Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова падчас канферэнцыі Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі (Івянец, 18–20 ліпеня 2008 г.) |
Глыбокапаважаная моладзь! 1. «Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (пар. Дз 1, 8). Гэтыя словы дэвізу XXIII Сусветнага дня моладзі заклікаюць нас з усёй сур’ёзнасцю задумацца аб нашым хрысціянскім пакліканні да абвяшчэння Евангелля і да як мага больш актыўнага ўдзелу ў місіі Касцёла. Як дзве тысячы гадоў таму Апосталы са спалоханых галілейскіх рыбакоў ператварыліся ў мужных прапаведнікаў Евангелля (пар. ПXXIII СДМ 3), так і мы не павінны баяцца цяжкасцяў хрысціянскага сведчання ў сучасным свеце і мужна абвяшчаць Добрую Навіну, найперш — прыкладам свайго хрысціянскага жыцця, памятаючы лацінскае прыслоў’е: «Verba movunt, sed exempla trahunt» («Словы пхаюць, а прыклады цягнуць»). Нездарма слова «трактар» паходзіць ад дзеяслова «trahere» — «цягнуць». Калі мы пхаем штосьці, напрыклад, машыну, то можам яе запхаць і ў роў. Але калі, напрыклад, трактар яе цягне, то напэўна зацягне туды, куды трэба. Падобна адбываецца і ў жыцці, з той розніцай, што добрыя прыклады схіляюць нас да добрага, а дрэнныя — да дрэннага. У нашым выпадку гаворка ідзе пра тое, як дапамагчы сучаснаму чалавеку, які жыве ў секулярызаваным свеце, пазнаць Евангелле і жыць паводле яго. Гэта зусім не такая лёгкая, як магло б здавацца, справа, нягледзечы на ўсё новыя магчымасці для яе ажыццяўлення. У пошуках шляху для яе вырашэння трэба найперш выявіць, чым жыве сённяшні чалавек, якія ён мае патрэбы, да чаго імкнецца, на што спадзяецца і чаго шукае, які яго ўнутраны свет і г. д. Карацей кажучы, трэба паставіць дыягназ, каб знайсці адпаведнае лякарства. 2. Найперпш, мы павінны спытацца ў сябе: чым для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, з’яўляецца Біблія? Можа, гэта толькі інфармацыя аб былых, старажытных падзеях? Кніга, якую можна вывучаць з навуковага, гістарычнага ці культурнага пункту гледжання? Ці адна — разам з Традыцыяй — з крыніцаў нашай веры? Сёння можна сустрэць шмат людзей, якія дасканала ведаюць Біблію, вывучаюць яе, праводзяць навуковыя даследаванні ў гэтай сферы, але ў той жа час, на жаль, не з’яўляюцца веруючымі. Святое Пісанне выклікае ў іх толькі навуковы, культурны ці гістарычны інтарэс. Яшчэ вялікі грэцкі філосаф Сакрат казаў, што душа нованароджанага дзіцяці падобная да чыстай дошчачкі. З часам, як дзіця расце, яно пачынае пазнаваць навакольны свет. Гэтым самым паступова запаўняецца гэтая «дошчачка». Чалавек пазнае і Біблію, і аб гэтым таксама робіцца адпаведны запіс на гэтай «дошчачцы». Паўстае, аднак, пытанне: гэтае пазнанне слова Божага з’яўляецца толькі новай інфармацыяй ці знакам веры? Бо калі гэта толькі інфармацыя, можа нават вельмі важная, то прыдзе час, калі з’явіцца новая, больш важная інфармацыя, аб якой усе будуць гаварыць, і інфармацыя біблейская адыдзе ў бок, а потым і зусім будзе забытая. Ёсць адно апавяданне, вельмі карыснае з пункту гледжання духоўнасці. Вандроўны цырк прыехаў у пэўную вёску і каля яе распачаў свае прадстаўленні. Усе людзі, асабліва дзеці, вельмі радаваліся з прычыны гэтай падзеі. Аднак