Папа Ян Павел ІІ. Сёння гэта пацвярджае як Бэнэдыкт XVI, так і Патрыярх Барталамей І. Вельмі вымоўным было благаслаўленне вернікаў Папам і Патрыярхам. Цырымонія ўскладання палія 29 чэрвеня і аўдыенцыя для новапрызначаных мітрапалітаў 30 чэрвеня далі магчымасць перагаварыць з Папам. Папа мяне павіншаваў, пажадаў поспехаў у працы на вельмі важным становішчы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Пры гэтым ён падкрэсліў, што, са словаў Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы кардынала Тарчызіо Бэртонэ, ён бачыць Касцёл на Беларусі як вельмі жывы. Кардынал Бэртонэ вярнуўся з моцнымі ўражаннямі і моцным натхненнем. Я падзякаваў Яго Святасці і сказаў яму, што на ўрачыстасцях у Будславе збіраецца каля 30 тысяч вернікаў. Папа быў пад вялікім уражаннем і прасіў перадаць усім удзельнікам сённяшняй урачыстасці свае віншаванні і благаслаўленне, што я і раблю з вялікай радасцю. Далей я сказаў Папе, што мы чакаем візіту Яго Святасці на Беларусь. Бэнэдыкт XVI сказаў: «Калі Бог дазволіць». «Калі Бог дазволіць…» Мы ўжо доўга чакаем, каб нага наступніка Пятра нашага часу ступіла на нашу зямлю. Чакаем і не можам дачакацца. Сёння мы бачым рэальную перспектыву візіту Папы. Ёсць запрашэнне ўраду. Нам застаецца толькі маліцца, каб візіт гэты мог быць рэалізаваны. Таму заклікаю ўсіх вас: няхай заўсёды ў нашых супольнасцях, сем’ях і ў нашых прыватных малітвах прысутнічае просьба да Бога ў інтэнцыі візіту Папы ў нашу краіну. Гаворачы пра Папу, хачу таксама нагадаць, што падчас аўдыенцыі 30 чэрвеня ён звярнуўся да новых мітрапалітаў на мовах краінаў, якія яны прадстаўлялі. Па-беларуску Бэнэдыкт XVI сказаў: «Звяртаю маё сардэчнае прывітанне да Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і да ўсіх, хто яго суправаджае, з найлепшымі пажаданнямі душпастырскага служэння». Што датычыць апошніх рымскіх урачыстасцяў, трэба нагадаць, што 28 чэрвеня Папа Бэнэдыкт XVI у прысутнасці Патрыярха Барталамея І у базыліцы св. Паўла абвясціў распачацце ў Каталіцкім Касцёле года, прысвечанага гэтаму апосталу народаў. Апостал Павел не бачыў сваімі вачыма Хрыста, аднак менавіта ён стаўся начыннем Божым — тым, які ўсё сваё жыццё прысвяціў абвяшчэнню слова Божага. Тут хацелася б узгадаць словы Хрыста, якія Ён сказаў нявернаму Тамашу: ты паверыў, бо ўбачыў, але благаслаўлёны той, хто не бачыў, але паверыў. Гэтыя словы адносяцца таксама і да Марыі. Успомнім сцэну Звеставання. Арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі, што Яна абраная Богам, каб стаць Маці Збаўцы. Не маючы ніякіх бачных доказаў гэтага, Яна, аднак, згаджаецца і прамаўляе сваё вечна жывое «fiat»: «Няхай мне станецца паводле твайго слова». Марыя верыць і згаджаецца з воляй Божай. Пад Яе сэрцам пачынае біцца сэрца Сына Божага. Больш за тое, Яна, як слуга Пана, становіцца слугою бліжняга. Яна спяшаецца з дапамогай да Альжбеты, якая чакае нараджэння Яна Хрысціцеля. Яна прыходзіць у дом Захарыі і Альжбеты не адна. Яна прыносіць туды Збаўцу і Яго ласку. Ян Хрысціцель вызваляецца ад першароднага граху. «Fiat» Марыі — гэта ключ да пазнання чалавека, яго паклікання і рашэння яго праблемаў. Нездарма Ян Павел ІІ заклікаў: «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту! Бо толькі Ён адзін ведае чалавека, і толькі ў Ім чалавек можа пазнаць самога сябе». А Папа Бэнэдыкт XVI кажа: ачыніце, не бойцеся, Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае. Так, сённяшні секулярызаваны і прагны да матэрыяльнага багацця свет адбірае ў чалавека праўдзівае духоўнае жыццё. Хрыстус яго дае. Дае ў слове Божым, дае ў сакрамэнтах, дае ў служэнні Касцёла. Трэба толькі разам з Марыяй сказаць нашае «так» Богу і Яго волі. Сёння — падчас чарговых урачыстасцяў у 10-ю гадавіну каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі прысутным тут кардыналам Казімірам Свёнткам — мы павінны зрабіць рахунак сумлення і спытаць у сябе: якая мая вера? Гарачы я або халодны? А, можа, я і ні халодны, і ні гарачы? Ці заўсёды прымаю я волю Божую так, як яе прыняла Марыя? Ці бараню я хрысціянскую веру перад выклікамі секулярызму і маральнага рэлятывізму? Сённяшні