раптам здарылася няшчасце. Калі клоун, ужо ў сцэнічным грыме, збіраўся выйсці на арэну, цырк загарэўся. Дырэктар загадаў клоуну хутчэй бегчы ў суседнюю вёску і прасіць дапамогі ў мясцовых жыхароў, каб патушыць пажар. Клоун пабег так хутка, як толькі мог. На вясковай плошчы ён пачаў гучна расказваць людзям пра пажар і прасіць дапамогі. Людзі, аднак, яму не верылі. Яны толькі смяяліся, кажучы: «Паглядзіце, які добры артыст, як ён добра іграе сваю ролю!» Клоун крычаў: «Мне не да смеху — згарыць цырк і можа згарэць таксама вашая вёска!» Людзі, аднак, не слухаліся яго. Ім было смешна, яны радаваліся. У выніку згарэў цырк, згарэла і вёска... Дарагія маладыя людзі! А як сучасны чалавек прымае слова Божае? Ці яно сапраўды прымаецца намі як слова самога Бога, як слова, якое павінна нас змяніць, як змяніла галілейскіх рыбакоў — так, што яны сталі Апосталамі? Або як яно змяніла мытніка Левія, які стаў Апосталам Мацвеем, ці як змяніла фарысея Саула, які пераследаваў Касцёл і які стаў апосталам Паўлам — выбраным начыннем Хрыста? А, можа, мы яго прымаем падобна таму, як жыхары той вёскі прынялі заклік клоуна дапамагчы гасіць пажар? Кім для сучаснага чалавека з’яўляецца святар, які абвяшчае Божае слова? Ці ўспрымаем мы яго, як таго, праз каго гаворыць той самы Езус, які гаварыў дзве тысячы гадоў таму? А, можа, святар для нас — толькі як нейкі клоун, апрануты ў старамоднае адзенне? Так, напэўна адзін святар прамаўляе лепш, другі — горш. Аднак усе яны, як навучае II Ватыканскі Сабор, прамаўляюць моцаю самога Хрыста, бо праз іх Ён сам прамаўляе. 3. Што перашкаджае сучаснаму чалавеку ў эфектыўным прыняцці слова Божага? На жаль, мы жывем ў свеце невыкананых абяцанняў. Нярэдка мы чуем ад палітыкаў, афіцыйных асобаў, сацыяльных дзеячаў, іншых людзей, таксама веруючых, шматлікія абяцанні, якія потым, на жаль, не выконваюцца. Невыкананне абяцанняў прывяло многіх людзей да таго, што некаторыя страцілі заробак усяго свайго жыцця, іншыя адмаўляюцца ісці на выбары, хоць Касцёл да гэтага заклікае, яшчэ іншыя згубілі веру. Ідэя аб тым, што ў сучасным свеце пра чалавека мяркуюць па ягоным слове, на жаль, больш не з’яўляецца пераканаўчай. У той самы час трэба памятаць, што слова Божае заўсёды жывое і дзейснае, як навучае Павел, Апостал народаў. Яно цалкам іншае, чым слова чалавечае і прынясе свой плён: яно, як дождж, дапамагае, каб вырас добры ураджай; як сейбіт, які ведае, што нейкае зерне не прынясе плёну, бо трапіць у цвердую глебу, паміж цернямі ці яго з’ядуць птушкі, і ўсё роўна сее, бо верыць, што іншыя прынясуць плён — і плён вялікі. Падобна і са словам Божым. Некаторыя людзі не прымаюць яго ў сваё сэрца, і таму яно не прыносіць плёну. Але з упэўненасцю трэба сказаць, што іншыя прымаюць яго ў сваё сэрца і шчодра адказваюць на яго. Тут, аднак, трэба зразумець, што Езус не кажа пра слова, якое дзейнічае па Божай камандзе як быццам па загадзе чарадзейнай палачкі. Ён гаворыць пра эфектыўнасць Божага слова ў кожным з нас. Слова Божае скіравана да нас і дзейнічае праз нас, калі толькі мы адкрываемся на яго і яго прымаем. А як гэта выглядае ў нашым жыцці? Ці слова Божае дзейнічае праз нас? Напэўна, мы б хацелі, каб