свет, як кажуць, «зацыклены» толькі на імкненні да матэрыяльнага багацця і да задавальненняў, ён імкнецца ўзяць ад жыцця ўсё магчымае, але ж яно не спрыяе духоўнаму развіццю чалавека, і чалавек усё часцей жыве, як быццам Бога няма. Чалавек самога сябе ставіць на месца Бога. Даверыўшы сябе толькі рацыянальнаму розуму і развіццю тэхнікі, ён адчувае сябе гаспадаром сусвету. Аднак, адмаўляючыся ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, ён, як паказвае гісторыя, будуе, як кажуць, дом на пяску, які не будзе доўга стаяць. Адмаўляючыся ад Божых запаведзяў, касцёльных наказаў мы кажам Богу «не», і ў той жа час спрабуем апраўдвацца, маўляў, сёння іншыя часы, жыццё змяняецца. Гэта праўда — жыццё змяняецца, але ж маральныя нормы не змяняюцца! Таму кожная сужэнская нявернасць, развод, сужэнства без благаслаўлення Касцёла, так званы свабодны і бяспечны секс, падмена сям’і як Богам устаноўленага саюза мужчыны і жанчыны гомасексуальнымі саюзамі, аборты, спробы кланавання чалавечага арганізму, эўтаназія і г. д. — гэта ні што іншае, як «не», сказанае Богу. Гэтае «не» вядзе да катастрофы. Мы перажываем дэмаграфічны крызіс, што негатыўна адбіваецца на справе пакліканняў да святарства і манаства. Гэты крызіс таксама вядзе да таго, што тая самая колькасць працаўнікоў павінна ўтрымліваць большую колькасць пенсіянераў, што ў сваю чаргу вядзе да сацыяльнай напружанасці і спрыяе прыняццю законаў аб эўтаназіі. Наступным вялікім нашым болем з’яўляецца крызіс сям’і. Знаходзячыся ў крызісе, інстытут сям’і не можа гарантаваць наладжанага, заснаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях выхавання моладзі. І тут мы бачым новую праблему: моладзь згубілася ў гэтым свеце, які быццам прапануе лёгкае шчасце, але насамрэч гэтае шчасце з’яўляецца ілюзіяй, што вельмі часта вядзе да новай залежнасці. Але ці сапраўды ўсё так дрэнна? Ці можна ўратавацца ад гэтага? Нам можа здавацца, што «човен» Каталіцкага Касцёла ўжо тоне падчас буры на ўсхваляваным моры XXI стагоддзя. Аднак не трэба баяцца. Трэба даверыцца Хрысту, які ведае, як суцішыць буру. Таму, углядаючыся ў Марыю і разам з Ёю, трэба сказаць сваё «fiat», сваё «так», а Бог будзе ў нашым сэрцы і дапаможа будаваць наш дом на трывалым фундаменце. Падчас святой Імшы ўскладання палія Папа нагадаў пытанне Хрыста, скіраванае да апостала Пятра: «Ці любіш Мяне?» Гэтае пытанне Езус ставіць сёння кожнаму з нас. Ён пытаецца ў мяне, вашага Мітрапаліта. Пытаецца ва ўсіх біскупаў. Пытаецца ў святароў, законнікаў і законніц. Пытаецца ў бацькоў, дзяцей, моладзі. Пытаецца ў нас усіх. Углядаючыся ў аблічча Марыі, прамовім сваё «так», пойдзем да іншых, як пайшла Марыя, бо мы адказныя не толькі за сябе, але і за іншых. Аднойчы ваенны карабль выйшаў у мора, каб ахоўваць дзяржаўную мяжу. Раптам надвор’е зусім сапсавалася. Дзяжурны рапартуе капітану: «Наперадзе святло». «У якім напрамку яно рухаецца?» — «Стаіць на месцы», — адказвае дзяжурны. Капітан разумее, што можа сутыкнуцца з іншым караблём. Дасылае каманду іншаму караблю — «10 румбаў управа». Адтуль прыходзіць адказ: «Гэта вы павярніце ўправа». Капітан ізноў камандуе: «Управа, 10 румбаў управа!» «Не, — прыходзіць адказ, — гэта вы павінны павярнуць». Капітан злуецца і перадае: «Я — капітан ваеннага караблю, вы павінны павярнуць, бо ў іншым выпадку непазбежна сутыкненне». І адразу ж атрымлівае чарговае паведамленне: «А я — маяк». І капітан зразумеў, што наперадзе не карабль, і калі ён сам не паверне, то разаб’ецца аб скалы. Марыя, ужо больш за 400 гадоў прысутная сярод нас у цудоўным будслаўскім абразе, — гэта наш Маяк, які абараняе нас ад небяспекі на бурлівым моры нашага жыцця і паказвае бяспечную дарогу ў нябесны порт. Удзячныя Пятру нашага часу — Папу Бэнэдыкту XVI — за тое, што ён пра нас памятае, за яго пажаданні і благаслаўленне, а таксама спадзеючыся на яго візіт у Беларусь, будзем углядацца ў аблічча Марыі і разам з Ёю прамовім нашае «так» Богу, а з апосталам Пятром будзем паўтараць: «Пане, Ты ведаеш, што мы Цябе любім» — і Ён у сваёй любові прывядзе нас да порту шчасця вечнага. Амэн. |
Адноўлена 21.07.2009 17:24 |