так было. Але ў той жа час мы ўсведамляем, што не ўсё так проста. Тут трэба звярнуць увагу на некаторыя фактары сучаснай культуры, якія не спрыяюць як прыняццю слова Божага, так і яго абвяшчэнню. Менавіта, звернем увагу на праяўленні нарцысізму, прагматызму, на імкненне да хуткага поспеху, маральны рэлятывізм. Найперш, гэта нарцысізм. Паводле грэцкай міфалогіі некалі жыў вельмі прыгожы малады чалавек, якога звалі Нарцыс. Аднойчы, калі ён пайшоў напіцца вады з ракі, ён убачыў сваё адлюстраванне ў ёй. Ён быў настолькі зачараваны сваёй прыгажосцю, што застыў, нібы прыкаваны да месца, у захапленні ўглядаючыся да свайго адлюстравання ў рацэ, так доўга, пакуль не запусціў карэнне ў зямлю і не ператварыўся ў кветку, якую называем нарцысам. Такім чынам, нарцысізм — гэта празмерная заклапочанасць самім сабою, якая сёння стала ўжо хваробай сучаснай культуры. Людзі імкнуцца жыць прыватным жыццём, ў якім іх асабістыя інтарэсы пераважваюць над усім іншым. Часам яны сапраўды могуць быць вельмі сур’ёзнымі, але вельмі часта празмерна клапоцяцца такімі рэчамі, як дыета, аўтамабіль, адзенне, непатрэбнае ўваходжанне ў даўгі, ежа, нездаровая зацікаўленнасць тым, што робяць суседзі і г. д. Людзі трацяць шмат часу на доўгія і пустыя тэлефонныя размовы, яны гоняцца за якасцю жыцця, поспехамі ў кар’еры, матэрыяльным камфортам, індывідуальнымі дасягненнямі. Сучасны чалавек скіраваны да дасягнення поспеху, багацця, ён жадае добра апранацца, цудоўна выглядаць, цешыцца прэстыжам ці матэрыяльным камфортам, ён імкнецца быць першым. Паглядзім толькі, якая лексіка сёння ва ўжытку: элітнае жыллё, элітны аўтамабіль, элітнае адзенне, элітнае войска і г. д. Усё элітнае... Але ж сучасны свет забываецца пра самога чалавека, што менавіта ён як Божае стварэнне з’яўляецца элітным стварэннем, бо ён — вянец стварэння. Гэтае імкненне да «элітнасці» ўзбуджае чалавека. Яно здольна цалкам яго паглынуць. У святле гэтага нарцысізм — гэта яшчэ і спакуса быць абсалютна заклапочаным толькі самім сабою, не пакідаючы месца бліжняму і слову Божаму. Наступнай праблемай з’яўляецца прагматызм, паводле якога праўда — гэта толькі тое, што эфектыўна і што прыносіць карысць. Мы не можам цярпець таго, што не практычна і не прыносіць карысці. Трэба прызнаць, што менавіта такі прынцып быў выгадны пры будаванні сучаснай тэхналагічнай супольнасці. Паводле прынцыпаў прагматызму чалавек ацэньвае сябе не з пункту гледжання таго, кім ён сапраўды з’яўляецца, але з пункту гледжання таго, што ён робіць, колькі мае на банкаўскім рахунку які ў яго дом, колькі ў яго аўтамабіляў, адзення, на якія курорты ён ездзіць і г. д. Мы адчуваем сябе чагосьці вартымі толькі тады, калі адпавядаем патрабаванням супольнасці. Мы загналі сябе ў пастку пагоні за дасягненнямі, у выніку чаго ў нашым жыцці засталося вельмі мала месца для малітвы і рэфлексіі. Малітва і рэфлексія не вырабляюць нічога, што можна было б змераць канкрэтна. Такім чынам, калі мы замыкаемся ў свеце нашых практычных дасягненняў, чаканне слова Божага можна параўнаць з чаканнем паслання з іншай планеты. Больш за тое, сучасны чалавек імкнецца да неадкладных дасягненняў. Ён не жадае чакаць, але хоча, каб усё адбывалася вельмі хутка. Ён кажа: «Я хачу, каб гэта было зроблена тут і цяпер», або, яшчэ лепш, «каб было зроблена ўчора». Мы развіліся ў культуру, якая дамагаецца хуткасці і спрытнасці, а менавіта — у свет мікрахвалевых печаў, латэрэй і ілюзорных схемаў, як «хутка стаць багатым». Мы павінны атрымаць тое, чаго хочам, і атрымаць, як мага хутчэй. Нам падабаюцца прылады і прыстасаванні, якія дапамагаюць зберагчы час. У многіх краінах сучасны чалавек нават едзе на машыне сто метраў да магазіна, каб зберагчы час. Ідэя пустой страты часу сёння непрымальная. У апошнія дзесяцігоддзі прыстасаванні, якія дамагаюць эканоміць час, пачалі выкарыстоўвацца амаль што паўсюдна, аднак стрэсы чалавек стаў перажываць не радзей, а нават часцей. Сама ідэя беражлівых адносінаў да часу з’яўляецца добрай, калі яна служыць таму, каб мы станавіліся больш гуманнымі ў нашых адносінах з іншымі або калі вызваляе больш часу для ўзбагачэння і крэатыўнасці нашай асобы. Аднак на практыцы ўсё выглядае так, што ідэя зберагання часу становіцца абсалютнай каштоўнасцю і бярэ кантроль над намі. Мы заўсёды і ўсюды спяшаемся, часамі нават не ведаючы добра, чаму. На аўтастрадзе мы не можам знесці, калі хтосьці перашкаджае нам хутка ехаць. Наша культура апладзіруе тым, хто з’есць або вып’е больш, не задумваючыся, якія вынікі ўсё гэта будзе мець для здароўя чалавека. Сучасны чалавек жыве паводле аксіёмы: «Time is money» («Час — гэта грошы»). Аднак у гэтым бясконцым поспеху, на жаль, няма месца для Бога. Наступная праблема нашага часу — гэта маральны рэлятывізм, які становіцца новым вызнаннем веры сучаснага чалавека. У свеце ўсё змяняецца, значыць, могуць змяняцца і маральныя нормы, як сцвярджаюць прыхільнікі маральнага рэлятывізму. Мы, аднак, добра ведаем, што спроба змяніць законы прыроды можа прывесці да касмічнай катастрофы. Змена ці нават падмена маральных законаў ужо прывяла не да адной катастрофы. Гэта, найперш, крызіс сям’і, забойства ненароджанага жыцця, дэмаграфічныя праблемы, эўтаназія і спробы кланавання чалавечага арганізму і г. д. Такім чынам, замест цывілізацыі любові і жыцця ў нашае жыццё закрадаецца цывілізацыя смерці і нянавісці. Як у такіх абставінах сучаснага жыцця і гэтай антыевангельскай культуры, калі людзі так занятыя сабою і сваёй актыўнасцю, слова Божае можа быць эфектыўным і дзейсным? Прыйшоў час, каб з усёй рашучасцю адкінуць ілжывыя пасланні нашай культуры і зірнуць на тое, што сапраўды з’яўляецца жыццядайным. Мы павінны заняцца справай нашай занятасці толькі сваёю асобаю і тэндэнцыямі адмаўлення ад таго, што не нясе практычнай карысці. Трэба з усёю сур’ёзнасцю спытаць сябе, чым для мяне з’яўляецца слова Божае? Прыйшоў час, каб задумацца і ўсвядоміць прысутнасць Бога сярод нас. Нам трэба сустрэцца з Божай моцай у нас саміх і дазволіць ёй аднавіць нашае жыццё, каб мы маглі вызваліць у сабе моц хрысціянскага сведчання і стаць інструментамі місіі. Нам трэба ў абрысах Сіднэйскай оперы ўбачыць біблейскі «край зямлі», шырокія прасторы, на якіх павінна здзейсніцца поўная Божай моцы новая евангелізацыя свету. Усё гэта патрабуе нашых намаганняў і Божай дапамогі. Дапамога ж прыходзіць ад Духа Святога, прыходзіць як моц з вышыні. 4. Калі не заводзяцца машына ці матацыкл, іх проста пхаюць, каб пачаў працаваць матор. Падобна можа адбывацца і з чалавекам. Ён распачынае дзейнічаць, калі хтосьці яму дапаможа, «папхне» яго. Тым, хто гэта чыніць у духоўным сэнсе, з’яўляецца Дух Святы. Ён, калі можна так сказаць, заводзіць матор нашага духоўнага жыцця. Дух Святы завёў духоўны матор Апосталаў, якія чакалі яго спаслання. Прычым, і гэта трэба заўважыць асабліва, Апослалы чакалі спаслання Духа Святога ў малітве. Малітва павінна спадарожнічаць і нам, каб Дух Святы заўсёды быў у нашых сэрцах і душах. Нагадваючы сваім Апосталам пра спасланне Духа Святога, Езус кажа, што свет Яго не прыме. Як трэба разумець гэтыя словы? Пад словам «свет» Хрыстус разумее тых, хто не імкнецца пазнаць Бога і Яго праўду. Калі хтосьці не ведае пра батаніку, то ён нічога не зможа сказаць пра свет раслінаў. Калі мы не ведаем і не імкнемся пазнаць праўды веры, мы не зможам іх прыняць, не зможам прыняць і Духа Святога. Калі мы прымаем Духа Святога і адкрываемся на Яго дзеянне, Ён ажыўляе нашую веру. Наша малітва і ўдзел у сакрамэнтах становяцца штодзённым хлебам, адносіны да бліжніх — праявай сапраўднай любові, а мы самі — сведкамі Евангелля. Напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзяў шмат еўрапейцаў выехалі «за хлебам» у Амерыку. Часам у іх не было грошай на дарогу і на ежу. У тыя часы здарылася пэўная гісторыя. Адна вельмі бедная сям’я — бацькі з сынам — паплыла на караблі ў Злучаные Штаты Амерыкі. Каб не траціць грошай на ежу ў рэстаране, яны ўзялі з сабою шмат хлеба і сыра. З часам хлеб стаўся чорствым, а сыр — запляснелым. Сын ужо больш не мог есці такую ежу і пачаў плакаць. Бацькі далі яму апошнія грошы і паслалі ў рэстаран. Хлопчык пайшоў, паеў, а потым вярнуўся — увесь у слязах. «Што здарылася? — пытаюцца бацькі, — мы аддалі апошнія грошы, каб цябе накарміць, а ты плачаш?» «Плачу, бо абед у рэстаране быў уключаны ў кошт нашага падарожжа, а мы ўвесь час елі толькі хлеб і сыр», — адказаў хлопец. Падобнае нярэдка здараецца і ў нашым жыцці. Многія з нас жывуць без хрысціянскай радасці і энтузіязму, быццам толькі на «хлебе і вадзе», калі могуць жыць сапраўдным Божым жыццём, бо ўсё ўваходзіць «у кошт» нашага быцця хрысціянінам (як гаворыцца на ангельскай мове: «All included»). Сакрэт таго, як жыць Пяцідзесятніцай ці праўдай аб спасланні Духа Святога, — у жаданні ёю жыць. Менавіта жаданне жыць Духам Святым і Яго дарамі з’яўляецца той іскрай, якая здольна нанава завесці заглушаны матор нашага жыцця і вызваліць моц нашага хрысціянскага сведчання, каб мы маглі прыняць самы актыўны ўдзел у місіі абвяшчэння Евангелля. 5. Сучасная культура учыніла так, што людзі сталі як бы «ананімнымі» ў міжасабовых адносінах. На жаль, таксама і хрысціяне не заўсёды прызнаюцца, што з’яўляюцца вучнямі Хрыста: маўчаць там, дзе трэба гаварыць, а можа, нават і крычаць. Адбываецца так, бо людзі адчуваюць недахоп «моцы Духа», якая вызваляе адважнасць сведчання і місіі ў кожным месцы і часе. А свет нас кліча, і кліча найперш праз свае выклікі. Гэтыя выклікі прыспешваюць нас ісці на край свету, ісці туды, дзе мы патрэбны іншаму чалавеку, ісці з духоўнай дапамогай, бо так шмат людзей, якія яшчэ не ведаюць Евангелля або якім патрэбна новая евангелізацыя. Місійны запал прадугледжвае адважнае распазнанне выклікаў сучаснасці і выйсце насустрач ім. А для гэтага патрэбна дапамога — гэтая моц Духа Святога, які вызваляе ў нас адважнасць сведчання. Хрысціянін, які жыве ў святле ласкі і адораны «моцамі» Духа Святога, «не можа не гаварыць таго, што бачыў і чуў», — як казалі ў свой час Апосталы. Зразумела, што з гэтага задання вынікае новае пытанне: адкуль браць сілу і мужнасць, якія давялі б ажно на край свету? Іх дае нам упэўненасць у тым, што я — вучань Хрыста, які паддаецца кіраўніцтву Духа Святога. Для гэтага нам трэба клапаціцца пра тое, каб мы заўсёды былі гатовыя паддавацца кіраўніцтву Духа Святога. Нялёгкая гэта справа, бо заўсёды існуе спакуса сказаць, маўляў, я сам разумны і вопытны, і лепш ведаю, што трэба рабіць. Каб Дух Святы сапраўды дзейнічаў у нас, нам трэба з ім супрацоўнічаць, адкрывацца на Яго. Як сонца свеціць для ўсіх, але не ва ўсіх дамах светла, бо завешаныя заслоны, так і Дух Святы не будзе дзейнічаць у нас, калі мы не адкрыемся на Яго, калі не ўпусцім Яго ў свае сэрцы. Нездарма св. Аўгустын сказаў: «Стварыў Ты мяне Божа без мяне, але збавіць мяне без мяне самога Ты не зможаш». Бог працягвае нам сваю руку дапамогі, нам толькі трэба ўхапіцца за яе. Бог, ушаноўваючы нашую свабодную волю, прапануе дапамогу, і ад нас залежыць, прымем мы яе ці не. У мінулым годзе свет урачыста адзначаў 90-годдзе фацімскіх аб’яўленняў. У 1917 г., калі атэізм набліжаўся на Усход, Божая Маці ў Фаціме перасцерагалага аб нябеспеках, заклікаючы пры гэтым да малітвы і пакаяння. Людзі не паслухаліся, і распачаўся пераслед веры. Сёння, у новых абставінах рэлігійнай свабоды, мы павінны памятаць пра тое, што гэтая свабода — гэта не толькі дар, але і заданне. Заданне, асабліва ў часы секулярызму і маральнага рэлятывізму. Мы не маем права сёння паўтараць памылак мінулага. Не маем права другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі. І калі станеца штосьці непрыемнае, калі здарыцца бяда, не трэба абвінавачваць Бога, але трэба паглядзець на свае ўчынкі. 6. Кажучы пра місійную дзейснасць, трэба запытацца таксама, што азначаюць межы зямлі, да якіх Бог пасылае нас. Ці пад імі трэба разумець толькі народы, якім яшчэ не было абвешчана Евангелле? Не толькі. Місійнасць належыць да прыроды Касцёла. Місіі патрэбныя і ў краінах, дзе Евангелле было абвешчана многа вякоў таму. Патрэбныя ў краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй і дзе, на жаль, пра яго забыліся, дзе грамадства паддалося працэсу дэхрысціянізацыі. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II вельмі настойліва заклікаў да новай евангелізацыі. Такім чынам, місіі патрэбныя ўсюды, распачынаючы ад месцаў, дзе Евангелле яшчэ не было абвешчана, праз кантыненты і краіны, дзе яно мае багатую гісторыю і дзе пра яго ўжо крыху забыліся. Місіі патрэбныя усюды — ад межаў зямлі ажно да межаў нашых сэрцаў. Сапраўды, іх нават не трэба моцна шукаць. Яны паўсюды і яны самі нас клічуць. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падказвае нам вельмі важную думку, кажучы, што «вялікая колькасць маладых людзей з трывогаю глядзіць на сваё жыццё, задае шмат пытанняў адносна сваёй будучыні. Яны з заклапочанасцю пытаюцца, як жыць у свеце, поўным вялікай несправядлівасці? Як рэагаваць на эгаізм і насілле, якія, здаецца, часам пераважаюць. Як надаць сапраўдны сэнс свайму жыццю? Як зрабіць так, каб плады Духа Святога — любоў, радасць, супакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць, — напоўнілі гэты паранены і кволы свет, а перад усім — свет моладзі? Пры якіх умовах жыццядайны Дух першага стварэння, а асабліва другога стварэння, або адкуплення, можа стаць душою новага чалавецтва?» (ПXXIII СДМ 7). Кажучы коратка, перад намі стаіць заданне: як абвяшчаць Хрыста і Яго Евангелле ў сучасным свеце? Як вызваліць дрымотныя моцы нашага сэрца? Як быць сапраўдным сведкам Евангелля ажно да межаў свету? Адказ на гэтыя і падобныя пытанні дае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Ён прыпамінае, што толькі Езус здольны заспакоіць усе імкненні і жаданні чалавечага сэрца; толькі Ён у стане зрабіць чалавецтва гуманным і прывесці яго да сваёй «боскасці» (пар. ПXXIII СДМ 7), як быццам «абагавіць» яго. Богаўцелаўленне, калі Бог з’явіўся ў гэтым свеце з чалавечым тварам і чалавечым сэрцам, з’яўляецца таямніцай «абагаўлення» чалавека. І да гэтага «абагаўлення» вядзе толькі Езус. Тут дарэчы нагадаць, што Папа Ян Павел II, распачынаючы свой пантыфікат, заклікаў людзей адчыніць свае сэрцы на Езуса, бо толькі ў Ім чалавек можа да канца пазнаць сябе самога. Бэнэдыкт XVI, працягваючы думку свайго вялікага папярэдніка, таксама заклікаў не баяцца адчыніць дверы Хрысту, бо Ён нічога не забірае, а толькі дае. Адкрыцца на Езуса і Яго Евангелле дапамагае жыццядайны Дух Святы. Моцаю Духа Святога Езус улівае ў нашыя сэрцы Боскую любоў, якая чыніць нас здольнымі любіць бліжняга і служыць яму. Ён прасвятлае нас і паказвае дарогу, як стаць больш падобнымі да Яго. Ён вучыць, што служэнне Евангеллю — гэта не факультатыўная магчымасць, але неабходнасць перадаць іншым Добрую Навіну. Для гэтага мы можам стаць сведкамі Хрыста толькі тады, калі даручым сябе кіраўніцтву Духа Святога, які, па словах Паўла VI, з’яўляецца «галоўнай дзеючай сілай евангелізацыі», а па словах Яна Паўла II — «асноўнай дзеючай Асобай місіі» (RM 21). Таму сёння патрэбныя людзі, якія не шкадавалі б часу і сілаў для служэння Евангеллю, якія згадзіліся б палаць любоўю Божаю і шчодра адказвалі б на прыспешваючы заклік Евангелля, як у гісторыі хрысціянства гэта зрабілі многія святыя (пар. ПXXIII СДМ 7). 7. Дарагая моладзь! Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння ўглядаецца ў вас з надзеяй і спадзяецца, што менавіта вы будзеце сучаснымі місіянерамі як у нашай айчыне, якой пасля многіх гадоў атэізацыі патрэбна новая евангелізацыя ці рэевангелізацыя, так і за яе межамі — праз асабістую евангельскую працу або праз малітву. Для гэтага найперш будзьце заўсёду і ўсюды вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, абяцанням сакрамэнту хросту і канфірмацыі. Не будзьце толькі намінальнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам яднае толькі пасведчанне аб хросце, але сапраўднымі, якія сваім жыццём гэта пацвярджаюць. Для гэтага трэба карміцца Эўхарыстыяй, якая будучы крыніцай і вяршынай касцёльнага жыцця, з’яўляецца таксама і няспыннай Пяцідзесятніцай. Кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы, мы прымаем Духа Святога, які глыбей яднае нас з Хрыстом і ператварае ў Яго, каб мы былі поўнымі місіянерскага запалу сведкамі ўваскрослага Хрыста (пар. ПXXIII СДМ 6). Аднойчы падчас катэхізацыі адна сястра законная спыталася вучняў, якая частка Імшы з’яўляецца самай важнай. Хтосьці адказаў: найважнейшай часткай святой Імшы з’яўляецца разасланне вернікаў, калі святар кажа: «Ідзіце ў супакоі Хрыста». Усе засмяяліся, думаючы, што гэты хлопчык звычайна радуецца таму, што нарэшце завяршылася святая Імша і можна ісці дадому. Хлопчык, аднак, паясніў свой адказ наступным чынам: галоўная мэта Эўхарыстыі — накарміць чалавека словам Божым, Яго Целам і Крывёю, каб ён меў дастаткова сілы быць сведкам Храста і рэалізоўваць Валадарства Божае на зямлі; Эўхарыстыя не завяршаецца рассыланнем вернікаў — працягваў хлопец, — у пэўным сэнсе яна менавіта тады распачынаецца, бо пасылае абвяшчаць Евангелле, як гэта чынілі Апосталы. Таму, як крыніца і вяршыня касцёльнага жыцця, Эўхарыстыя з’яўляецца таксама крыніцай і вяршынай місіі Касцёла. Прафесар аднаго з універсітэтаў спытаўся студэнтаў, у чым яны бачаць сэнс свайго жыцця. Адказы былі розныя. Хтосьці марыў пра кар’еру вучонага, іншы — пра кар’еру на вытворчасці, хтосьці іншы думаў пра сям’ю і выхаванне дзяцей і г. д. Потым студэнты спыталіся прафесара, ў чым ён бачыць сэнс свайго жыцця. Перад тым, як адказаць, ён выняў з кішэні маленькае круглае люстэрка і расказаў, што, калі быў яшчэ малым дзіцём, знайшоў яго падчас вайны каля разбітага ваеннага матацыкла. Ён абтачыў яго аб камень, каб было круглае. Потым пачаў з ім гуляць, пасылаючы сонечныя зайчыкі. З часам ён заўважыў, што з дапамогай гэтага люстэрка ён можа паслаць сонечны свет у тое месца, дзе ён сам ніколі не даходзіць. «Дык вось, — працягваў прафесар, — мэтай майго жыцця ёсць данесці святло праўды туды, дзе яно не даходзіць». На ўсіх хрысціянаў, асабліва на вас, маладыя людзі, ускладзена асаблівая місія — быць місіянерамі і данесці свет Евангелля ў самыя цёмныя закуткі сучаснага свету. Няхай у яе спаўненні дапамагае вам Марыя — Маці Місіі, якая з натхнення Духа Святога прыняла слова Божае і згадзілася з Яго воляй, а потым пад сваім сэрцам занесла ў дом Захарыі і Альжбеты Езуса і Ягоную ласку. Прыміце і вы моц Духа Святога. Дазвольце яму дзейнічаць у вас і праз вас, каб вы маглі занесці Евангелле Хрыста ў гэты секулярызаваны свет. Няхай праз вас і вашых равеснікаў настане ў нашай краіне і ўсім свеце новая Пяцідзесятніца, новае спасланне Духа Святога, які, аднаўляючы нас духоўна, аднавіць і аблічча нашай зямлі. Амэн. Выкарыстаная літаратура і скарачэнні: 1. Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evangelii nuntiandi» (EN). 2. Ян Павел II. Энцыкліка «Redemptoris missio» (RM). 3. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на XXIII Сусветны дзень моладзі (ПXXIII СДМ). |
Адноўлена 21.07.2009 17:28 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.